Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трусаў: Казкі, што мова павінна быць па-за палітыкай, – гэта казкі нашых ворагаў


Алег Трусаў падчас зьезду ТБМ

Алег Трусаў падчас зьезду ТБМ

Дэлегаты ХІІ зьезду Таварыства беларускай мовы пераабралі старшынём гісторыка і грамадзкага дзеяча Алега Трусава, які кіруе ТБМ апошнія 15 гадоў. Радыё Свабода паразмаўляла са спадаром Трусавым пра вынікі зьезду і далейшыя пляны ТБМ.

– Як вы ацэньваеце вынікі ХІІ зьезду Таварыства беларускай мовы, што прайшоў у Менску?

– Лепей, чым я думаў. Таму што сытуацыя ў краіне вельмі няпэўная, людзі стаміліся, пытаньне мовы вельмі палітызаванае. Вельмі няпроста рабіць моўныя справы і быць па-за палітыкай. Бо ўсе гэтыя казкі, што мова павінна быць па-за палітыкай, – гэта казкі нашых ворагаў. Мова – гэта самая важная наша зброя, тут нічога з часоў Рымскай імпэрыі не памянялася.

– Ці ёсьць нейкія пазытыўныя зрухі ў сытуацыі зь беларускай мовай апошнім часам?

– Нас цешыць перадусім энтузіязм людзей. Бо людзі бачаць, што мы пачалі перамагаць. Перад зьездам пачаліся заклінаньні нашых «сяброў». Яны пачалі казаць тое, што ТБМ кажа апошнія 20 гадоў. Кажуць няшчыра – і гэта яшчэ больш сьведчыць пра нашу перамогу. Дома ж яны не гавораць па-беларуску. І ня будуць гаварыць. А вось іхныя дзеці і ўнукі, я думаю, будуць. І ў гэтым наша перамога.

– Распавядзіце, калі ласка, пра вашы пляны на наступныя 3 гады як старшыні ТБМ.

– Плян наш – дабіцца зьменаў у Законе аб мовах. Па-другое, дабіцца ад уладаў закону аб падтрымцы беларускай мовы. Праект закону мы даўно зрабілі. Па-трэцяе, павялічыць колькасьць беларускамоўнай адукацыі ва ўсіх сфэрах. Калі мы гэта зробім, нам можна помнік ставіць пры жыцьці. Але моладзь на нашым баку. Гэта я кажу як выкладчык унівэрсытэту. Вось на гэтых трох аспэктах будзем засяроджвацца.

– Чым цяпер займаецца ТБМ і ці будзе працягваць і разьвіваць гэтыя ініцыятывы?

– Так, безумоўна. Гэта і штодзённая прысутнасьць ва ўсіх сфэрах, і кантакты з уладамі. Газэты нашы захоўваць будзем. Займаемся выдавецкай дзейнасьцю. Упершыню выдалі торбачкі, календары. Асадкі выдадзім да 25-годзьдзя – ужо ёсьць плян, а перадусім грошы. Увогуле, упершыню цяпер няма ніякіх праблемаў з грашыма. Прадпрымальніка нейкага папросіш – ён адразу дае грошы. Раней такога не было. Яны баяліся мовы і толькі "по-русски изъяснялись". Але цяпер зьявіўся "русский мир".

Што да іншых праектаў. Спадарыня Анісім зрабіла ўнікальную рэч – сэртыфікат для замежнікаў аб валоданьні беларускай мовай. Цяпер мы яго сканчаем. Таксама ейная заслуга – правілы дарожнага руху, якія выйшлі з нашым сымбалем і прызнаныя дзяржавай. Апроч таго, даўно пайшлі ў сьвет два размоўнікі – беларуска-ангельскі, ангельска-беларускі і швэдзкі. Яны вельмі высокай якасьці.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG