Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актывіст-эколяг Сяргей Абразоўскі: «Судзьдзя таксама адказная за атручваньне пэстыцыдамі»


Сяргей Абразоўскі

Сяргей Абразоўскі

Былая судзьдзя Пухавіцкага раённага суду Сьвятлана Акуліч у ліку 6 судзьдзяў выключаная са сьпісу неўязных у краіны Эўразьвязу. Што пра гэта думаюць людзі, адносна якіх судзьдзя выносіла незаконныя, як лічылі ў Эўразьвязе, рашэньні?

Карэспандэнт Свабоды стэлефанаваўся з актывістам экалягічнага руху Сяргеем Абразоўскім. У 2008 годзе Абразоўскі быў арганізатарам мітынгаў пратэсту супроць будаўніцтва ў Пухавіцкім раёне заводу пэстыцыдаў. У красавіку 2008 году за арганізацыю мітынгу побач з ТЭЦ-5 каля пасёлку Дружны судзьдзя Сьвятлана Акуліч прысудзіла Сяргею Абразоўскаму штраф у 1 мільён 400 тысяч беларускіх рублёў, што, як на тыя часы, адпавядала прыблізна 500 далярам. Сяргей Абразоўскі згадаў, як зьбіраць гэтыя немалыя грошы яму дапамагалі сябры і аднадумцы.

«Гэта бадай што адзіны добры момант у той гісторыі, бо давялося самому пераканацца ў салідарнасьці нашых людзей. Але што да ролі судзьдзі Акуліч — яна мне падаецца ганебнай. Судзьдзя добра ведала, што паводле Канстытуцыі мы маем права пратэставаць, што мы не парушалі грамадзкага парадку, калі праводзілі свой мітынг. Але, відаць, быў загад, і яна выконвала гэты злачынны, я лічу, загад на 100%.

Дарэчы, тады ж асудзілі ня толькі мяне, а яшчэ 5 удзельнікаў мітынгу. Самы малы штраф быў мясцовай настаўніцы — 500 тысяч ёй далі. Па тых часах гэта быў амаль увесь яе месячны заробак, але гэта судзьдзю не спыніла.

Празь некаторы час мы зноў правялі мітынг пратэсту, і зноў нас асудзілі ў Пухавіцкім раённым судзе, то бок людзям далі зразумець, што праўды ім не дамагчыся.

Тыя незаконныя рашэньні суду наўпрост спрычыніліся і да экалягічных злачынстваў, якія працягваюцца

Што ў выніку? У выніку завод пабудавалі, ён ужо дзейнічае, і тое, што мы казалі пра пагрозу экалёгіі — гэтак і адбываецца. Завод рэгулярна выкідвае ў мясцовы мэліярацыйны канал атрутныя рэчывы. Апошнім разам летась у траўні я накіроўваў у камітэт па прыродных рэсурсах Менскага аблвыканкаму ліст пра тое, што яны чарговым разам скінулі ў канал атруту, нават прыклаў здымкі, зробленыя ў момант выкіду. Але мне далі адказ, што факту такога няма. Атрымліваецца, фотаздымкі ёсьць, а факту няма! То бок мяркую, што тыя незаконныя рашэньні суду наўпрост спрычыніліся і да экалягічных злачынстваў, якія працягваюцца».

Сяргей Абразоўскі выказаў нязгоду з рашэньнем кіраўніцтва Эўразьвязу выключыць са сьпісаў неўязных былую судзьдзю Сьвятлану Акуліч.

«Хоць яна і былая судзьдзя, але што зьмянілася ў ацэнцы яе дзеяньняў тады, у 2008 годзе? Таму мне такое рашэньне падаецца дзіўным. Калі я лічу нейкага чалавека несумленным, то не пушчу яго ў свой дом, а тут атрымліваецца, што яны ўжо сталі пажаданымі асобамі ў Эўропе? Як могуць краіны, дзе паважаецца закон, пускаць на сваю тэрыторыю тых, хто закон не паважае? Зь якой мэтай гэта робіцца? Не магу гэтага зразумець».

XS
SM
MD
LG