Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пад пытаньнем застаецца, якая з партыяў прызначыць прэм’ер-міністра, хто ўвойдзе ў кааліцыю і наколькі шматлікай яна будзе.

Партыі-лідэры выбарчай гонкі ва Ўкраіне, «Блёк Пятра Парашэнкі» і «Народны фронт», апублікавалі свае праекты пагадненьня аб кааліцыі. Абедзьве абяцаюць украінцам празрыстае фармаваньне Кабінэту міністраў, табу на партыйныя квоты пры разьмеркаваньні міністэрскіх пасадаў, грунтоўныя рэформы.

Пад пытаньнем застаецца, якая з партыяў прызначыць прэм’ер-міністра, хто ўвойдзе ў кааліцыю і наколькі шматлікай яна будзе.

«Блёк Пятра Парашэнкі» і «Народны фронт» дыктуюць новы палітычны трэнд: адмову ад квотнага прынцыпу і эўрапейскія традыцыі пры фармаваньні Кабінэту міністраў. Апроч таго, шмат увагі абедзьве партыі аддаюць пытаньням дэцэнтралізацыі, рэфармаваньня войска і праваахоўных органаў. Лідэры абедзьвюх маюць супольны погляд на будучую кааліцыю ў Вярхоўнай Радзе. У прыватнасьці, у яе запрасілі «Блёк Пятра Парашэнкі», «Народны фронт», «Самапомач», «Радыкальную партыю Алега Ляшко» і Ўсеўкраінскае аб’яднаньне «Бацькаўшчына».

Прэзэнтуючы праект кааліцыі, лідэр «Народнага фронту» Арсені Яцанюк заявіў, што «ніякай „кулюаршчыны“ і прызначэньняў міністраў за зачыненымі дзьвярыма больш ня будзе». Таксама прапанаваў партыям у панядзелак абвясьціць свае кандыдатуры на кіроўныя пасады ў краіне. Па словах прэм’ера, кожны кандыдат будзе праходзіць працэдуру публічных кааліцыйных слуханьняў. А ўкраінцы, абяцае Яцанюк, змогуць глядзець гэты «ўрадавы кастынг» онлайн — менавіта так трансьлююцца прызначэньні эўракамісараў у Эўрапейскай камісіі.

«Кожны кандыдат на 10 хвілін падае сваю прэзэнтацыю бачаньня рэформаў і зьменаў у той вобласьці, за якую ён, верагодна, будзе адказваць. Далей 2 гадзіны на пытаньні-адказы. Пытаньне — паўтары хвіліны, адказ — дзьве хвіліны. Усіх прэтэндэнтаў», — заявіў Яцанюк.

Гройсман: «Якая нам з вамі розьніца, якім будзе прозьвішча міністра?»

Ня менш рашучаю выглядае і пазыцыя віцэ-прэм’ера і аднаго зь лідэраў «Блёку Пятра Парашэнкі» Ўладзімера Гройсмана. Ён запэўнівае, што яго не цікавіць, хто будзе працаваць ва ўрадзе, калі гэтыя людзі гатовыя праводзіць рэформы.

«Якая нам з вамі розьніца, якім будзе прозьвішча міністра? Для мяне розьніцы няма. Для мяне важна, ці здольны гэты чалавек правесьці рэформы. Калі здольны — то калі ласка, калі не — то месячная справаздача і адстаўка», — сказаў Гройсман.

Уладзімір Гройсман

Уладзімір Гройсман

Арсені Яцанюк таксама ня важыцца настойваць на сваёй кандыдатуры на прэм’ер-міністра. Кажа, што калі кааліцыю сфармуюць на ўмовах «Народнага фронту», то ён і далей ахвотна будзе ўзначальваць урад. Калі ж не — прапануе выбраць прафэсіянала паводле прынцыпу «хто мацнейшы».

Прэм’ер-міністрам стане Яцанюк або Гройсман — экспэрт

На думку кіеўскага палітоляга Яўгена Магды, палітыкі цяпер фарсіруюць два падыходы да фармаваньня ўраду. «Народны фронт» будзе падкрэсьліваць, што атрымаў больш за ўсё галасоў па партыйных сьпісах, а «Блёк Пятра Парашэнкі» — што ў яго самая вялікая фракцыя ў Вярхоўнай Радзе.

«Я думаю, хто здолее пераканаць 226 парлямэнтарыяў у сваёй рацыі, той і атрымае пасаду прэм’ер-міністра. Гэта будзе або Арсені Яцанюк, або Ўладзімер Гройсман», — кажа экспэрт.

Яўген Магда

Яўген Магда

Канстытуцыйную большасьць сфармаваць ня ўдасца, — экспэрт

Адначасова, на думку Магды, праэўрапейскім сілам наўрад ці ўдасца стварыць канстытуцыйную большасьць, то бок 300 і больш народных дэпутатаў. Разам з тым Магда дапускае, што «Радыкальная партыя» і «Бацькаўшчына» могуць і не ўвайсьці ў новую кааліцыю, «бо і Ляшку, і Цімашэнцы трэба быць героямі-адзіночкамі».

Гройсман і Яцанюк

Гройсман і Яцанюк

Магда дадае, што пакуль партыі «дастаткова адкрытыя ў сваіх праектах кааліцыі», і гэта дазволіць ім дамовіцца і прыйсьці да кампрамісу. Зрэшты, адзначае экспэрт, Вярхоўная Рада новага скліканьня павінна сфармаваць менавіта ўрад рэфарматараў — «без рэальных пераўтварэньняў Расея будзе зноў і зноў расхістваць Украіну». Са словаў Яўгена Магды, калі цягам бліжэйшага году Вярхоўная Рада не пачне працаваць эфэктыўна — незадаволенасьць грамадзтва будзе толькі нарастаць.

XS
SM
MD
LG