Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фільмы з «Бульбамуві» пакажуць на кінафэстывалі «Лістапад» у Менску


Пераможцы кінафэстывалю "Бульбамуві". Афіцыйнае фота

Пераможцы кінафэстывалю "Бульбамуві". Афіцыйнае фота

Сёлета кінафэстываль «Лістапад» пройдзе ў новым фармаце. Галоўнай пляцоўкай стане кінатэатр «Масква». Паводле арганізатараў, у кінатэатры «вельмі добрая абноўленая кіназаля». Зьмены ў фармаце маюць наблізіць «Лістапад» да ўзроўню эўрапейскіх фэстываляў.

«Лістапад» пройдзе ў Менску з 7 да 14 лістапада. Гледачы пабачаць 163 фільмы з 47 краін — 79 конкурсных і 84 пазаконкурсных працаў.

У праграме фэстывалю ўпершыню зьявіцца нацыянальная сэкцыя. У ім будуць прадстаўленыя 24 карціны: 10 дакумэнтальных стужак, сем анімацыйных і сем гульнявых. Некаторыя з гэтых стужак можна было пабачыць на кінафэстывалі «Бульбамуві», які адбыўся на мінулых выходных у Варшаве.

На «Бульбамуві», які праходзіць чацьверты год запар, беларускія кінатворцы даслалі 69 фільмаў, зь іх 20 дайшлі да паказу ў фэстывальныя дні, некаторыя былі ўзнагароджаныя.

Старшыня журы "Бульбамуві" Андрэй Кудзіненка і арганізатар фэстывалю Януш Гаўрылюк

Старшыня журы "Бульбамуві" Андрэй Кудзіненка і арганізатар фэстывалю Януш Гаўрылюк

Першае месца атрымаў мастацкі фільм Віктара Красоўскага «Вартаўнік». Гэта 30-хвілінная гісторыя пра чалавека зь вялікім крымінальным мінулым і безнадзейнай будучыняй, які выпіў вялікую дозу сьпіртнога, каб памерці, але ранкам атрымаў зусім ня тое, чаго чакаў.

Другое месца — срэбную бульбу — і прыз глядацкіх сымпатыяў атрымала стужка «Баба, Ваня и коза» Дар’і Юркевіч. У фільме, месца вытворчасьці якога — Беларусь і Францыя, чалавечая драма пераплеценая з гісторыяй бабулі — вясковай самагоншчыцы і яе ідэйнай супраціўніцы.

Арганізатары «Бульбамуві» жартуюць, што менавіта іх фэстываль прымусіў арганізатараў «Лістападу» зьвярнуць увагу на беларускіх кінатворцаў. Разам з тым, у якасьці беларускія стужкі выразна саступаюць эўрапейскім, у тым ліку расейскім і ўкраінскім.

Максім Жбанкоў на сцэне

Максім Жбанкоў на сцэне

Радыё Свабода пацікавілася ў Максіма Жбанкова, чаму беларусы дагэтуль не зьнялі такія фільмы як «Зорныя войны» і «Тытанік»:

«Гэта сапраўды пытаньне бессэнсоўнае, бо беларусы ня мусяць вырабляць «Зорныя войны» і пісаць «Вайну і мір». Беларусы мусяць пісаць беларускія творы для беларусаў і пра беларусаў, нам няварта шукаць нейкіх зьнешніх узораў, бо маем сваю культуру, маем сваю традыцыю, маем свой падыход і маем сваю гісторыю.

Паводле Жбанкова, беларусы занадта саромеюцца сваёй культурніцкай традыцыі, а яе трэба пашыраць і разьвіваць:

«Насамрэч свае эпічныя моцныя творы мы ўжо маем. Мы маем цудоўную літаратуру, шыкоўную архітэктуру, маем цікавую нефарматную рок-музыку, моцнае мастацтва. У нас ёсьць традыцыі, традыцыі ствараюцца на вачах, трэба іх бачыць, зразумець і, магчыма, пераказаць на мове новага часу».

XS
SM
MD
LG