Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Чорны сьпіс» Эўразьвязу быў «дзіравы»


Сяргей Касьцян
Сяргей Касьцян

Былы дэпутат палаты прадстаўнікоў, старшыня партыі «Беларускі славянскі камітэт» Сяргей Касьцян выключэньню сваёй пэрсоны з «чорнага сьпісу» ўзрадаваўся: «Гэта ня будзе больш перашкаджаць дзейнасьці па разьвіцьці славянскага руху сярод славянскіх краінаў».

Сяргей Касьцян распавёў, што 10–12 кастрычніка ён езьдзіў у Баўгарыю на навуковую канфэрэнцыю, прысьвечаную 115-годзьдзю славянскага руху ў Баўгарыі. Амбасада Баўгарыі ў Беларусі яму бесьперашкодна аформіла бясплатную візу, нягледзячы на тое, што Касьцян падпадае пад санкцыі Эўразьвязу і ЗША. Праўда, у аэрапорце Сафіі яго спачатку затрымалі, бо ён быў у «чорным сьпісе», пільна агледзелі яго самога і багаж, але праз гадзіну адпусьцілі:

«Так, баўгарскія памежнікі і мытнікі парушылі забарону, праігнаравалі „чорны сьпіс“ і перада мной выбачыліся, бо яны славяне. У Сафіі абмяркоўвалася пытаньне правядзеньня ХІ Усеславянскага зьезду, і былі прапановы правесьці яго ў Варшаве. Але ў сувязі з тым, што я „неўязны“, прадстаўнікі славянскіх краінаў сказалі, што з Варшавай такі нумар ня пройдзе, мяне пэўна не прапусьцяць. Усе калегі са славянскіх краінаў сказалі: „Сяргей Іванавіч, бяз вас правядзеньне гэтага зьезду немэтазгоднае“. Таму зьезд вырашылі правесьці ў Сэрбіі, бо паміж Беларусьсю і Сэрбіяй бязьвізавы рэжым. І Сэрбія не падтрымала гэты чорны сьпіс. А цяпер ужо ў любой краіне можна праводзіць зьезды, канфэрэнцыі, сустрэчы, бо я ўжо „ўязны“».

У бліжэйшых плянах спадара Касьцяна — Варшава, Браціслава, Прага.

Дарэчы, быццам бы па службовых справах многія «неўязныя» беларускія чыноўнікі выяжджалі на міжнародныя канфэрэнцыі, форумы, у службовыя камандзіроўкі. Да прыкладу, Натальля Пяткевіч езьдзіла ў Нью-Ёрк на сэсію ААН.

У студзені 2012 году неўязны на тэрыторыю Эўразьвязу тагачасны міністар унутраных спраў Беларусі Анатоль Куляшоў наведаў Францыю. Віза была выдадзена на просьбу Інтэрполу. Тады адвакат Вільям Бурдон падаў у францускі суд пазоў да міністра Куляшова, каб француская паліцыя неадкладна яго арыштавала. Міністра ўратавалі дыппашпарт і тая акалічнасьць, што ў Ліёне ён быў на запрашэньне міжнароднай структуры — Інтэрполу.

У сакавіку 2012 году тагачасны старшыня КДБ Вадзім Зайцаў, які таксама фігуруе ў чорным сьпісе, быў камандзіраваны прэм’ер-міністрам Беларусі ў Рым.

У ліпені 2012 году неўязная старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына наведала Вену, дзе ўдзельнічала ў канфэрэнцыі па чалавечым вымярэньні АБСЭ.

У прыватных размовах многія іншыя неўязныя прызнаваліся, што, нягледзячы на чорныя сьпісы, усё ж наведвалі эўрапейскія краіны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG