Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Парашэнка павіншаваў украінцаў з пачаткам дзеяньня пагадненьня аб асацыяцыі


Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка павіншаваў суграмадзян з пачаткам частковага дзеяньня зь 1 лістапада пагадненьня аб асацыяцыі паміж Украінай і Эўрапейскім Зьвязам.

Парашэнка накіраваў віншаваньне ўкраінцам праз свой мікраблог у «твітэры». Днём раней была распаўсюджаная яго сумесная заява з кіраўнікамі Эўрапейскай Рады і Эўракамісіі. У дакумэнце адзначаецца, сярод іншага, што пакуль прымяненьне пагадненьня будзе ахопліваць такія важныя сфэры, як вяршэнства права, барацьба са злачыннасьцю і карупцыяй, перадае агенцтва УНІАН.

Эканамічная частка пагадненьня, якая тычыцца зоны свабоднага гандлю паміж Украінай і Эўразьвязам, адкладзеная да канца 2015 года. Эўразьвяз пры гэтым падоўжыў для Кіева яшчэ на год рэжым прэфэрэнцыяў для ўкраінскіх тавараў.

Пагадненьне аб асацыяцыі з ЭЗ Вярхоўная Рада ратыфікавала сынхронна з Эўрапарлямэнтам 16 верасьня. Крыху раней стала вядома, што зона свабоднага гандлю паміж Украінай і ЭЗ пачне дзейнічаць не раней 2016 года. Пра гэта было абвешчана пасьля кансультацый прадстаўнікоў Эўракамісіі, Украіны і Расеі.

На заключэньні пагадненьня аб асацыяцыі з Эўразьвязам настойвалі ўдзельнікі масавых антыўрадавых выступленьняў ва Ўкраіне, якія пачаліся восеньню мінулага году і ў выніку прывялі да поўнай зьмены кіраўніцтва краіны.

XS
SM
MD
LG