Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Шэсьце на Дзяды: да Курапатаў пад бел-чырвона-белымі і ўкраінскімі сьцягамі


У Менску адбыліся дазволеныя ўладамі шэсьце ў Курапаты і мітынг, прысьвечаныя Дню памяці продкаў. Радыё Свабода вяло жывую трансьляцыю

2 лістапада ў Менску адбыліся дазволеныя ўладамі шэсьце ў Курапаты і мітынг, прысьвечаныя Дню памяці продкаў. Акцыю ладзіць Кансэрватыўна-Хрысьціянская партыя БНФ.

Поўны запіс трансьляцыі Радыё Свабода:

Поўны запіс трансьляцыі Нашай Нівы:

Your browser does not support iframes.

16:00 Пасьля мітынгу ў Курапатах каля Камароўскага рынку ў Менску быў затрыманы Аляксей Дварэцкі. Падрабязнасьці высьвятляюцца.

15:00 У Курапатах адбыўся мітынг, на якім зачыталі зварот Зянона Пазьняка і выступілі два намесьнікі старшыні КХП БНФ Юрась Беленькі і Алесь Чахольскі. У іхніх выступах адзначалася небясьпека з боку Расеі для Беларусі, гаварылася, што ўкраінская сытуацыя можа паўтарыцца. А беларуская мова і памяць пра продкаў — наша абарона і нацыянальная бясьпека. Пасьля мітынгу людзі ўсталявалі крыжы, паставілі ля крыжоў зьнічкі, паклалі кветкі, павязалі на іх бел-чырвона-белыя стужкі.

14:30 Калёна прыйшла ва ўрочышча Курапаты. Зайшлі арганізаванай калёнай, тут добра працуе дружына КХП БНФ. Будзе мітынг і ўсталяваньне новых крыжоў. Удзельнікаў шэсьця сустрэла багата супрацоўнікаў міліцыі ў цывільным і ў форме.

14:20 «Фашысты тут ідуць, з такімі флагамі!» – абураецца жанчына ў махеравай шапцы каля гастранома. – «О, чэкістка!» – кажа стары. – «Хто мне пэнсію дае? Дзяржава! А яны тут са сьцягамі фашысцкімі ходзяць». – «Мы самі сабе пэнсію заработалі», – абрывае яе стары, і яна змаўкае.

У пачатку калёны ідзе праваслаўны сьвятар зь бел-чырвона-белай харугвай: «Мой бацька таксама быў сярод рэпрэсаваных. Ён быў сасланы на Калыму. Я памятаю першыя гады незалежнасьці. Тады на «Дзяды» выходзіла шмат людзей, больш, чым цяпер. Але нам трэба браць прыклад зь іншых народаў, нашых суседзяў, і змагацца за сваю краіну».

Дэманстранты скандуюць тэкст песьні «Ляпісаў» «Ня быць скотам» на верш Купалы, – паведамляе Наша Ніва.

14:18 «Ідзём да продкаў, гэта даніна асабістая і грамадзянская. Усе ў нас на Бацькаўшчыне пацярпелі, гэта былі мільёны ахвяраў. Вельмі добра, што ёсьць людзі, якія робяць гэты духоўны і фізычны чын. Было б значна горай, каб нічога не было. Але нас з кожным годам будзе ўсё болей. То бок усё будзе добра, Бацькаўшчына будзе сувэрэннай», – кажа адзін з удзельнікаў акцыі.

«Гэта дзень, калі мы ўшаноўваем продкаў. У Беларусі павінны быць ушанаваны ахвяры палітычных рэпрэсій, трэба пра гэта памятаць», – кажа адзін малады чалавек.

14:16 «Золата каштоўнае тым, што яно рэдкае. Акцыя тым і каштоўная, што людзі выйшлі на покліч сэрца і яны як соль нацыі. Супэр, што мы так ідзём і гэта бачаць людзі з вокнаў. І Беларусь жывая, і памяць пра Беларусь жывая. Мой дзед Казімір Жулінскі быў рэпрэсаваны ў 37 годзе. Яго забралі зь сям’і з 12 чалавек, толькі таму, што ён быў паляк і ён быў пісьменны. Ён пацярпеў нявінна. Сталінскія тэрарыстычныя мэтады сапсавалі жыцьцё многім людзям. І пра гэта трэба памятаць. Цяпер выкарыстоўваюць іншыя мэтады. Трэба адключыць расейскія тэлеканалы і стаць людзьмі», – сказала ўдзельніца шэсьця Людміла Гразнова.

14:10 Некаторыя мінакі абураюцца, што ўдзельнікі шэсьця не нясуць афіцыйны беларускі сьцяг. Удзельнікі акцыі абурыліся ў адказ. У выніку аднаго маладога чалавека – мінака супрацоўнікі міліцыі перавялі на другі бок вуліцы.

13:44 Калёна рухаецца па вуліцы Гамарніка. Сярод удзельнікаў Уладзь Яроменак з жонкай і дзіцем, да шэсьця па дарозе далучылася цяжарная жонка Паўла Севярынца, сярод удзельнікаў актывісты Раман Васільеў, Ільля Дабратвор, Алесь Макаеў.

13:41 Як стала вядома, Сяржук Бахун і невядомы юнак былі вызваленыя.

13:40 Актывіст КХП БНФ Алесь Чахольскі адказвае на пытаньне чытачоў, чаму наперадзе калёны няма «Пагоні»:

«Бо мы ідзём пад гістарычным нацыянальным сьцягам. Гэта сьцяг Хрыста. Гэта сымбалізуе кроў Хрыста на белай плашчаніцы. Гэта сымбаль забітых нявінных ахвяраў, якія ляжаць у шматлікіх Курапатах. Таму мы ідзём пад гэтым сьвятым сьцягам. Гэта адзіная нацыя ў сьвеце, якая мае такі сьцяг. Вы бачыце і ўкраінскія сьцягі. Гэта салідарнасьць з нашымі братамі ўкраінцамі, якія таксама цярпелі і церпяць ад гэтай сатанінскай расейскай улады. Перамога Ўкраіны ёсьць перамога Беларусі.Перамога Беларусі ёсьць перамога Ўкраіны.

У маёй бабулі родны брат у 30-я гады быў забіты толькі за тое, што меў хутар, быў працавітым чалавекам. Мая сям’я прайшла праз гэта. І кожную сям’ю беларускую закранула гэтая бяда. Два мільёны беларусаў зьнішчыла НКВД».

13:19 Удзельнік акцыі Аляксей Лапіцкі з Жодзіна – пра людзей у цывільным, якія суправаджаюць шэсьце:

«Хацеў пагаварыць зь імі, а яны – “заткніся” і матам. Неадэкватны падыход і стаўленьне. Гэтыя людзі ахоўваюць масавае мерапрыемства, але яны ставяцца варожа да тых, хто прымае ўдзел у акцыі, і нават правакуюць сытуацыю. І калі міліцыя камандзіруе сваіх супрацоўнікаў, яна павінна інструктаваць іх, як сябе паводзіць».

13:15 «Сёлета акцыя менш колькасная. Наша задача – выходзіць як мінімум тры разы на год і паказваць грамадзтву, што мы ёсьць. І будзем спадзявацца, што людзі выйдуць. Мяркую, што людзей напалохала сытуацыя ва Ўкраіне, бо людзі глядзяць расейскія каналы. Нашы інфармацыйныя магчымасьці тут вельмі слабыя на гэтым фоне», – сказаў Артур Фінькевіч.

13:03 Павал Севярынец выказаў спадзяваньне, што ў Курапатах да мітынгу далучацца і ўдзельнікі зьезду Таварыства беларускай мовы, які адбываецца сёньня ў Менску, паведамляе «Наша ніва».

13:00 На скрыжаваньні вуліц Сядых і Ўсіхсьвяцкай мужчына з балькона брыдкасловіў і груба лаяўся на дэманстрантаў. Міліцыя на гэтыя выкрыкі не адрэагавала, паведамляе «Вясна»

12:50 Удзельнікі шэсьця ідуць вуліцай Сядых. Моладзь скандуе: «Верым, можам, пераможам!»

12:45 «Агульная тэндэнцыя такая. Наша нацыя мае моладзь, якая выявіла сваё жаданьне гарнуцца да беларускай мовы і культуры. Незалежнасьць Беларусі – гэта каштоўнасьць, якая не падлягае сумневу. Гэта тое, што ёсьць і што цешыць», – кажа Юрась Беленькі.

12:32 Сяржук Бахун і яшчэ адзін з удзельнікаў акцыі затрыманыя міліцыяй. Яны адлучыліся ад шэсьця і накіроўваліся ў мэтро. Магчыма, міліцыянтам не спадабалася сымболіка.

12:30 «Ня першы раз бяру ўдзел у акцыі. Калі ня будзе апазыцыі, а гэта мерапрыемства апазыцыйнае і агульначалавечае, то пры сыходзе Лукашэнкі мірнага разьвіцьця падзей ня будзе. А мне ня хочацца, каб пралілася кроў. Патрэбна, каб было палітычнае жыцьцё, а яно адсутнічае», – кажа адзін з удзельнікаў шэсьця.

Адна з жанчын, якія назіралі за шэсьцем, сказала: «Чаму крычаць “Слава Ўкраіне?” Мы беларусы, давайце сваё адстойваць. Гэта боль нашага народа, і тут – “Слава Ўкраіне”».

12:25 Адзін зь лідэраў БХД,былы палітвязень Павал Севярынец, які бярэ ўдзел у шэсьці, сказаў: “Гэта акцыя памяці. Нацыянальнай сьвядомасьці. Гэта рэчы, на якіх трымаецца нацыя. І калі нашы суседзі, наш братні народ перажывае такі цяжкі час – гэта адзнака салідарнасьці, тое, што тут згадваюць Украіну”.

Людзі пабылі ў царкве і далучаюцца да шэсьця. Мяркую, што ў Курапатах будзе шмат.

