Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі гопнік вымірае. Сказаць, што гопнікі ў Беларусі захаваліся як зьява — тое самае, што назваць нашу краіну, выбачайце, постсавецкай. На гэтай шахматнай дошцы — усходзе Эўропы — усё даўно сто разоў памянялася. Вось і такой фігуры, як гопнік (усіх б’е і ходзіць толькі назад), правілы гульні тут больш не прадугледжваюць.

Сёе-тое ад гопнікаў, вядома, засталося — у якасьці матэрыяльнай, мацернай і іншай культурнай спадчыны. Адмысловы стыль у вопратцы, дагэтуль папулярны на ўскраінах беларускіх гарадоў, узровень інтэлекту, вышэй за які «настаяшчаму пацану» падымацца ня варта, нелюбоў да таго, хто ня з нашага раёна, моўныя асаблівасьці — але гэтага мала, мала... Некалі дасьледчыкі вылучалі гопнікаў у асобную субкультуру — цяпер вылучаць няма каго, «усе пайшлі на фронт». Фронт спажываньня і спажывецтва, лінія якога праходзіць так блізка, што каб пачуць кананаду, неабавязкова вылазіць з уласнай кватэры.

А вось каб устаць плячом у плячо і атрымаць сваю долю — з кватэры вылезьці давядзецца. Цяпер колішнія лысыя люмпэн-пралетары — перадавы атрад сусьветнай арміі сьмяротнікаў-спажыўцоў. Яны з намі ў адной чарзе. Хто ня з намі — ня нашы праблемы.

Тыя, хто яшчэ пятнаццаць гадоў назад мог бы папоўніць гопніцкае войска — маюць цяпер зусім іншыя прыярытэты. Не, пагаліцца налыса, апрануцца ў спартовы касьцюм з туфлямі ды лушчыць семкі, седзячы на кукішках — усё гэта, як і раней, падаецца маладым беларусам досыць цікавым і творчым баўленьнем часу, але... Але адкуль тады ўзяць «нармальны» тэлефон, «нармальны» ноўтбук і машыну, на якія сродкі ў ягіпты і турцыі езьдзіць і дзевушак па рэстаранах вадзіць? І вабшчэ — цяпер гопнікам быць нямодна. Нармальны пацан цяпер шукае, дзе ўзяць бабкі. Нармальны пацан шукае нармальную работу. «Капіталізмус», як змрочна казаў адзін з герояў Арнольда Шварцэнэгера — у тыя яшчэ часы, калі гопнікаў на вуліцах беларускіх гарадоў было болей, чым дрэваў. Пры ўсіх асаблівасьцях беларускай грамадзка-эканамічнай мадэлі «капіталізмус» прыйшоў і сюды. Прыйшоў і змыў гопніка ў свае эрганамічныя бліскучыя ўнітазы. Ён адным махам зьнішчыў гопніцтва як клясу. Гопнік апамятацца не пасьпеў, як ужо сядзеў не на карачках, а на вяршыні спажывецкай піраміды — член таргет-групы і ахвяра рэклямы.

Юны беларускі люмпэн-пралетар цяпер штохвіліны нечым заняты — на тое, каб лавіць валасатых, хадзіць сьценка на сьценку, раён на раён, бухаць, качацца і глядзець улюбёныя баевікі, у яго проста не застаецца часу.

Вядома, гопнік — ня толькі беларускі цуд. Усе суседзі мелі такіх. У нас ён пражыў, бадай, даўжэй, чым ва Ўкраіне, Літве, Латвіі, Польшчы. Пра Расею нічога не скажу — здаецца, гопнікі там захапілі ўладу. Расея вялікая — таму з упэўненасьцю казаць пра тое, што там нешта вымерла, будзе даволі саманадзейна. Нават самім расейцам у нейкі момант падалося, што ў іх вымер увесь сталін. Потым азірнуліся, прыгледзеліся, і ад сэрца адлягло: не, жывы...

Беларусь з апошніх сілаў змагалася за тое, каб захаваць гопніка як від. Усё правільна: запаведнік камунізму мусіў сярод сваёй дагістарычнай фаўны мець і гопніка. Нічога ня выйшла — прырода ўзяла сваё, як кажуць бацькі, глытаючы валяр’янку. Ні запаведніка, ні гопніка, ні «Ленана, ні Леніна», адны могілкі, на якіх і даводзіцца жыць і будаваць нешта сваё.

Тое, што гопнік зьнік, ня значыць, што справа яго больш не жыве. Проста гопніцтва муціравала ў тое, чым было з самага пачатку — дробны і пошлы крымінал і вартае жалю лузэрства, агрэсіўнасьць якога толькі падкрэсьлівае ягонае ўбоства. Або ў крымінал, або ў міліцыю, дэманстрацыі разганяць. Біць бяззбройных людзей па галаве — наогул вельмі па-гопніцку. Але нават слова такога — «гопнік» — у нас ужо амаль не пачуеш.

Хаця, як і раней, у шабанах і чыжоўках Беларусі можна нарвацца на непрыемнасьць — але верагоднасьць гэтага няўхільна зьніжаецца, і ніякай ідэалёгіяй непрыемнасьць больш ня пахне. Пахне пладова-ягадным віном і півам. Гопнік — чалавек, якому няма куды сьпяшацца. А хто не сьпяшаецца, той так і застанецца зь семкавым шалупіньнем на губах.

У гопніку дзяржава заўжды бачыла калі не свайго, дык прынамсі ідэйна блізкага. Яшчэ ў савецкі час гопнік выклікаў у тагачасных дзяржаўных органаў спагаду і карыстаўся ў іх маральнай падтрымкай — міліцыі, камсамольскім кіраўнікам, пэдагогам і вэтэранам гопнік уяўляўся кімсьці кшталту санітара лесу. Усё ж свой рабочы хлопец, стрыжаны, тупаваты, агрэсіўны, але свой, ня нейкая там багема — вось хто дапаможа навесьці парадак і прыструніць нефармалаў. Напэўна, зьнікненьне гопніка беларуская дзяржава таксама пракамэнтавала ўздыхам глыбокага шкадаваньня. Каб замяніць гопнікаў, давялося ствараць розныя бэрээсэмы.

Беларускую ўладу, вядома, таксама часьцяком хочацца параўнаць з гопнікамі, «пацанамі с раёна». Туфлям, якія носяць беларускія чыноўнікі, почасту больш пасаваў бы спартовы касьцюмчык, і манера гаварыць у большасьці зь іх тыпова гопніцкая, і стаўленьне да «чужых», і агрэсія — такая самая нематываваная, зьніадкуль, сьляпая, дурная. І ўзаемадачыненьні з культурай такія самыя складаныя. Беларуская ўлада проста не разумее, што гэта такое і каму патрэбна. Вось качацца, бухаць, сьценка на сьценку, «Вову знаеш? Саню знаеш?» — гэта ім ясна, і двойчы паўтараць ня трэба. Гопніцкая палітыка. Але беларускія кіраўнікі-чыноўнікі — ня гопнікі. Гопнік — зьява чыста гарадзкая. А гарады беларускія чыноўнікі ня любяць, хаця жывуць у іх і нават спрабуюць вырашаць, якім быць гэтым дзіўным, зьнявечаным імі гарадам.

Гопнік — гэта той, хто замінае нам жыць. Быць сабой. У часы росквіту гопніцтва расейскі музыка Майк Навуменка ў сваёй песьні пра гэтых прадстаўнікоў савецкага народу сфармуляваў, хто ёсьць гопнік для добрага чалавека — «Это гопники. Они мешают нам жить». Насамрэч ужо не замінаюць — бо вымірае гопнік, вымірае ў пагоні за спажывецкім цялём, як ні качаўся, сілаў не хапіла. У гопніка няма нацыянальнасьці. Мова? У Літве, Латвіі, Эстоніі, Беларусі, Украіне ягонай мовай заўжды быў расейскі мат. Мат застаўся — а гопніка няма. Мат капіталізм забраў з сабой, бо мат можна прадаць — а гопніка выкінуў. Каму ён трэба?

Зрэшты, у сьмерць беларускага гопніка вераць ня ўсе.

«Я не пазнаю свой народ:
Быдла, здраднікі, гопнікі, абывацелі —
Вось гэты зброд»,

так пачынаецца песьня аднаго беларускага сучаснага гурту. Праўда, далейшыя радкі любому гопніку прыйшліся б даспадобы, так што можна толькі ўсьміхнуцца наіўнасьці аўтара гэтага патаснага тэксту:

«Підару, алкашу, наркаману, курцу,
Лібэралу, талерасту, шавіністу,
Антыфашысту, камуністу,
Капіталісту, дэмакрату, анархісту...
Няма месца на Беларусі.
Закон і суд — гэта ты сам.
Страляй, узрывай, рэж,
Забівай слабасьці свае!»

Паслухаеш такія песьні, пачытаеш патрыятычныя сайты — і задумаешся: нешта цесна зрабілася на той Беларусі. Усім раптам пачало не хапаць месца. Раней вось хапала — а цяпер усё забівай ды забівай. Што ж, гопнік таксама быў патрыёт свайго раёну. Цяпер ён галасуе правільна, будуе кватэру ў крэдыт і марыць, каб не было вайны. Людзі, якія забіваюць свае слабасьці, такія прадказальныя.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG