Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяды ў Магілёве


У Магілёве каля Крыжа памяці, усталяванага на месцы масавага зьнішчэньня людзей за часамі бальшавіцкага і сталінскага тэрору, актывісты апазыцыйных арганізацыяў адзначылі Дзяды. Удзельнікі памінальнай акцыі ўсклалі да памятнага знаку кветкі, запалілі сьвечкі-зьнічкі ды прыбралі прылеглую да крыжа тэрыторыю ад сьмецьця.

Традыцыю прыходзіць да крыжа, што на праспэкце Дзімітрава, магілёўцы заклалі пры канцы 1980 гадоў, калі крыж быў усталяваны. Першыя памінальныя акцыі былі шматлюднымі. Ля крыжа зьбіраліся дзясяткі чалавек — актывісты першых у Магілёве адраджэнскіх суполак, сваякі рэпрэсаваных ды жыхары прылеглых дамоў.

Сёньня да крыжа прыйшлі пятнаццаць чалавек. Кіраўнік абласной арганізацыі партыі БНФ Зьміцер Салаўёў выступіў з кароткай прамовай адзін. Ён зазначыў:

«Мы прыходзім да крыжа штогод. Ля яго згадваем ахвяраў тэрору і тых, хто паклаў свае жыцьці за свабоду і каб Беларусь стала незалежнай. Мы ня мусім перарываць закладзенай больш за дваццаць пяць гадоў таму традыцыі, бо яна застаецца надзвычай актуальнай для нашай краіны. Пра часы масавага тэрору, які забраў сотні тысяч беларусаў, кажуць на афіцыйным узроўні ўсё менш. Дагэтуль не сунімаюцца спробы зьняважыць памяць барацьбітоў за незалежнасьць Беларусі. Будзем памятаць бязьвінных ахвяраў і герояў».

Крыж узвышаецца над кар’ерам. Паводле вэтэранаў адраджэнскіх арганізацыяў і дасьледчыкаў магілёўскай гісторыі, у кар’еры, калі выбіралі пясок, працаўнікі натыкнуліся на чалавечыя парэшткі. Як сьцьвярджалі — з характэрнымі кулявымі пашкоджаньнямі. Было распачата сьледзтва. Дакумэнты пра ягоныя вынікі дагэтуль не абнародаваныя. Старажылы раёну, дзе цяпер крыж і кар’ер, у сваіх аповедах кажуць, што тут ва ўрочышчы стралялі людзей ў 1930-я гады. Паводле вернікаў каталіцкай царквы, у 1918 годзе бальшавікі тут расстралялі ксяндза магілёўскага касьцёлу Яўгена Сьвятаполк-Мірскага.

Сёньняшняя памінальная акцыя завяршылася наведваньнем магіл памерлых актывістаў і дзеячаў беларускай нацыянальнай культуры.​

Крыж памяці
Крыж памяці

Кветкі да крыжа
Кветкі да крыжа
Каля крыжа шмат сьмецьця і не адно месца, дзе зьбіраюцца выпівохі
Каля крыжа шмат сьмецьця і не адно месца, дзе зьбіраюцца выпівохі

Удзельнікі памінальнай акцыі
Удзельнікі памінальнай акцыі

Актывісты на магіле кіраўніка магілёўскай суполкі «Мартыралёг Беларусі», вэтэрана другой усясьветнай вайны, актора Валянціна Ермаловіча
Актывісты на магіле кіраўніка магілёўскай суполкі «Мартыралёг Беларусі», вэтэрана другой усясьветнай вайны, актора Валянціна Ермаловіча

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG