Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомель. Вянкі і зьнічы да пакутных крыжоў


Крыж на Чарнігаўскай шашы

Крыж на Чарнігаўскай шашы

Грамадзкія актывісты Гомеля наведалі 1 лістапада месцы масавых расстрэлаў мірных жыхароў у гады сталінскіх рэпрэсій на 9 кілямэтры паабапал Чарнігаўскай шашы. Яны ўсклалі вянкі й кветкі да чатырох пакутных крыжоў і запалілі памінальныя зьнічы.

Па традыцыі кожную восень, калі набліжаюцца Дзяды, неабыякавыя да сваёй гісторыі гамельчукі прыходзяць на 9-ты кілямэтар Чарнігаўскай шашы, каб ушанаваць памяць продкаў, забітых у тутэйшых лясах сталінскімі карнікамі-энкавэдыстамі.

Першае месца на шляху — высокі крыж пры шашы з надпісам: «Адно зь месцаў масавых расстрэлаў ахвяр бальшавіцкай дыктатуры ў пэрыяд 1919-1940 гадоў».

Перад ускладаньнем вянкоў Уладзмер Кацора коратка нагадаў, чаму тут зьявіўся жалобны крыж і зьбіраюцца на Дзяды людзі:

«Стала ўжо традыцыяй у гэтыя дні збірацца тут, на гэтым месцы, і наўкола яго, дзе былі ў трыццатыя гады масавыя рэпрэсіі супраць грамадзянаў, якія ці былі ня згодныя з палітыкай тагачасных уладаў ці наагул ніякіх дачыненьняў да яе ня мелі».

Актывіст лічыць, што Беларусь, на жаль, да гэтага часу не пазбылася палітычных рэпрэсіяў. Няма, канечне, ранейшых «троек», расстрэлаў, але ёсьць ціск на палітычных апанэнтаў празь ператрусы, арышты і штрафы.

Кацора: «Як бы там ні было, але наша месца ў такія дні тут, каб ушанаваць памяць тых людзей, якія, можа, і не ўсьведамляючы таго, аддалі жыцьці за свабоду, за незалежнасьць Беларусі. Яны таксама спрычыніліся да таго, што Беларусь наша незалежная, што няма сталінізму. Мы з вамі верым і ўпэўнены, што ў бліжэйшыя гады дачакаемся, як кажуць беларусы, лепшай долі. І, магчыма, іншыя людзі будуць прыходзіць сюды і трымаць словы ўдзячнасьці тым, хто тут ляжыць. Таксама, можа, і нам добрае слова скажуць за тое, што мы знаходзілі мужнасьць прыходзіць сюды, на гэтае жалобнае месца».

Да жалобнага крыжа актывісты ўсклалі вянкі з памінальнымі надпісамі на стужкахі, запалілі зьнічы.

Васіль Палякоў

Васіль Палякоў

Пакараны двухмільённым штрафам за наведваньне гэтага месца ў мінулым годзе гомельскі палітык Васіль Палякоў зазначае:

«Можна правесьці шмат паралеляў з тым, што адбывалася ў 30-40-я гады мінулага стагодзьдзя, зь сёньняшнімі падзеямі. Замест таго, каб рабіць высновы і рухацца ў бок дэмакратыі і свабоды, кіраўнікі нашай і асобных суседніх дзяржаў імкнуцца адрадзіць прынцыпы й традыцыі мінулага, і нават злачынстваў, якія мелі месца ў той час».

Прамаўляе Ўладзімер Шыцікаў

Прамаўляе Ўладзімер Шыцікаў

Далей актывісты падзяліліся на дзьве групы. Адны паехалі ўскладаць вянкі да ахвярных крыжоў на левы бок Чарнігаўскай шашы, іншыя — на правы.

У гады сталінскіх рэпрэсій у лясах пад Гомелем расстралялі каля 25 тысяч мірных жыхароў. Грамадзкія актывісты 1 лістапада пабывалі каля чатырох пакутных крыжоў.

Кастусь Жукоўскі парадкуе зьнічы каля крыжа на месцы расстрэлу гомельскіх сьвятароў

Кастусь Жукоўскі парадкуе зьнічы каля крыжа на месцы расстрэлу гомельскіх сьвятароў

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG