Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лагвінец: гэтыя візавыя абмежаваньні — заслужаныя


Алесь Лагвінец

Алесь Лагвінец

Палітоляг Алесь Лагвінец пракамэнтаваў карэспандэнту Свабоды падаўжэньне санкцыяў ЭЗ супраць афіцыйнага Менску.

Ён лічыць, што афіцыйны Менск заслужыў падаўжэньне санкцыяў з боку Эўразьвязу.

Тое, што гэта адбылося на фоне падзеяў ва Ўкраіне, Алесь Лагвінец пракамэнтаваў карэспандэнту Свабоды так:

«Абмежавальныя крокі былі ўведзеныя за канкрэтныя дзеяньні ўладаў Беларусі. Гэтыя дзеяньні не памяняліся, і сытуацыя ўнутры Беларусі ніякім чынам не зьмянілася. У стасунках паміж Беларусьсю і ЭЗ ёсьць свой парадак дня, які наўпрост не зьвязаны з тым, што адбываецца ва Ўкраіне, ці з тым, што вырабляе Расея на міжнароднай арэне. І таму ЭЗ, чакаючы большай колькасьці пазытыўных крокаў з боку ўладаў Беларусі, вырашыў не мяняць свой падыход. Хоць гэта не азначае, што калі ўлады Беларусі адумаюцца, зробяць чаканыя ад іх крокі, пытаньне пра санкцыі ня можа быць перагледжанае раней».

Карэспандэнт: «Як вы ставіцеся да таго, што пэўныя асобы зьнікнуць са сьпісу?»

Лагвінец: «Гэта будзе азначаць дыфэрэнцыяваны падыход і тое, што эўрапейцы ўсё ж адрэагавалі на пазытыўны крок — вызваленьне Алеся Бяляцкага, знакавай асобы. Але зразумела, што санкцыі застаюцца ў сіле, бо не памянялася ні сытуацыя з правамі чалавека, ні з прававой дзяржавай, ні наагул з вызваленьнем палітвязьняў. Гэта такая больш гнуткая палітыка. Хацелася б, каб сьпіс неўязных быў больш гнуткі. Гэта значыць, каб ён ня толькі скарачаўся, але таксама і пашыраўся пры патрэбе, калі ёсьць тыя, хто гэтага вельмі заслугоўвае. Гэта значыць, тыя, хто „вызначыўся“ сваімі дзеяньнямі па парушэньні правоў чалавека».

Карэспандэнт: «Наколькі ўплывовыя гэтыя абмежавальныя крокі?»

Лагвінец: «Яны маюць сымбалічнае значэньне, і ЭЗ палічыў, што для захаваньня і яго ўласнага іміджу, і для падтрымкі ідэяў дэмакратыі і правоў чалавека ў Беларусі было б непрадуктыўна гэтыя дзеяньні прыпыняць.

Мы бачым, што Лукашэнка час ад часу згадвае, што ён знаходзіцца пад санкцыямі. І зразумела, што ня будзе дыялёгу на самым высокім узроўні. Можа, калі нехта з эўрапейскіх палітыкаў будзе завітваць у Менск, па дэфолце, так бы мовіць, па змоўчваньні ён будзе сустракацца, калі Лукашэнка таго захоча, і з Лукашэнкам. Але працяг санкцыяў азначае, што самая галоўная асоба, супраць якой уведзеныя візавыя санкцыі, — гэта Лукашэнка, які адказны за ўсё, што адбываецца ў Беларусі. І мы бачым, што ён, як і раней, застаецца ў сьпісе неўязных у ЭЗ».

Карэспандэнт: «Да вас пытаньне як да прадстаўніка руху „За свабоду“: вы падтрымліваеце гэтае рашэньне ЭЗ?»

Лагвінец: «Мы ад самага пачатку казалі, што візавыя абмежаваньні — гэта сымбалічныя крокі, гэта крок, які паказваў стаўленьне ЭЗ да таго, што адбываецца ў Беларусі. Істотных зьменаў да лепшага ў Беларусі не адбылося. І таму гэтыя візавыя абмежаваньні заслужаныя».

XS
SM
MD
LG