Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ня варта недаацэньваць крывадушнасьць крамлёўскіх правадыроў, — Дзьмітры Арэшкін


Правядзеньне выбараў у «парлямэнты» ДНР і ЛНР, прызначаных сэпаратыстамі на 2 лістапада, — парушэньне менскіх дамоўленасьцяў. Але Масква будзе рабіць выгляд, што гэта ня так.

Такую думку ў інтэрвію Радыё Свабода выказалі экспэрты.

Прафэсар паліталёгіі Кіева-Магілянскай акадэміі Аляксей Гарань назваў хлусьнёй заяву МЗС РФ аб тым, што выбары 2 лістапада адпавядаюць менскім дамоўленасьцям і цалкам правамерныя.

Аляксей Гарань

Аляксей Гарань

«МЗС Расеі чарговы раз сказаў няпраўду. У менскім пратаколе, у афіцыйным дакумэнце, падпісаным амбасадарам РФ ва Ўкраіне Зурабавым, напісана, што мясцовыя выбары ў Данбасе праводзяцца ў адпаведнасьці з законам Украіны аб часовым парадку мясцовага самакіраваньня. То бок, згодна з гэтым пратаколам, выбары ў раёнах, якія кантралююцца баевікамі, павінны адбыцца ў адпаведнасьці з законам аб мясцовым самакіраваньні. Таму зразумела, што правядзеньне так званых выбараў у так званыя парлямэнты ДНР і ЛНР цалкам супярэчыць дамоўленасьцям, калі казаць пра юрыдычны бок. З фактычнага боку мы таксама разумеем, што ніхто гэтых выбараў не прызнае, акрамя Расеі і, магчыма, Нікарагуа», — адзначае Гарань.

Паводле ягоных словаў, прыняўшы закон аб адмысловым статусе асобных раёнаў Данбасу, Кіеў зрабіў вельмі вялікі крок насустрач сэпаратыстам. Але калі гэтыя саступкі не успрымаюцца, то тады і Ўкраіна можа быць вольная ад узятых на сябе ў Менску абавязаньняў.

Пры гэтым Гарань ня ўпэўнены, што Масква сапраўды прызнае выбары і тым больш незалежнасьць сэпаратысцкіх рэспублік, бо гэта можа выклікаць новую хвалю санкцыяў з боку Захаду.

«З боку Крамля гэтыя заявы, што Расея прызнае выбары, могуць быць блефам, тэставаньнем пазыцыі Захаду. Але на што пойдзе Крэмль насамрэч, сказаць вельмі цяжка», — кажа ён.

Дзьмітры Арэшкін

Дзьмітры Арэшкін

Між тым расейскі палітоляг Дзьмітры Арэшкін лічыць, што Расея абавязкова прызнае выбары ў ДНР і ЛНР, бо сёньня Крэмль ня мае іншага выбару.

На ягоную думку, непрызнаньне Крамлём гэтых выбараў будзе ўспрынята як адкрытая здрада і сярод сэпаратыстаў, і сярод часткі ўладных элітаў Расеі. Але і анэксаваць гэтую тэрыторыю Масква ня можа, таму што гэта выкліча новы міжнародны скандал, і плюс да таго ў Расеі няма грошай на падобны праект.

«Таму ідэальным варыянтам было б стварыць нейкую непрызнаную рэспубліку кшталту Прыднястроўя, каб фармальна за гэта адказвала Ўкраіна, каб за нявыплату пэнсіяў і эканамічныя цяжкасьці адказнасьць рытарычна ўскладалася б на Кіеў, а пры гэтым рэальныя рычагі ўлады знаходзіліся ў Крамлі. Каб у патрэбны момант можна было неяк растрэсьці гэты вулей, стварыць цяжкасьці для Ўкраіны. То бок гэта будзе другое Прыднястроўе, якое, як гарачую бульбіну, лепш закінуць за каўнер Украіне, а ня браць на свой кошт», — упэўнены Арэшкін.

Гэта будзе другое Прыднястроўе, якое, як гарачую бульбіну, лепш закінуць за каўнер Украіне, а ня браць на свой кошт

Але пры гэтым афіцыйна прызнаваць незалежнасьць ДНР і ЛНР Расея, хутчэй за ўсё, ня будзе.

«Выбары прызнаюць, а статус пакінуць нявызначаным. Адкрыта прызнаць самастойны статус гэтых рэспублік — гэта досыць жорсткае рашэньне, таму што ёсьць рызыка нарвацца на наступную хвалю санкцыяў. Будзе такое палавіністае рашэньне — тое самае хаджэньне па лязе нажа, якое заўсёды ў Пуціна добра ўдавалася ў міжнародных адносінах. Я думаю, што проста за прызнаньне выбараў Эўразьвяз на наступную хвалю санкцыяў усё ж такі не гатовы пайсьці. Ім жа гэта таксама ня хочацца — яны разумеюць, што гэта б’е па эканоміцы Эўропы таксама, хоць у большай ступені б’е па Расеі», — канстатуе палітоляг.

Што тычыцца лёсу менскіх дамоўленасьцяў, то, на думку Арэшкіна, выбары ў ДНР і ЛНР зусім не азначаюць іх ліквідацыі. Масква проста будзе казаць, што гэтыя выбары прайшлі ў адпаведнасьці зь менскай дамовай.

«Самі луганскія і данецкія лідэры казалі, што яны гэтыя дамоўленасьці не падпісвалі, а прысутнічалі ў якасьці назіральнікаў. Захарчанка кажа, што трэба заваяваць Славянск і Марыюпаль. То бок калі трэба — яны кажуць, што менскія дамоўленасьці працуюць, калі ня трэба — яны кажуць, што менскія дамоўленасьці — гэта кавалак паперы. Усё гэта нам знаёма з часоў Сталіна. Таму вы можаце лічыць, што менскія дамоўленасьці скончыліся, а для Масквы выгадна рабіць выгляд, што менскі працэс працягваецца і Масква з усіх сіл працуе дзеля ўмацаваньня міру, стабільнасьці і дэмакратыі, у тым ліку забясьпечваючы для „свабодалюбных“ грамадзян гэтых дзьвюх рэспублік свабоду выбару. Дыпляматычных хітрыкаў тут будзе шмат, будуць „сумленныя“ вочы, будзе нейкі патас агульнадэмакратычны. То бок ня варта недаацэньваць крывадушнасьць нашых крамлёўскіх правадыроў», — кажа Арэшкін.

XS
SM
MD
LG