Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Кажуць, за савецкім часам „вячоркі“ зьніклі. А мы адновім!»


Віцебская моладзь вырашыла, што беларускі народны звычай зьбірацца на вячоркі — гэта якраз тое, чаго бракуе сучасным хлопцам і дзяўчатам.

Сябры Студэнцкага этнаграфічнага таварыства «Поўнач» паспрабавалі аднавіць традыцыю і запрасілі праз сацыяльныя сеткі ўсіх ахвотных. Сабралася ня толькі моладзь, але й людзі старэйшага веку, нехта прывёў з сабой дзяцей — і першыя віцебскія вячоркі XXI стагодзьдзя атрымаліся вясёлыя.

Традыцыя вячорак — гэта даўняя вясковая завядзёнка зьбірацца халоднымі вечарамі ў нейкай хаце, і такім чынам хлопцы ды дзяўчаты мелі магчымасьць бліжэй пазнаёміцца. Адбывалася ўсё пад наглядам дарослых, і падставовай прычынай для збору была праца — жынчыны і дзяўчаты разам нешта шылі або вышывалі. Нявесты рыхтавалі сабе пасаг, а кабеты перадавалі карысны досьвед...

Ідэя зладзіць вячоркі ў сучасным горадзе таксама нарадзілася на падобнай глебе. Спачатку зьявіўся праект «Шыем строй разам» — ініцыятыва мясцовых дзяўчат, якія вырашылі ўласнымі рукамі пашыць сабе строі — андаракі, спадніцы і, канечне ж, кашулі-вышыванкі. Але штовечар на самоце лічыць крыжыкі на вышываных узорах неяк сумнавата, гаворыць Стася Цярэнцьева, удзельніца Студэнцкага этнаграфічнага таварыства «Поўнач»:

«У нас ужо месяц працуе такі гурток — „Шыем строй разам“. Зараз вельмі папулярная тэма вышыванак, дзяўчаты нашы таксама захацелі мець беларускія строі, выглядяць сапраўднымі беларусамі. Пачалі шыць — і мы імкнёмся рабіць гэта паводле ўсіх правілаў... Мы працавалі, а потым вырашылі, што можам і адпачываць разам. Была ж такая старадаўняя традыцыя вячорак, калі дзяўчаты працавалі разам, а потым гулялі — частаваліся, сьпявалі, танчылі... І мы вырашылі аднавіць гэты звычай».

«Вячоркі па-віцебску» атрымаліся адмысловыя: дзяўчаты вырашалі, што на самых першых вячорках працаваць ня будуць увогуле — толькі адпачываць. Можа, гэта ў чымсьці не адпавядае этнакультурным канонам, але галоўная мэта віцебскай моладзі ўвогуле іншая, працягвае Стася Цярэнцьева:

«Яшчэ ў Вялікай Савецкай энцыклапэдыі было напісана, што вячоркі ўжо ня ладзяцца. Так што мы іх аднаўляем, выкарыстоўваем магчымасьць быць носьбітамі гэтай беларускай традыцыі. У рэшце рэшт, вячоркі й не на тое, каб там працаваць! Працавалі беларусы й так шмат. Але ў гэтыя вечары дзяўчаты запрашалі хлопцаў, а дзе хлопцы — то якая ўжо там праца! Усе сьпявалі, танчылі, гулялі. І мы запрашаем усіх, каго цікавіць гэтая традыцыя, аднаўляць яе разам!»

На першыя вячоркі запрашалі праз сацыяльныя сеткі, таму сабраліся і знаёмыя, і не знаёмыя паміж сабой дзяўчаты. Прынесьлі хатніх прысмакаў — пірагі, печыва, гарбату, на стале былі нават самаробны хлеб і кава з жалудоў. Для большай утульнасьці выключылі электрычнае сьвятло і запалілі сьвечкі.

Каб на вячорках яшчэ й вышываць або шыць, дык яны былі б зусім іншыя, лічыць адна з удзельніц, Марына:

Нам бы яшчэ хлопцаў паболей, каб актыўней да нас далучаліся!

«Мы сабраліся тут як моладзевая „тусоўка“ — пабачыцца адно з адным, паразмаўляць, паесьці смачненькага, пасьпяваць. Вось прыйшлі трое незнаёмых дзяўчат. Мы зь імі пасябравалі, разам сьпявалі, сьмяяліся, жартавалі, танчылі... Нам бы яшчэ хлопцаў паболей, каб актыўней да нас далучаліся! А каб мы тут працавалі, вязалі або вышывалі, то і абстаноўка тут была б больш спакойная, павольная. Не — мы сабраліся весяліцца! І трэба зьбірацца так хаця б штомесяц. Каб адрывацца — па-нашаму, па-народнаму!»

Разам зь дзяўчатамі і хлопцамі ў коле скакалі і малыя, што прыйшлі з бацькамі, і некалькі кабет сталага веку. Адна зь іх прыканцы нават расчулілася:

«Вольнага часу на такое не шкада! Вялікі дзякуй за ўсё, што тут было: мы і сьпявалі, і скакалі! І тут усё прасякнута такой шчырай любоўю да беларушчыны! Абавязкова будзем старацца прыходзіць яшчэ!»

Удзельнікі Студэнцкага этнаграфічнага таварыства «Поўнач» зусім і ня супраць, калі прыходзяць госьці. Віцебская моладзь зладзіла ўжо шмат розных праектаў — гэта і «Забаўлянкі для Янкі», своеасаблівы курс заняткаў для маладых бацькоў з малымі дзецьмі, і арганізацыя народных сьвятаў, і фальклорныя экспэдыцыі, падчас якіх запісваюць аўтэнтычныя сьпевы, а потым выконваюць іх разам з музычным гуртом «Паўночная Сухадроўка».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG