Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Седзячы за кратамі, а потым выходзячы на волю, многія зэкі калі не прадумваюць варыянт ад’езду з краіны сталага пражываньня, то могуць хаця б памарыць пра яго. Абсалютная большасьць зьвязвае менавіта зь пераездам магчымасьць адкаснуцца ад ранейшых спраў і пачаць усё з чыстага аркуша.

У рэальнасьці найчасьцей мае месца ўнутраная эміграцыя з прыкметамі бамжаваньня. За межы краіны зьяжджае меншасьць. Кардынальна зьмяніць жыцьцё ўдаецца адзінкам. Паводле толькі афіцыйнай статыстыкі, сама меней палова беларускіх асуджаных, сярод якіх і бадзягі, пасьля вызваленьня вяртаецца за краты ізноў. Адсотак рэцыдыву тым вышэйшы, чым болей турэмных тэрмінаў мае чалавек.

«Каб разарваць замкнёнае кола»

Шмат гадоў таму зьехаць на Захад удалося былому беларускаму крымінальніку ледзь не з 20-гадовым стажам адседкі, які папрасіў называць яго Янам-Алесем. Сваё жыцьцё да эміграцыі ён параўноўвае з чарадой дзён за кратамі і дзён, калі ўжо на волі ён беспасьпяхова спрабаваў пачаць усё нанова.

«З чым звычайна сутыкаецца чалавек, які выходзіць з турмы на волю?» — перапытвае Ян-Алесь і адказвае:

«З замкнёным колам, разарваць якое неверагодна складана. Збольшага гэта тычыцца тых, хто трапіў за краты маладым. У такіх няма прыярытэтаў, вопыту, устойлівага сьветапогляду. Такія вяртаюцца назад амаль заўсёды. І менавіта ім знайсьці сябе ў цяперашняй Беларусі надзвычай цяжка. Тая ж турма, толькі большая. Некаторыя спрабуюць знайсьці выйсьце ў зьмене месца жыхарства — напрыклад, зьяжджаюць у іншую краіну».

Шмат гадоў таму, працягвае былы мянчук, ён так і зрабіў. Цяпер разумее, што для яго гэта быў адзіны шанец.

Галоўнае ж — тут няма адчуваньня турмы. Дыхаецца вольна

«Пытаньне адаптацыі для мяне не стаяла, бо мову я вывучыў даволі хутка, і зьявілася адчуваньне, што гэта абсалютна мая краіна. Адаптацыя да іншага грамадзтва — гэта вельмі сур’ёзная праблема. Ня ўсім дадзена асвоіцца з жыцьцём за мяжой. Тут я рэальна зразумеў, наколькі розныя ў нас сыстэмы.

Гэта як паралельны сьвет. Пачынаючы ад стаўленьня да экалёгіі, прыроды, людзей, — заканчваючы сфэрай абслугоўваньня, правіламі дарожнага руху, працай спэцслужбаў. Дзяржчыноўнік тут — звычайны чувак, клерк, які, можна сказаць, за добрую зарплату добра працуе на ўрад. Хоць такіх тут мала, у асноўным усё прыватнае. Галоўнае ж — тут няма адчуваньня турмы. Дыхаецца вольна».

Ян-Алесь лічыць, што ў новай краіне ён сябе знайшоў практычна адразу.

«Атрымаў прафэсію, а потым працу ў добрай кампаніі. Тут усё зроблена дзеля таго, каб ты меў працу. І я абсалютна разумею, што ў Беларусі нічога б гэтага не было. Замежжа для мяне стала спосабам разарваць кола. Хоць, на жаль, не заўсёды на Захад едуць з добрымі намерамі...»

Сярод мігрантаў з былога СССР, працягвае Ян-Алесь, нямала тых, каго затрымліваюць на крадзяжах, рабунках, хуліганцы. Такіх у крымінальнай хроніцы газэт ня вельмі карэктна называюць рускай мафіяй. Хоць, хутчэй за ўсё, гэта звычайная крымінальная гапата з постсавецкіх краін. Яны апошнім часам спэцыялізуюцца на банкаўскіх картках, розных падробках, афэрах... Такія крымінальнікі зьбіраюцца маленькімі групкамі, робяць сваю справу і разьбягаюцца...

Відэа з назвай «Бойка рускай мафіі»

Тым часам яшчэ адзін былы мянчук — Андрэй, які 20 гадоў таму, ратуючыся ад турмы, уцёк у Швайцарыю, перакананы, што эміграцыя — гэта аднолькавая лятарэя як для судзімых, так і для несудзімых. Усё залежыць ад таго, як уяўляе чалавек сваё далейшае жыцьцё на новым месцы. Сам Андрэй дасягнуў пастаўленай ім перад сабою мэты: асабістай свабоды ды эканамічнай незалежнасьці. Першую палову свайго эмігранцкага жыцьця ён працаваў «па 25 гадзін у суткі». Кажа, што гэта была тая ж турма, толькі, адрозна ад Беларусі, з больш якаснай «жрачкай» ды «гарачай вадой у камэры». Нейкі час Андрэй нават спрабаваў матэрыяльна падтрымліваць землякоў-беларусаў з падобным, як і ў яго, лёсам. Аднак хутка расчараваўся.

Адзін беларус адкрыта гаварыў, як яны хадзілі «на справу» ў супэрмаркеты

«Неяк я браў удзел у адным фільме, дзе акторамі збольшага былі вось такія азылянты. Гісторыяў у прыватных размовах наслухаўся шмат. Адзін беларус адкрыта гаварыў, як яны хадзілі «на справу» ў супэрмаркеты. Наперад запускалі напарніцу з добрай фігурай і апранутую сэксі. І, ведаючы, што назіральныя камэры кантралююць у асноўным мужчыны і што іх зацікавіла такая вось наведніца, пачыналі непрыкметна рабіць сваю справу па «экспрапрыяцыі экспрапрыятараў».

Нярэдка беларускія ўцекачы, зь якімі мне давялося кантактаваць, страшна абураліся, чаму ім у Швайцарыі дзяржава не жадае даць хаця б палову сумы, каб купіць апошнюю мадэль «Аўдзі», і галасілі, што вось давялося купляць гэтае аўто за свае кроўныя. Яны казалі: «Нас „бацька“ ў Беларусі працаваць прымушаў, капейкі плацілі. Мы сюды не на тое прыехалі, каб зноў сьпіну гнуць на дзядзьку». Кажу ім: «ОК, тады гніце сьпіну на сябе». А яны: «Сьпіну гнуць ня будзем, мы ўцекачы, маем права атрымаць тут усё гатовае!»

«Вядома, мог бы сказаць гэтым людзям, што з такім падыходам іх чакае тая ж турма, толькі ў Швайцарыі, або дэпартацыя. Але, думаю, самі гэта хутка зразумеюць», — кажа беларускі эмігрант.

У чаканьні швэдзкага прытулку

Былыя асуджаныя Аляксандар Дарафееў і Антон Шустаў зьехалі ў Швэцыю нядаўна. Антон у гэтай краіне ўжо год. Аляксандар — пару месяцаў. Абодва толькі чакаюць ад эміграцыйных уладаў рашэньня адносна віду на жыхарства.

Аляксандар Дарафееў паходзіць зь Віцебску. У 2005-м падчас выбарчай кампаніі быў даверанай асобай кандыдата на прэзыдэнта Аляксандра Мілінкевіча. За кратамі адседзеў восем гадоў: «Валадарка», Наваполацак, Жодзіна. Апошняй у сьпісе была турма ў Магілёве, адкуль і выйшаў на волю.

Аляксандар Дарафееў

Аляксандар Дарафееў

Аляксандар расказаў нашаму радыё, што ў Швэцыі ён атрымаў статус уцекача і жыве на адпаведную дапамогу. Жытло і харчаваньне бясплатныя, і ёсьць грошы на дробныя выдаткі. На 10 лютага 2015 году прызначанае інтэрвію, тады будзе вырашацца пытаньне аб наданьні яму віду на жыхарства. Але Аляксандар хоча «паскорыць працэс і перанесьці інтэрвію на больш раньні тэрмін».

Чаму выехаў за мяжу? Таму што ў Беларусі «небясьпечна дамагацца справядлівасьці», — кажа ён і тлумачыць, што бяз вынікаў спрабаваў запісацца на прыём да старшыні Вярхоўнага суду.

Былы вязень распавядае, што пачаткова ён быў, як лічыць сам, незаконна затрыманы, «можна нават сказаць — выкрадзены з дому». Маўляў, падазраваўся ў арганізацыі выбуху ў Віцебску, але быў дастаўлены ў Менск, дзе прад’явілі абвінавачаньне ў разбоі (артыкул 207, частка другая). Пакуль сядзеў, абскарджваў прысуд. У выніку тэрмін зьняволеньня зьменшылі з дванаццаці год да васьмі. Хоць сам ён дамагаўся апраўдальнага прысуду.

«За кратамі я стаў інвалідам», — зазначае Аляксандар Дарафееў.

Сьледчыя прыходзілі: прызнавайся (у чым мне прызнавацца?), тады мы цябе вывезем у нармальную, вольную бальніцу, дзе табе і зробяць апэрацыю

«Я зламаў шыйку бядра. Гэта здарылася ў лютым 2006-га падчас прагулкі ў турэмным дворыку на „Валадарцы“. На мае скаргі кантралёры некалькі дзён не рэагавалі — думалі, што „кашу“. Рэнтген зрабілі толькі на пяты дзень. Тады ўжо павезьлі ў рэспубліканскі турэмны шпіталь. Там ніякіх умоваў, абсталяваньня. Цяпер гэтай бальніцы няма. Сьледчыя прыходзілі: прызнавайся (у чым мне прызнавацца?), тады мы цябе вывезем у нармальную, вольную бальніцу, дзе табе і зробяць апэрацыю. Ну а як я буду сам на сябе нагаворваць?.. У выніку апэрыравалі ў турэмным шпіталі».

Турэмны сшытак Дарафеева

Турэмны сшытак Дарафеева

Косьці зрасьліся няправільна. Адна нага зрабілася карацейшая за другую на два сантымэтры. Потым было яшчэ горш — сустаў пачаў разбурацца, у выніку нага стала карацейшая яшчэ на пару сантымэтраў, — кажа былы вязень:

«Усё ж гэты пералом лічыцца складаным. Гіпсу не накладзеш, бо шыйка бядра ўнутры. Ставяць, як правіла, паўвінт — па памеры індывідуальным, а там мне проста зрабілі — цьвік уставілі, і ўсё. Натуральна, што ўвесь час пасьля бальніцы я знаходзіўся не на свабодзе, а на „Валадарцы“ ў чырвоным турэмным корпусе, дзе вінтавыя лесьвіцы, і на мыліцах трэба скакаць: лазьня, да сьледчага на допыт. Сьледчыя заўсёды прысьпешвалі мяне. Вядома, гэта ўсё паўплывала на здароўе: адбылося ссоўваньне адломкаў...»

Усе восем гадоў, адбытыя ў зьняволеньні (першапачаткова далі 12, аднак у выніку шматлікіх скаргаў вязьня тэрмін скарацілі на 4 гады), Аляксандар Дарафееў дамагаўся, каб яму далі інваліднасьць:

Але й праз суд ніхто мне нічога ня даў. Таму што калі даць, міліцыя павінна прызнаць, што па яе віне. І мне тады плаціць кампэнсацыю і дапамогу

«Атрымаў траўму ў месцах пазбаўленьня волі. Але й праз суд ніхто мне нічога ня даў. Таму што калі даць, міліцыя павінна прызнаць, што па яе віне. І мне тады плаціць кампэнсацыю і дапамогу. І калі я выйшаў на свабоду, то адразу пайшоў у паліклініку на МРЭК, і мне адразу далі трэцюю групу інваліднасьці. І яны так зьдзівіліся: ты восем гадоў сядзеў, і ў цябе не было групы інваліднасьці? Вядома, кажу, сказалі — здаровы. Быццам тое, што адна нага карацейшая за другую, то я з такой нарадзіўся. Але я ня з волі заехаў у турму зь пераломам, вось у чым немалаважны момант».

Паводле Аляксандра, вырашыць ягоную мэдычную праблему ўжо на волі беларускія мэдыкі не ўзяліся. Сказалі, што такое робяць толькі за мяжой. Зь пераездам у новую краіну Аляксандар зьвязвае надзеі на новае жыцьцё. Без крымінальнага кляйма, бытавых прыніжэньняў з-за таго, што ён інвалід, без пагрозаў за тое, што наважыўся сказаць усю праўду пра беларускія турмы, і з шанцам, што некалі зноў пачне нармальна рухацца...

Яшчэ адзін былы беларускі зьняволены, які таксама зьвярнуўся па прытулак у Швэцыі, — Антон Шустаў.

Антон Шустаў у Горадні пасьля вызваленьня

Антон Шустаў у Горадні пасьля вызваленьня

У свой час ён сядзеў у Івацэвіцкай папраўчай калёніі № 5 разам з былым палітвязьнем Мікалаем Аўтуховічам. У Швэцыі Антон больш за год. Ягоная справа пакуль не разгледжаная, і калі тое будзе — беларускі ўцякач ня ведае. Вяртаньне на радзіму, паводле словаў Антона, азначае для яго вяртаньне за краты. Такой сама думкі прытрымліваецца і Мікалай Аўтуховіч. Паводле ягоных словаў, Шустаў, які працаваў на промцы, дапамагаў яму ў калёніі ў складанай справе — выносіць на волю інфармацыю пра тое, што робіцца ў турме. Ня кожны зь сядзельцаў пагадзіўся б пайсьці на падобную рызыку:

Фрагмэнт ліста на Свабоду Мікалая Аўтуховіча, які вынес Антон Шустаў

Фрагмэнт ліста на Свабоду Мікалая Аўтуховіча, які вынес Антон Шустаў

«Я зьбіраў інфармацыю, напрыклад, рабіў маніторынг па асуджаных: хто прызнае сябе вінаватым, хто не. Была вялікая табліца, мы амаль сто чалавек апыталі. Як мы пачалі гэты маніторынг рабіць, яны адразу даведаліся і сачылі, каб мы гэтую інфармацыю не перадалі. І спаліліся мы на гэтых лістах. Як там атрымалася, ня ведаю. Яны пачалі цягнуць усіх хлопцаў, хто ходзіць на „промку“ і са мной кантактуе. І вось Антон таксама туды трапіў. Атрымалася так, што ён ня меў увогуле ніводнага парушэньня. І надышоў час, яго адправілі дахаты на „УДО“ (умоўна-датэрміновае вызваленьне), замену рэжыму. На той момант, калі ў яго ўжо была камісія на „УДО“, яны яшчэ ня ведалі, хто канкрэтна выносіў лісты. А потым, калі даведаліся, яны, мабыць, прынялі такое рашэньне — скасаваць яму „УДО“, і каб ён даседзеў».

Антон расказвае, што як вызваліўся з калёніі пры канцы 2012 году, то хацеў дамагчыся перагляду справы. Але хутка зразумеў усю бессэнсоўнасьць сваёй задумы. Да таго ж адчуў пагрозы ў гэтай сувязі. Дамовіўся са сваім інспэктарам, што паедзе да бацькоў у Расею Такі дазвол атрымаў. Калі ўжо быў у бацькоў, яго пачалі выклікаць позваю ў суд. Быццам бы праз тое, што ў калёніі ўзгадалі, што вызвалены меў падчас адседкі адміністрацыйныя парушэньні, за якія яму належала вярнуцца ў турму і даседзець там адзін год, два месяцы і 23 дні.

«Мая адвакатка зрабіла запыт у калёнію, — кажа Антон. — Высьветлілася, што парушэньняў у мяне не было. Яе хадайніцтвы посьпехаў не прынесьлі. Тады я і наважыўся на такі крок — уцякаць за мяжу».

«У мяне двое дзяцей, — працягвае ўцякач. — Я не парушаю законаў, я нічога не зрабіў такога, за што мяне можна было б зноў пасадзіць. Я прадстаўляю даведкі, што ў мяне не было парушэньняў, яны пішуць нейкія іншыя прычыны. У мяне малыя дзеці, мне жыць хочацца нармальна, а не хавацца».

Антон Шустаў у Швэцыі

Антон Шустаў у Швэцыі

Застацца ў Беларусі

Іншыя ўдзельнікі перадачы — з тых, хто, можа, і пачаў бы жыцьцё на новым месцы, але не захацеў або ня змог уцячы зь Беларусі.

Шматразова судзімы ў мінулым магілёвец Сяргей пасьля шматлікіх спробаў працаўладкавацца нават па тых спэцыяльнасьцях, якія атрымаў на зоне, знайшоў выйсьце ва ўнутранай эміграцыі. Бамжуе. Начуе ў старых склепах. Харчуецца на сьметніках. Зарабляе тым, што адшуквае медны дрот, чысьціць яго, а потым прадае. Ён духоўна аддзелены ад дзяржавы ды пасіўна канфрантуе з сыстэмай.

40-гадовы Іван яшчэ за кратамі плянаваў пасьля вызваленьня зьехаць на заробкі ў Расею. Там у яго сваякі ды сябры, якія падшукалі для яго добра аплатную, як па беларускіх мерках, працу. Аднак пляны рэалізуюцца добра яшчэ, калі праз год. У Івана адміністрацыйны нагляд, які прымушае яго цягам 18 месяцаў ад 10-й вечара да 6-й раніцы знаходзіцца па месцы рэгістрацыі. Іван ня хоча вяртацца ў кола ранейшых сяброў, аднак пазьбегнуць гэтага наўрад ці ўдасца.

Удзельнік аднаго зь нядаўніх выпускаў «Свабоды ў турмах» Іса кажа, што на ўсё астатняе жыцьцё, наадварот, хоча асесьці ў Беларусі. Да прэзыдэнта Лукашэнкі ставіцца з павагай. Бацька Ісы — чачэнец, маці — беларуска. У савецкія часы Іса быў вайсковым лётчыкам. Потым, як сам кажа, сядзеў агулам 14 гадоў — спачатку ў савецкай, а потым расейскай, казахстанскай і беларускай турмах.

«Усе турмы падобныя адна да адной, — кажа ён, — а вось адчуваньне волі — непаўторнае. Я б мог зрабіць, каб стаць каранаваным крымінальным аўтарытэтам, але мне гэта не патрэбна, — працягвае Іса. — Я чалавек сярэдніх лопасьцяў. Я наагул ад гэтага хачу адысьці. Цалкам адысьці. Забыць пра гэта. Я ўсё ж былы вайсковы лётчык. Я хачу паехаць у вёску да маці. І ў маці асесьці. У мяне маці беларуска, а бацька — чачэнец».

Жыхар Магілёва Ігар ня так даўно вызваліўся з калёніі строгага рэжыму ў Навасадах. Новае жыцьцё будзе пачынаць у Беларусі.

«У мяне мэта такая была — вызваліцца і пачаць новае жыцьцё як з нуля. Нармальна сябе паводзіць. Мець добрых сяброў, каб ва ўзаемінах быў інтарэс жыць. Нарэшце знайсьці сабе дзяўчыну. У іншых нявольнікаў былі, можа, іншыя паняцьці. Я ня ведаю — ім у галовы не залезеш... Быў такі выпадак — чалавек вызваліўся і на вакзале ў аднаго чалавека дублёнку „зьняў“. Разбоем заняўся. Ён на волі пабыў гадзіны дзьве, і яго назад у турму. Такіх выпадкаў шмат. Нібыта злачынствы ў крыві. Яму больш нічога ня трэба. Мо калі б у яго была сям’я ці маці — падтрымка якая, то інакш жыцьцё б у яго склалася».

Па словах Ігара, асабіста за ім няма ўчынкаў, якія б яго кампрамэтавалі. Толькі турма. Пасьля зьняволеньня, кажа, сабе праблемаў намагаецца не ствараць. Бываюць, прызнаецца, непаразуменьні зь міліцыяй. Тыя не прамінуць нагадаць, што ён сядзеў у турме і яна яго не ўсяму навучыла.

На думку былога палітвязьня Зьмітра Дашкевіча, беларуская турма не зацікаўленая ў тым, каб чалавек вярнуўся назад у соцыюм паўнавартасным яго чальцом. На прэзэнтацыі ў Магілёве кнігі «Чарвяк», якая распавядае пра ягоныя «турэмныя падарожжы», Зьміцер адзначыў:

«У нас калі ў нас нехта адной нагой спатыкнецца, то яго тады ўжо цягнуць, каб ён у калюжыне выкачаўся ўвесь. За ўсіх гэтых людзей няма каму заступіцца. Апазыцыя трапляе пад махавік рэпрэсіяў апошняй. Спачатку гэтая схема адпрацоўваецца на п’яніцах, наркаманах, на рабаўніках».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG