Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Расейская авіябаза нам не перашкодзіць. Ці мала што надумае Ўкраіна?» — жыхары бабруйскага авіягарадка


Сьцяна славы з надпісам «Яны ўзьляталі, каб перамагчы» і мапай, на якой пазначаныя гарады, якія бамбавалі самалёты савецкага вайсковага злучэньня

Сьцяна славы з надпісам «Яны ўзьляталі, каб перамагчы» і мапай, на якой пазначаныя гарады, якія бамбавалі самалёты савецкага вайсковага злучэньня

У 2015 годзе ў Бабруйску павінна зьявіцца расейская авіябаза. Сёлета расейскія вайсковыя самалёты ўжо прызямліліся на мясцовым аэрадроме. Апошні ж савецкі самалёт пакінуў Бабруйск у 1993 годзе. У колішнім авіягарадку шмат што зьмянілася за часы сувэрэннай Беларусі. Некаторыя вайсковыя аб’екты прыстасавалі пад цывільныя патрэбы. А як ставяцца жыхары гарадка да разьмяшчэньня расейскай авіябазы? Ці бачаць яны ў гэтым пагрозу для сувэрэнітэту Беларусі? І ад каго будуць бараніць расейскія самалёты беларусаў?

Бабруйскі авіягарадок у савецкія часы хаваўся за агароджай. Цяпер ад яе не засталося ні знаку. Плотам абнесены толькі інжынэрна-аэрадромны полк, што на ўскрайку гарадка, ды ягоныя аб’екты. Да цэнтру Бабруйску ад колішняга вайсковага паселішча — меней за пятнаццаць хвілін хады.

У самім гарадку — цішыня. У будні па дагледжаным паселішчы шпацыруюць маладыя маці зь дзецьмі ў вазках. Шмат пэнсіянэраў бавяць час у дварах цагляных трохпавярховікаў.

Беларускі інжынэрна-аэрадромны полк за агароджай

Беларускі інжынэрна-аэрадромны полк за агароджай

З трыма кабетамі, якія бавіліся гульнёй у карты, гутару пра магчымыя зьмены ў жыцьці гарадка. Жанчыны прыязна рэагуюць на беларускую мову. Разьмяшчэньне расейскай авіябазы вітаюць.

«Надзейней і спакайней будзе нам. Вы ж паглядзіце, што ва Ўкраіне творыцца. А яны ж побач. Там жа ўжо ўсе павар’яцелі. На іх надзеі няма. Расею і Пуціна, як кажуць, ніхто ня зваліць. А Расея і Беларусь — адзіныя. Няхай тут стаіць расейская база — яна нам не перашкаджае. Мала што надумае Ўкраіна — возьме ды пойдзе на Беларусь», — тлумачаць сваю пазыцыю кабеты.

Украінцы застаюцца для жанчын братамі, але суразмоўніцы лічаць, што яны трапілі пад моцны ўплыў ворагаў — якіх, не ўдакладнілі:

«Яны там нібы замбаваныя. У мяне дачка там жыве, дык ёй на гэтую тэму нельга слова сказаць. Была ў мяне летам. Усё адразу становіцца, як гэта...», — выказваецца адна жанчын.

На заўвагу: «А мы ці не замбаваныя?» пярэчаць: «Не, вы што. Мы ж жывём пакуль спакойна».

Адзін з занядбаных дамоў у гарадку. Дзеці ў ім гуляюць у вайну

Адзін з занядбаных дамоў у гарадку. Дзеці ў ім гуляюць у вайну

Суразмоўніцы кажуць, што ў Беларусь прыехалі за сваімі мужамі, якія служылі авіятарамі. Пражылі тут не адзін дзясятак гадоў і заяўляюць, што любяць Беларусь. Наракаюць на тутэйшую неўладкаванасьць жыцьця. Бэсьцяць уладу за занядбаныя вайсковыя будынкі і спадзяюцца на расейцаў, якія, паводле жанчын, зробяць у гарадку парадак:

«Кажуць, і садок пабудуюць, і школу, і шмат дамоў і крамаў. Вядома ж, жыцьцё тут будзе весялейшае. Мы за Расею з усіх бакоў. Каб была тут адзіная валюта. Лукашэнка казаў, што пэнсіі будуць аднолькавыя».

Карэспандэнт: «Дык тады Лукашэнка наўрад ці будзе прэзыдэнтам?»

Кабеты: «Не, ён застанецца. Але пойдзе толькі на роўных. Ён не саступіць».

У колішнім Доме афіцэраў цяпер мастацкая школа. На месцы скульптуры з каменя быў помнік Леніну

У колішнім Доме афіцэраў цяпер мастацкая школа. На месцы скульптуры з каменя быў помнік Леніну

Наступны суразмоўца, мужчына сярэдняга веку, таксама кажа, што расейская авіябаза патрэбная Беларусі. Бараніць будзе ад натаўскіх войскаў, якія, паводле яго, абклалі краіну з усіх бакоў. На ягоную думку, беларуская авіяцыя разьвітая кепка, таму прыдасца і расейская:

«Мы ж без Расеі ніхто, і мы ад яе ўсё адно залежым — ад ейнага газу, нафты. Ніводная вайна міма тэрыторыі Беларусі не праходзіла. У любым разе, калі будзе яшчэ адна вайна, то мы пападаем пад яе. І ў выпадку чаго ў нас будзе чым бараніцца», — тлумачыць сваю пазыцыю мужчына.

Гэтак выглядае авіягарадок цяпер

Гэтак выглядае авіягарадок цяпер

Суразмоўца, аднак, не спадзяецца на вялікія эканамічныя выгады ад разьмяшчэньня расейскай авіябазы ні для Беларусі, ні для Бабруйску:

«Тут узьвядуць лішні дом для расейскіх авіятараў. Ён у пляне ўжо ёсьць. Каб яны жылі не ў інтэрнаце, а ў сваім доме. Для нас жа ў пляне эканомікі нічога ня зьменіцца, але будуць свае ваенна-паветраныя сілы», — даводзіць жыхар авіягарадка.

Многія жыхары паселішча адзначалі адну нязручнасьць ад расейскай авіябазы:

«Цяпер тут ціха, добра. А будуць самалёты, дык будзе шумна — гэта кепска», — бядуе жыхарка гарадка. — Але мо, ня ведаю, мо так і трэба. Але ж гэта, відаць, будуць расейскія самалёты, расейская база? Як сказаць, чужыя яны нам ці не чужыя? Калі мы сябруем з Расеяй, то, відаць, і ня дужа чужыя. У Беларусі ж сваіх самалётаў няма. І не было ніколі. Тут жа заўжды стаяла расейская дывізія».

Адзін са знакаў савецкай мінуўшчыны ў гарадку

Адзін са знакаў савецкай мінуўшчыны ў гарадку

Апошні савецкі самалёт пакінуў Бабруйск у 1993 годзе. Сёлета некалькі расейскіх апрабавалі мясцовы аэрадром. Кажуць, што ён у неблагім стане, але вымагае рэканструкцыі. За яе возьмуцца расейцы.

Беларускія вайскоўцы з інжынэрна-аэрадромнага палку на пытаньні пра расейскую авіяцыйную базу, якая можа зьявіцца ў гарадку, адказваць адмаўляліся. Выслухаўшы журналіста, тут жа сыходзілі. Толькі адзін адказаў, што ў расейскай базы ёсьць свае плюсы і мінусы. Што ён меў на ўвазе — не патлумачыў.

Рамантуюць дарогу, як кажуць, на расейскія грошы

Рамантуюць дарогу, як кажуць, на расейскія грошы

За часы сувэрэннай Беларусі ў колішнім вайсковым паселішчы ўзьвялі не адзін шматпавярховік. У гарнізонным Доме афіцэраў цяпер мастацкая школа. Каля яе — сьцяна славы з надпісам «Яны ўзьляталі, каб перамагчы» і мапай, на якой пазначаныя гарады, якія бамбавалі самалёты савецкага вайсковага злучэньня. Помнік Леніну зьнік. Ад савецкай мінуўшчыны засталіся назвы вуліц з расейскамоўнымі шыльдамі ды памятнымі знакамі. Прыкметаў беларушчыны ў гарадку няма. Адну з дарог да яго актыўна рамантуюць. Мясцовыя жыхары кажуць, што за расейскія грошы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG