Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Чорны сьпіс» судзьдзі Рэлявы


Чаму пускаюць у Эўропу судзьдзю — «палітычнага кілера»?

Я працую ў незалежнай журналістыцы ад 1997 году. І колькі памятаю, амаль кожны год пры гаворцы пра парушэньні правоў чалавека ў Беларусі гучала імя судзьдзі Аксаны Рэлявы, якую цяпер выключылі з «чорнага сьпісу» Эўразьвязу. Сёньня яна можа перасекчы мяжу на захад.

Я як журналістка неаднаразова прысутнічала на судах пасьля масавых акцый і была сьведкам прысудаў Рэлявы, якія з большага былі заснаваныя на паказаньнях сьведкаў-міліцыянтаў

Калі прагугліць яе імя толькі на сайце Свабоды, дык застракаціць у вачах. Яна выносіла абвінаваўчыя прысуды Вячаславу Сіўчыку, Анатолю Лябедзьку, Віктару Івашкевічу, Сяргею Анончыку, Артуру Фінькевічу, Паўлу Севярынцу, Зьмітру Дашкевічу, Васілю Парфянкову, Андрэю Саньнікаву, Зьмітру Бандарэнку, Людміле Гразновай, Алесю Міхалевічу ды яшчэ дзясятку апазыцыйных палітыкаў і грамадзкіх актывістаў.

Сярод выключаных з чорнага сьпісу ЭЗ ёсьць былыя судзьдзі — Сьвятлана Акуліч, былая судзьдзя Пухавіцкага раённага суду, Дзьмітрый Аляксандраў, былы судзьдзя Вышэйшага гаспадарчага суду, Аляксандр Хадановіч, былы судзьдзя суду Цэнтральнага раёна Менска, Ігар Крот, былы судзьдзя Менскага гарадзкога суду, Іна Шайко, былая судзьдзя суду Цэнтральнага раёна Менска. У тым ліку і былая судзьдзя суду Савецкага раёну Менску, якую некаторыя яе шматразовыя кліенты называюць «палітычным кілерам».


Я паспрабавала скласьці «чорны сьпіс» судзьдзі Рэлявы. Праўдападобна, што ён няпоўны.

1999 год. Суды за Марш Свабоды.

1999 год. Суды над затрыманымі ўдзельнікамі апазыцыйнай акцыі пратэсту з нагоды падпісаньня расейска-беларускае дамовы.

2000 год. Разгляд 72 адміністрацыйных справаў над затрыманымі ўдзельнікамі апазыцыйнай акцыі 25 сакавіка.

2001 год. Суды над абаронцамі Курапатаў

2002 год. Арышты за акцыю з нагоды Дня Сьвятога Валянціна

2003 год. Арышты Андрэя Саньнікава і Зьмітра Бандарэнкі за арганізацыю маршу “За лепшае жыцьцё!”

2003 год. Арышты за акцыю 25 сакавіка

2004 год. Арышты і штрафы ўдзельнікам «Чарнобыльскага шляху»

2005 год. Сяргея Антончыка судзьдзья Рэлява пакарала штрафам за парушэньне грамадзкага парадку ў часе правядзеньня масавага мерапрыемства ў прыватнай кватэры

2006 год. Анатоля Лябедзьку пакаралі штрафам “за брыдкаслоўе”

2006 год. Суд над Міхаілам Субачам за «Джынсавы фэст»

2007 год. Суды над Вінцуком Вячоркам і Вячаславам Сіўчыкам

2008 год. Прысуды ўдзельнікам Дня Волі

2009 год. За партрэт Аўтуховіча — штраф больш за мільён рублёў

2010 год. Журналіста Белсату Івана Шульгу асудзілі на 10 сутак

2011 год. Арышт Віктара Івашкевіча

2012 год. Суды за Чарнобыльскі шлях. Дземідзенку — 15 сутак

2013 год. Актывіста Яна Мельнікава аштрафавалі

2013 год. Арышты за «Чарнобыльскі шлях»

У судзе Савецкага раёну Менску Свабодзе паведамілі, што Аксана Рэлява ўжо год, як не працуе. І можа цяпер падарожнічаць па Эўропе.

Дык выглядае, што Рэляву выключылі са сьпісу ЭЗ таму, што ў 2014 яна нікога не пасадзіла і не аштрафавала за грамадзкую актыўнасьць? Значыць, дастаткова ўсяго аднаго году...

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG