Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ААН: Ва Ўкраіне загінулі больш за 4 тысячы чалавек


Паводле новых дадзеных ААН, у выніку баявых дзеяньняў на ўсходзе Ўкраіны паміж урадавымі сіламі і прарасейскімі сэпаратыстамі загінулі звыш 4-х тысяч чалавек.

У справаздачы, распаўсюджанай у пятніцу, гаворыцца, што ААН валодае пацьверджанымі зьвесткамі аб 4035 ахвярах канфлікту за больш чым шэсьць месяцаў узброенага супрацьстаяньня. Пры гэтым адзначаецца, што толькі за апошнія 10 дзён загінулі каля 300 чалавек, нягледзячы на падпісанае ў верасьні замірэньне.

Дасягнутая ў Менску дамоўленасьць зьнізіла інтэнсіўнасць баявых дзеяньняў, але інфармацыя пра страты кожнага з бакоў канфлікту паступае кожны дзень. У першую чаргу гаворка ідзе пра сутыкненьні ў аэрапорце Данецку, у населеных пунктах паблізу Луганску і Марыюпалю.

Экспэрты ААН таксама адзначаюць, што колькасьць вымушаных перасяленцаў у выніку баявых дзеяньняў ва Ўкраіне, у Данецкай і Луганскай абласьцях, складае цяпер больш як 930 тысячаў. Прыкладна палова ад гэтага ліку ўцяклі ў суседнія краіны, галоўным чынам, у Расею.

XS
SM
MD
LG