Дакуль ёсьць людзі, якія ўшаноўваюць памяць продкаў, трымаюцца гісторыі, датуль жыве Беларусь. Бяру ўдзел у акцыі з 1995 году. Галоўнае, каб была вось гэтая акцыя і памяць, і часам ня важна, колькі там людзей. Гэта сьветлае сьвята, бо дзяды сыходзяць у неба, і гэта сьветла. І мы, пакуль на зямлі, стараемся зрабіць тое, што можам. Гэта ня шлях уніз, гэта шлях угару».

12:20 Паралельна руху калёны едзе мінібус зь некалькімі камэрамі, якія здымаюць ва ўсе бакі ўдзельнікаў шэсьця.

12:05 «Гэта ж памяць, трэба ісьці, ушаноўваць ахвяраў. Маральна падтрымліваю», – сказаў адзін зь мінакоў, які стаяў каля крамы і назіраў за шэсьцем.

12:00 Паводле назіральнікаў БХК, у шэсьці ўдзельнічаюць каля 400 чалавек. Калёна рухаецца па праспэкце Незалежнасьці, падыходзіць да вуліцы Каліноўскага.

11:50 Дэманстранты скандуюць “Жыве Беларусь!”, сярод бел-чырвона-белых сьцягоў наперадзе калёны лунае ўкраінскі сьцяг.

11:40 У калёне намесьнік старшыні КХП БНФ Юрась Беленькі, сярод іншых палітыкаў у шэсьці бяруць удзел старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі, намесьнік старшыні руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч, старшыня «Маладой Беларусі» Артур Фінькевіч, актывіст «Маладога фронту» Мікола Дземідзенка зь сям’ёй.

Удзельнікаў шэсьця суправаджаюць міліцыянты ў чорным. Людзі ў цывільным вядуць апэратыўныя відэаздымкі, але не перашкаджаюць, ідуць побач.

11:30 Удзельнікі шэсьця скандуюць «Слава Ўкраіне! Героям слава!», «Слава нацыі – сьмерць ворагам!». У калёне два ўкраінскія сьцягі. У некаторых удзельнікаў шэсьця побач зь бел-чырвона-белымі сьцяжкамі – украінскія сьцяжкі, зьнічкі і кветкі, крыжы. Паводле папярэдніх дадзеных, у акцыі бярэ ўдзел 250–300 чалавек. На акцыі багата журналістаў.

11:10 Аб 11-й гадзіне прыкладна 200 чалавек сабраліся на пляцоўцы каля гадзіньнікавага заводу ў Менску. Шмат бел-чырвона-белых сьцягоў, некалькі ўкраінскіх. Тройчы пракрычалі «Жыве Беларусь» і рушылі калёнай у бок Курапатаў. Акрамя нацыянальных сьцягоў — сьцягі КХП-БНФ, «Маладой беларусі», БХД.

Прыкладны плян акцыі:

10.30 — збор удзельнікаў ля будынку Менскага гадзіньнікавага заводу (пр-т Незалежнасьці, 95);

11.00–14.30 — шэсьце ў Курапаты па маршруце: пр-т Незалежнасьці — вул. Каліноўскага — вул. Сядых — вул. Карбышава — вул. Гамарніка — вул. Мірашнічэнкі — Менская кальцавая дарога;

14.30–17.00 — мітынг у Курапатах.

Дзяды

Упершыню Дзяды ў Курапатах адзначалі 30 кастрычніка 1988 году. Тады, неўзабаве пасьля стварэньня аргкамітэту Беларускага Народнага Фронту, было задумана адзначыць гэты дзень як Дзень памяці ахвяраў палітычных рэпрэсіяў.

Курапаты

Курапаты — урочышча пад Менскам, дзе ў 1937–1941 гадах карнікі НКВД расстралялі, паводле розных падлікаў, ад 40 да 200 тысяч чалавек.

У красавіку — траўні 1988 году ў лясным масіве Курапаты былі знойдзены астанкі людзей. Гэты факт хутка стаў шырока вядомы дзякуючы дзейнасьці Зянона Пазьняка і грамадзкай арганізацыі «Мартыралёг Беларусі».

У чэрвені 1988 году была створана ўрадавая камісія, і пракуратура БССР распачала крымінальную справу па выяўленых фактах.

У працэсе расьсьледаваньня, як пацьверджана ў інфармацыйным паведамленьні Генэральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь у чэрвені 1996 году, устаноўлена, што тут з 1937 па 1941 год супрацоўнікі НКУС БССР расстрэльвалі рэпрэсаваных жыхароў рэспублікі.

Пры аглядзе ляснога масіву было выяўлена, што на тэрыторыі каля 30 га разьмешчана 510 пахаваньняў. Зь іх шляхам эксгумацыі было праверана 8. У 6 зь іх знайшлі шкілетныя астанкі людзей, адзеньне і іншыя асабістыя рэчы загінулых.

Ва ўшанаваньне памяці ахвяр пастаўлены крыжы, іншыя мэмарыяльныя знакі, шчыты з надпісамі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG