Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Бабруйску прэзэнтавалі фільм «Дысыдэнт» пра Міхаіла Кукабаку


Алесь Бяляцкі з самым малым удзельнікам вечарыны Францішкам

Алесь Бяляцкі з самым малым удзельнікам вечарыны Францішкам

У Дзень памяці ахвяраў палітычных рэпрэсіяў, які адзначае дэмакратычная грамадзкасьць, у Бабруйску адбыўся прэм’ерны паказ фільму «Дысыдэнт». Галоўны герой стужкі — вязень савецкіх лягераў і закрытых псыхалягічных лякарняў, беларус Міхаіл Кукабака. Арганізаваў прэзэнтацыю фільму Праваабарончы цэнтар «Вясна».

Распавесьці пра «Дысыдэнта» ў Бабруйск прыехалі праваабаронца Алесь Бяляцкі, рэжысэр фільму Віктар Трацякоў ды сцэнарыстка Паліна Сьцепаненка.

У прыватную сядзібу на Кастрычніцкай вуліцы паглядзець стужку прыйшло тры дзясяткі чалавек. Сярод іх мясцовыя праваабаронцы, актывісты палітычных і грамадзкіх арганізацый ды журналісты.

Былы палітвязень Алесь Бяляцкі ўпершыню прыехаў у Бабруйск пасьля вызваленьня зь мясцовай калёніі. Кіраўнік «Вясны» адзначае, што горад ён бачыў толькі з вакна швейнага цэху калёніі, у якой прабыў два гады. Разам з тым гэтыя гады былі важныя для яго, і ён лічыць сябе бабруйцам, як і Міхаіл Кукабака.

Алесь Бяляцкі расказвае пра Міхаіла Кукабаку і сваё нявольніцтва

Алесь Бяляцкі расказвае пра Міхаіла Кукабаку і сваё нявольніцтва

Паводле Бяляцкага, Міхаіл Кукабака ня толькі савецкі дысыдэнт, але і беларускі. Ён 17 гадоў прабыў у зьняволеньні —сядзеў у калёніях і псыхіятрычных лякарнях.

«Ён выйшаў на волю апошнім з савецкіх дысыдэнтаў, не напісаўшы просьбы пра памілаваньне. Яго хацелі зламаць, але не зламалі. Прыклад жыцьця Кукабакі сьведчыць, што ня трэба апускаць рукі ні пры якіх умовах», — сказаў на вечарыне Алесь Бяляцкі.

«Сёньня дзень палітычных рэпрэсаваных. Міхась Кукабака сваім жыцьцём даказваў, што за дэмакратычныя каштоўнасьці часам трэба плаціць высокі кошт. Сам Кукабака з Бабруйску, таму натуральна, што прэм’ера фільму пра яго адбываецца ў ягоным горадзе», — зазначыў «Свабодзе» Алесь Бяляцкі.

Паліна Сьцепаненка

Паліна Сьцепаненка

Паліна Сьцепаненка адзначае, што зрабіць фільм пра беларускага дысыдэнта прапанаваў Алесь Бяляцкі, калі яшчэ быў за кратамі :

«Міхаіл Кукабака — вельмі прыцягальная асоба. Гэта легенда беларускай праваабароны, нягледзячы на тое, што кажуць, маўляў, у Беларусі не было дысыдэнцтва. Ён спалучаў у сабе дысыдэнцтва зь беларускай ідэнтычнасьцю. У эсэ «Скрадзеная бацькаўшчына» ён уздымае пытаньне русыфікацыі. Калі ён прыехаў у Беларусь пасьля аднаго са зьняволеньняў, то ня ўбачыў беларускамоўнага знаку „Сьцеражыся цягніка“. Замест яго быў расейскамоўны знак. Тады Кукабаку гэта дужа абурыла, і так было напісана эсэ „Скрадзеная бацькаўшчына“».

«У характары Кукабакі спалучаецца дзіцячая цікаўнасьць зь векавой мудрасьцю», — кажа пра героя фільма «Дысыдэнт» Віктар Трацякоў.

Віктар Трацякоў

Віктар Трацякоў

«Гэтаму чалавеку было наканавана быць дысыдэнтам у савецкай краіне менавіта ў сілу свайго характару. Чалавек перажыў многае, аднак застаецца аптымістам».

Палітвязьні — тая праблема, якая застаецца актуальнай для Беларусі і Расеі, казалі на вечарыне. Міхаіл Кукабака дагэтуль шукае справядлівасьці ў расейскім ФСБ — нашчадку савецкага КДБ.

Міхаіл Кукабака жыве цяпер у Маскве. Калі здымалі фільм, ён наведаў Беларусь і пабываў у Бабруйску, сустрэўся зь сябрамі маладосьці.

Фільм «Дысыдэнт»

XS
SM
MD
LG