Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Намесьнік старшыні Менскага аблвыканкаму пра экс-дырэктара «Барысаўдрэва»: «Ня ведаю фактаў, каб ён тармазіў мадэрнізацыю»


Уладзімер Мальцаў

Уладзімер Мальцаў

У Менскім абласным судзе працягваецца працэс над былым гендырэктарам аб’яднаньня «Барысаўдрэў» Уладзімерам Мальцавым, якога абвінавачваюць у зрыве мадэрнізацыі прадпрыемства і нанясеньні вялікіх стратаў бюджэту.

Суд ужо вывучыў больш за 100 тамоў справы і зноў вярнуўся да допыту сьведак. 30 кастрычніка ў суд выклікалі даваць паказаньні намесьніка старшыні Менскага аблвыканкаму Валера Скакуна, які ў выканкаме курыруе пытаньні разьвіцьця прамысловасьці, у тым ліку і мадэрнізацыі «Барысаўсдрэва».

Паводле сьведкі Валера Скакуна, у 2013 годзе ён рэгулярна ўдзельнічаў у гэтак званых «штабах», на якіх вырашаліся пытаньні мадэрнізацыі «Барысаўдрэва». Такая ўвага менавіта гэтаму прадпрыемству аддавалася таму, што задачу як найхутчэй мадэрнізаваць «Барысаўдрэў» паставіў Аляксандар Лукашэнка. Як вырашаліся праблемы, якія ўзьніклі на шляху мадэрнізацыі?

Сьведка распавёў пра гісторыю накіраваньня ў Саўмін калектыўнага ліста, які ўрэшце дапамог вырашыць праблему, здавалася б, невырашальную.

На пачатку 2013 году стала зразумела, што зрываецца пачатак мантажных працаў на новай кацельнай. Турэцкую фірму «Бэрсэй», якая паставіла новыя катлы на «Барысаўдрэў» і магла іх змантаваць, да гэтай працы, аднак, спачатку не дапусьцілі. Маўляў, туркі ня маюць беларускіх дазволаў.

Мантаж маглі б зрабіць беларускія адмыслоўцы, але спачатку трэба было збудаваць фундамэнты пад новае абсталяваньне кацельнай. Гэта мусілі зрабіць будаўнікі 21-га трэсту. Аднак яны не пачыналі працаў — на той падставе, што няма праекту. Праект жа не вырабляўся, бо туркі не прадставілі пэўных праектных дакумэнтаў, спасылаючыся на тое, што гэта іхняе «ноў-хаў».

«Бэрсэй» зноў прапаноўваў свае паслугі па мантажы катлоў. Аднак супроць былі тагачасны кіраўнік будаўнічага трэсту № 21 Бусалаў і намесьнік міністра архітэктуры і будаўніцтва Ластачкін, якія казалі, што гэта нібыта будзе незаконна — падпісваць кантракт з туркамі.

І ўсё ж на нарадзе з удзелам першага віцэ-прэм’ера Ўладзімера Сямашкі было вырашана далучыць да мантажу турэцкую кампанію. Дзеля гэтага быў складзены ліст ва ўрад з подпісамі ўдзельнікаў нарады, у тым ліку пад ім паставіў свой подпіс і сьведка.

«Гэта дапамагло?» — спытаў сьведку Валера Скакуна судзьдзя і атрымаў станоўчы адказ.

«Ліст быў разгледжаны ва ўрадзе. Мяркую, у юрыдычнай службе апарату Саўміну ацанілі законнасьць гэтай прапановы. У выніку туркі атрымалі магчымасьць стаць субпадрадчыкам у выкананьні мантажных прац», — паведаміў сьведка Валер Скакун.

Сьледзтва абвінавачвае экс-дырэктара «Барысаўдрэва» ў нездаровым кар’ерызьме. Між тым, паводле сьведкі Валера Скакуна, Уладзімер Мальцаў ніколі зь ім не размаўляў пра свой кар’ерны рост. «Ягоныя тэхнічныя веды на добрым узроўні, свае абавязкі Мальцаў выконваў добрасумленна, ён заўсёды працаваў і па выходных. Мне невядомы ніводзін факт, каб ён тармазіў мадэрнізацыю свайго прадпрыемства», — ахарактарызаваў Уладзімера Мальцава намесьнік старшыні Менскага аблвыканкаму.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG