Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяргей Абламейка сьцьвярджае, што беларусам уласьцівая прыроджаная цяга да красы. Вось яшчэ адно пацьверджаньне гэтай тэзы.

У Літве беларусы закупляюцца ўсім на сьвеце — зразумела чаму, і эстэтыка сярод прычын не на самым першым месцы. Але ёсьць адзін паказальны тавар — запалкі.

Літоўскія запалкі – з рознакаляровымі галоўкамі ў гладкіх каробачках з выразным каляровым малюнкам. Да таго ж яны ніколі не «страляюць». Адна асалода браць такія запалкі ў рукі. Дробязь, вядома, калі не лічыць, што з соцень такіх дробязяў складаецца пазытыўны настрой і нават адчуваньне, якое Барыс Пятровіч назваў «шчасьцем быць». Між іншым, той жа Абламейка лічыць увагу да дробязяў адметнай рысай эўрапейцаў, што дае яму падставу называць беларусаў эўрапейскай нацыяй.

Але вось пытаньнечка. Чаму самі беларусы ў Пінску ці Барысаве прадукуюць запалкі – страшныя з выгляду ды яшчэ й стралючыя? Шэрыя шурпатыя, абы як склееныя карабкі з замызганым надпісам, у якім не заўсёды і расчытаеш той «Пінскдрэў», а было б дарэчы напісаць хімічным алоўкам «ГУЛАГ» і зараз жа засунуць карэлай рукой у прамасьленую кішэню заношанай куфайкі…

Дзе ж тая беларуская цяга да прыгожага, дзе пачуцьцё густу, дзе эстэтычная вытанчанасьць, якія так уласьцівыя нашым народным строям і песьням, карцінам нашых найлепшых мастакоў і вершам найлепшых паэтаў. Мой адказ вельмі просты. Усё, што ў нас дзяржаўнае (пачынаючы ад сымболікі і лексыкі кіраўніка дзяржавы, ад выданьняў праўладнага Саюзу пісьменьнікаў і песень Дарафеевай (бела-белая русь, я табою гаржусь) і сканчаючы афармленьнем «Дажынак» і этыкетак гарэлкі «Бульбашъ») – усё гэта па-за межамі эстэтыкі і да культуры ня мае ніякага дачыненьня. І ўсё, што дзяржава дэкляруе як прыгажосьць (ад конкурсаў крысаты да апошняй прэзыдэнцыі ў туркменскім стылі) — звычайны, вельмі дарагі, хоць пры тым дзяшовы кіч.

Прыгажосьць, эстэтыку і культуру ў іх жывых праявах мы знаходзім альбо ў недзяржаўнай сфэры, альбо за мяжой. Там, дзе жыве свабода.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG