Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дырэктар «Івацэвічыдрэва» — намесьніку міністра архітэктуры і будаўніцтва: З-за вас Мальцаў апынуўся за кратамі


Уладзімер Мальцаў

Уладзімер Мальцаў

На працэсе над былым гендырэктарам «Барысаўдрэва» Ўладзімерам Мальцавым узьнікла спрэчка паміж сьведкамі — намесьнікам міністра архітэктуры і будаўніцтва Сяргеем Ластачкіным і гендырэктарам аб’яднаньня «Івацэвічыдрэў», былым дырэктарам канцэрну «Беллеспаперапрам» Уладзімерам Шульгой.

Як выявілася, сьведкі па-рознаму бачаць прычыны, дзеля якіх было замаруджана будаўніцтва новай кацельнай на «Барысаўдрэве» і ў выніку быў сарваны графік мадэрнізацыі прадпрыемства. Сьведка Сяргей Ластачкін мяркуе, што турэцкая фірма «Бэрсэй», якая паставіла масьленыя катлы на прадпрыемства, паводле кантракту мусіла і змантаваць гэтыя катлы на новай пляцоўцы. Сяргей Ластачкін прызнаў, што мантаж у кантракце з туркамі асобна ня быў агавораны, але, на ягоную думку, такі абавязак вынікаў з таго, што кантракт прадугледжваў устаноўку новага абсталяваньня і яго запуск «пад ключ». Паводле намесьніка міністра архітэктуры і будаўніцтва, такую практыку дыктуюць законы Беларусі.

Сьведка Ўладзімер Шульга з гэтым быў нязгодны.

«Ня трэба ўводзіць у зман палову краіны. З-за гэтага меркаваньня страцілі год пры будоўлі кацельнай, а Мальцаў апынуўся за кратамі. Мантаж — гэта асобныя працы, якія каштуюць немалых грошай. Пра іх трэба дамаўляцца асобна і агаворваць усё ў кантракце», — заявіў суду Ўладзімер Шульга.

Сяргей Ластачкін на словы ў свой адрас Уладзімера Шульгі не адрэагаваў. Сьведка Ластачкін таксама паведаміў, што на нарадзе ў міністэрстве прадстаўнікі турэцкай кампаніі нібыта пагадзіліся зь ягоным меркаваньнем пра тое, што мантаж катлоў яны мусяць зрабіць у межах дзейнага кантракту. Паводле сьведкі, гэта можна спраўдзіць праз адпаведныя запісы ў пратаколе паседжаньня, у якім браў удзел і гендырэктар «Барысаўдрэва». Аднак Уладзімер Мальцаў з лавы падсудных абвінаваціў сьведку ў хлусьні. Паводле падсуднага, у выніку нарады, пра якую згадаў намесьнік міністра, турэцкія партнэры гатовыя былі ўвогуле зьехаць зь Беларусі і спыніць супрацоўніцтва, бо лічылі патрабаваньні мантаваць катлы бясплатна незаконнымі. Спатрэбіўся адмысловы ліст ва ўрад, каб там дазволілі турэцкай кампаніі на правах субпадраду заключыць новую дамову з «Барысаўдрэвам» на мантаж абсталяваньня за дадатковыя грошы. «Але ў выніку страцілі амаль год», — мяркуе пра сытуацыю сьведка Ўладзімер Шульга.

Падсудны Ўладзімер Мальцаў прызнаўся суду, што зь Сяргеем Ластачкіным у яго ў выніку ўзаемнай працы склаліся «непрыязныя адносіны». Сяргей Ластачкін патлумачыў гэта рознымі пазыцыямі што да праблемы мантажу. Мальцаў заявіў, што разыходжаньні больш грунтоўныя, і зачытаў вытрымкі з пратаколаў пасяджэньняў «штабу» па мадэрнізацыі «Барысаўдрэва» з удзелам першага віцэ-прэм’ера Ўладзімера Сямашкі, на якіх даваліся даручэньні асабіста сьведку Сяргею Ластачкіну. Паводле Мальцава, той некаторыя з даручэньняў штабу не выконваў, за што яго каралі ў адміністратыўным парадку. «Вось адкуль непрыязь», — лічыць Мальцаў. «Трэба было самому працаваць адказна, а не прыкрывацца сьпінаю Ўладзімера Сямашкі», — парыраваў наступ Мальцава Сяргей Ластачкін.

31 кастрычніка на працэсе ў Менскім абласным судзе чакалі допыту сьведкі Ўладзімера Сямашкі, але ў сярэдзіне дня стала вядома, што той выступае ў Нацыянальным сходзе. У выніку судзьдзя абвясьціў перапынак да 3 лістапада. Ці дапытае ў панядзелак суд першага віцэ-прэм’ера ўраду, невядома.

XS
SM
MD
LG