Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Намі кіруюць нашчадкі катаў» — краязнаўца Уладзімер Дарагуж


Уладзімер Дарагуж

Уладзімер Дарагуж

«Курапаты Чэрвеньшчыны» — пад такой назвай нядаўна выйшла ў сьвет кніга чэрвеньскага краязнаўцы Ўладзімера Дарагужа. У ёй — пра масавыя расстрэлы мірных грамадзянаў у Чэрвені ды яго ваколіцах у канцы 30-х — пачатку 40-х гадоў. Аўтар прыводзіць сьведчаньні шматлікіх відавочцаў, называе месцы злачынстваў, дзе сіламі грамадзкасьці ўсталяваныя памятныя знакі. Уладзімер Дарагуж — госьцем перадачы «Вольная студыя».

— Спадар Уладзімер, сёньня тэма сталінскага тэрору ізноў замоўчваецца ў дзяржаўных СМІ. Чаму вы вырашылі за яе ўзяцца?

— Я даведаўся пра бальшавіцкі тэрор даўно, адразу пасьля вайны, яшчэ школьнікам. Бацькі мае былі настаўнікамі. Бацька — Георгі Данілаў Дарагуш — у 1926 годзе скончыў геаграфічна-гістарычны факультэт Белдзяржунівэрсытэту. Маці — Чахавец Алена Алесева — у 1929-м скончыла Менскі беларускі пэдагагічны тэхнікум імя Ігнатоўскага. У іх былі выпускныя здымкі. Я браў гэтыя здымкі і распытваў бацькоў: хто гэта, дзе ён цяпер? І бацькі расказвалі, што шмат хто са студэнтаў і выкладчыкаў быў зьвінавачаны ў нацдэмаўшчыне, расстраляны ці сасланы. Таму я і ўзяўся, а зусім не таму, што сам быў пакрыўджаны савецкай уладай. Дзякуй Богу, маю сям’ю рэпрэсіі абмінулі. А вось абодва дзядзькі маёй жонкі, вядомыя беларускія паэты Нічыпар Чарнушэвіч і Мікола Хведаровіч, шмат гадоў правялі ў савецкіх турмах і высылках. У тыя гады быў пакрыўджаны ўвесь наш народ. Свае артыкулы я друкаваў у чэрвеньскай газэце «Ўперад» у 1989–1990 гадах. І толькі дзякуючы дапамозе майго маладога сябра Зьмітра Касьцюкевіча яны зьявіліся сёлета ў выглядзе кнігі.

Урочышча Цагельня – выгляд з дарогі.

Урочышча Цагельня – выгляд з дарогі.

— А дзе на Чэрвеньшчыне знаходзяцца месцы масавых расстрэлаў?

— У нас такіх месцаў шмат. Перш за ўсё — сама чэрвеньская турма. Яна працавала па сваім прызначэньні цэлае стагодзьдзе — пры цары, пры саветах, у час нямецкай акупацыі. Гэтая турма заліта людзкімі сьлязамі, людзкой крывёю. У блізкі да турмы роў за могілкамі энкавэдысты выводзілі расстрэльваць ахвяраў. Яшчэ адно месца — Загор’е, на паўднёвы захад ад Чэрвеня. Там тры вялізныя магілы. Далей, у бок Мар’інай Горкі, — Высокі Стан. Там ад 12 да 18 магілаў ахвяраў бальшавіцкага тэрору. У 70-я гады там сталі браць пясок для падсыпкі шашы. Агаліліся чалавечыя парэшткі, і тады мясцовыя ўлады зрабілі там гарадзкі сьметнік. Яшчэ адно месца перадваенных расстрэлаў — Дубаў Мост, па гэтак званай «магілёўцы» ў бок Менску. Там два масывы магілаў. Далей. У чэрвені 1941 году, калі вязьняў менскіх турмаў гналі на ўсход, расстрэльвалі ля Кукалеўскай павароткі, гэта 55-ты кілямэтар шашы Менск-Магілёў. Расстрэльвалі таксама ва ўрочышчы Цагельня — на ўсход ад Чэрвеня.

Урочышча Цагельня. Кампазыцыя “Журботны Анёл”, усталяваная ў 1999 г. Аўтар Генадзь Матусэвіч.

Урочышча Цагельня. Кампазыцыя “Журботны Анёл”, усталяваная ў 1999 г. Аўтар Генадзь Матусэвіч.

— А хто перад вайной быў вязьнем чэрвеньскай турмы? Па нацыянальнасьці, па сацыяльнай прыналежнасьці?

— У Чэрвень у першыя дні вайны прыгналі вязьняў менскіх турмаў. Хто там быў? Свае ж, беларусы. Шмат было такіх, каго перад вайной прывезьлі з Гулагу на перагляд справаў, — пісьменьнікі Тодар Лебяда, Масей Сяднёў і інш. Шмат было літоўскіх афіцэраў, якіх у 1940 годзе, пасьля далучэньня Літвы да Савецкага Саюзу, арыштавалі. Дык вось, каля 7 000 чалавек, беларусаў, літоўцаў, палякаў, 24-га і 26-га чэрвеня 1941 году даставілі сюды і расстралялі.

— Вы апыталі дзясяткі сьведкаў. Пра што яны вам расказвалі, што вас найбольш уразіла?

— Уразіла тое, што ніякай управы на гэтае беззаконьне не было. Расстрэльвалі, каго хацелі. Дзьве сотні людзей, пастраляных ля Кукалеўскай павароткі, былі пахаваныя толькі пасьля прыходу нямецкіх акупантаў — па загадзе камэнданта. І на Цагельні валяліся сотні трупаў, ніхто іх не лічыў. Там таксама людзкія парэшткі, якія ўжо пачалі раскладвацца, былі закапаныя толькі пры немцах. Жыхары гораду на падводах вазілі, на насілках насілі, складвалі целы ў кар’еры, дзе раней гліну капалі, і засыпалі. Таму вельмі плытка яны там ляжаць, недзе каля паўмэтра. А вось там, дзе ў 1937 годзе энкавэдысты расстрэльвалі, там парэшткі чалавечыя на вялікай глыбіні — мэтры два. Каты прымушалі ахвяраў выкопваць сабе магілы.

Надпіс на помніку: “Ахвярам рэпрэсій 26-27 чэрвеня 1941 г.”.

Надпіс на помніку: “Ахвярам рэпрэсій 26-27 чэрвеня 1941 г.”.

— А чаму толькі пры немцах пахавалі расстраляных? Людзі баяліся?

— Баяліся ня толькі хаваць у 1941-м, баяліся пасьля вайны расказваць. У Чэрвень прыяжджалі супрацоўнікі КДБ, сустракаліся зь людзьмі, якія закопвалі парэшткі, і патрабавалі маўчаньня. Загаварылі людзі, ды і то з асьцярогай, у канцы 80-х, калі ў «ЛіМе» зьявіўся артыкул Пазняка і Шмыгалёва «Курапаты — дарога сьмерці».

— А як ушанаваныя месцы масавых расстрэлаў? І ці спрычыніліся да гэтага мясцовыя ўлады?

— Пра дзеяньні ўлады я трошкі пазьней раскажу, спачатку пра тое, што зрабілі мы, сябры гісторыка-асьветніцкага таварыства «Ігумень». У 1989 годзе мы правялі першыя жальбіны на Цагельні, праз год — на Высокім Стане. Мы ўсталявалі крыжы на Высокім Стане, у Загор’і. У 1994 годзе жальбіны сталі міжнароднымі — у Чэрвень сталі прыяжджаць літоўцы і палякі. Быў створаны неблагі мэмарыяльны комплекс на Цагельні — Крыж Пакуты, каплічка, драўляныя фігуры Журботнага Анёла і Багародзіцы зь Ісусам, вырабленыя нашым чэрвеньскім разьбяром Генадзем Матусэвічам. Улады толькі аднойчы, у 1991 годзе, прынялі ўдзел у жальбінах. І то потым у «Мінскай праўдзе» зьявіўся артыкул чэрвеньскіх начальнікаў, дзе яны асуджалі гэтае мерапрыемства. Маўляў, энкавэдысты былі не вінаватыя, яны свой доўг выконвалі... Потым улады ўсё ж паставілі чатыры стэлы з надпісам: «Жертвам репресій 30-40-х годов» — на Цагельні, на Высокім Стане, у Загор’і і на чэрвеньскіх гарадзкіх могілках. Апошні — пасярод могілак, у нейкай чужой агароджы. Я патрабаваў, каб гэты мэмарыяльны знак быў перанесены за могілкі, да таго рова, дзе расстрэльвалі людзей. Я яшчэ патрабаваў, каб улады ўсталявалі такія мэмарыяльныя знакі на Кукалеўскай паваротцы і на Дубавым Мосьце. На апошні ліст у райвыканкам я атрымаў адказ: перастаўляць помнік можна толькі па рашэньні Міністэрства культуры, усталёўваць новыя — таксама. Яшчэ я прасіў, каб на мураванай турэмнай агароджы таксама была ўсталяваная мэмарыяльна шыльда.

Каплічка жалобы ва ўрочышчы Цагельня. Аўтар Генадзь Матусэвіч.

Каплічка жалобы ва ўрочышчы Цагельня. Аўтар Генадзь Матусэвіч.

— Па дарозе да вас я акурат праяжджаў міма турмы. Там, дарэчы, ідзе вялікая будоўля. Раскажыце пра саму турму, паколькі менавіта зь яе пачыналіся расстрэльныя канвоі.

— Расстрэльвалі і ў самой турме, асабліва ў пачатку вайны. Калі жыхары гораду пасьля ўцёкаў савецкай улады зайшлі ў турму, там усё было заліта крывёй. Турма дзейнічала да сярэдзіны 1950-х, потым яе перадалі раённай бальніцы. Там было псыхіятрычнае аддзяленьне — лячылі алькаголікаў з усёй Беларусі. А потым там разьмясьцілі тубэркулёзнае аддзяленьне. Пазьней турма доўга стаяла без патрэбы, і я патрабаваў, каб улады разам з палякамі і літоўцамі стварылі там музэй палітычных рэпрэсій. Улады гэтага не зрабілі, прадалі будынак прыватнай асобе. І гэты чалавек там будуе нешта. Там, дзе цягам стагодзьдзя ліліся людзкія сьлёзы, лілася кроў, будзе нейкая забаўляльная ўстанова накшталт «Бульбаш-холу» ў Курапатах... Калі я гляджу на адносіны да ахвяраў бальшавіцкіх рэпрэсій нашых уладаў, ад кіраўнікоў раённага маштабу да самых высокіх, я думаю, хто ж намі кіруе? І сам сабе адказваю — намі кіруюць нашчадкі ня тых людзей, якіх расстрэльвалі. Намі кіруюць нашчадкі тых, якія расстрэльвалі, нашчадкі катаў.

Чэрвеньскі краязнавец Зьміцер Касьцюкевіч ля Крыжа Пакуты ва ўрочышчы Цагельня.

Чэрвеньскі краязнавец Зьміцер Касьцюкевіч ля Крыжа Пакуты ва ўрочышчы Цагельня.

  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG