Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Саньнікаў піша ў The Guardian: Эўропа адварочваецца ад Украіны


Андрэй Саньнікаў

Андрэй Саньнікаў

Экс-кандыдат на выбарах прэзыдэнта, былы палітвязень Андрэй Саньнікаў, які атрымаў прытулак у Вялікабрытаніі, апублікаваў у газэце «The Guardian» артыкул пад назваю «Чаму Эўропа адварочваецца ад Украіны?»

«Шанцы Ўкраіны на выжываньне сёньня даволі слабыя, а будучыня выглядае змрочна. Прычынаю гэтага зьяўляецца пазыцыя галоўнага гульца ў вайне ва Ўкраіне. Гэты гулец — не Расея, краіна, якая разьвязала вайну ва Ўкраіне. Гэты гулец — Захад ці, дакладней, Эўропа»,— піша Андрэй Саньнікаў.

Пятро Парашэнка ў Міляне

Пятро Парашэнка ў Міляне

Паводле ягоных слоў, самае вялікае і найбольш пасьпяховае аб’яднаньне дэмакратычных краінаў у свеце, Эўрапейскі зьвяз, усё больш неахвотна імкнецца дапамагаць Украіне выжыць:

«Колькасьць палітычных груп, схільных падтрымліваць прэзідэнта Расеі Ўладзімера Пуціна ў эўрапейскіх краінах расьце як сярод кіроўных партыяў, гэтак і ў апазыцыі; ад прэм’ер-міністра Вугоршчыны Віктара Орбана і яго кіроўнай партыі „Фідэс“ да ультраправых апазыцыйных партыяў, якія атрымліваюць даволі добрыя вынікі на нацыянальных выбарах, напрыклад, Марын Ле Пэн і яе „Нацыянальны Фронт“ у Францыі. Спачуваньне і падтрымку таксама выказваюць радыкальныя нацыяналісты з вугорскай партыі „За лепшую Вугоршчыну“, нацыяналістычная партыя Бэльгіі „Флямандзкі інтарэс“, ўльтраправая грэцкая партыя „Залаты Сьвітанак“, „Аўстрыйская Партыя Свабоды“ і італьянская „Ліга поўначы“, і гэта далёка не ўсе».

Паводле Саньнікава, усё больш эўрапейскіх палітыкаў і інтэлектуалаў апраўдваюць агрэсію Расеі:

«Яны пачынаюць зь „бясьпечнай“ тэмы — Крыму, пра які амаль забыліся ня толькі ў Эўропе, але і ў самой Украіне — а затым выказваюць сваё меркаваньне пра тое, што фэдэралізацыя (чытайце: распад) Украіны будзе добрым рашэньнем. Яны пішуць адкрытыя лісты індывідуальна або ў групах у падтрымку агрэсіі Пуціна, беручы прыклад з галяндзкага прафэсара Сіса Хамелінка, які выбачыўся перад Пуціным за хлусьню пра Ўкраіну ў сродках масавай інфармацыі, ці з больш як 300 нямецкіх інтэлектуалаў. Сярод іх ёсьць і аўтарытэтныя асобы, ня толькі такія вядомыя, як Герхард Шродэр, былы канцлер Нямеччыны, якому плоціць „Газпром“, але і Гельмут Шміт, яшчэ адзін былы канцлер, і Гюнтэр Фэрхойген, былы камісар Эўрапейскага зьвязу. Усё больш эўрапейскіх аналітыкаў і журналістаў сыходзяцца ў меркаванні, што ва Ўкраіне поўны бардак, і ня варта напампоўваць яе грашыма, паколькі гэта не прынясе аніякай карысьці, пакуль ёй ня будуць слушна кіраваць».

Панаваньне Расеі

Паводле Саньнікава, Эўропа хоча гандляваць з Расеяй, і яна цалкам шчасьлівая, калі атрымлівае расейскія грошы, не спрабуючы разабрацца ў іх паходжаньні. Ствараецца ўражаньне, што Эўропа зноў зьбіраецца паўтарыць свой улюбёны пастулат: «Расея, несумненна, для нас важнейшая, чым якая-небудзь іншая былая савецкая дзяржава»,— піша далей Саньнікаў.

«Так было кожны раз перад тым, як ва Ўкраіне разгарэлася вайна. Эўропа ня хоча, каб яе турбавалі. Яна ня хоча бачыць небясьпеку для сябе ў вайне Расеі з Украінай. Яна хоча вярнуцца да „звычайнага вядзеньня бізнэсу“ з Расеяй як мага хутчэй. Вайна — гэта перашкода. Трупы ўкраінскіх патрыётаў — гэта перашкода. Эўропа ня можа зразумець, што гэта вайна з Эўропай, а не з Украінай, і што Пуцін, калі не пацерпіць пераканаўчай паразы, будзе працягваць сваю экспансію і рэвізіянізм. Аснова для гэтага ўжо ёсьць: Прыднястроўе, Паўднёвая Асеція і Абхазія, расейскія меншасьці ў краінах Балтыі, Калінінградзкі эксклаў, а цяпер яшчэ і Данецк з Луганскам — гэтага больш чым дастаткова для маштабнага наступленьня Крамля на Эўропу».

«Украінцы супрацьстаялі такому сцэнару з лістапада 2013 па люты 2014 года. Яны змагаліся супраць расейскага панаваньня. Яны змагаліся не за Пагадненьне аб асацыяцыі з ЭЗ, а за сваю годнасьць, за тыя каштоўнасьці, на якіх будавалася Эўропа. Яны выйгралі, стаўшы аб’ектам агрэсіі, і атрымалі вельмі невялікую дапамогу звонку, каб даць рады з гэтай агрэсіяй і выратаваць краіну».

Сьмяротныя памылкі

Эўропа занадта павольна прызнавала гэтую пагрозу і яшчэ марудней рэагавала на яе. І сёньня па-ранейшаму ў Эўропе не да канца разумеюць, што гэтая пагроза значна большая, чым вайна Расеі ва Ўкраіне. Яе трэба ўспрымаць як пагрозу для Эўропы",— піша Андрэй Саньнікаў.

Ён лічыць памылкай успрыманьне ў Эўропе Аляксандра Лукашэнкі як нейкага пасярэдніка ў данецкім канфлікце: «Прэзыдэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнку, які яшчэ ўчора быў ізгоем у Эўропе, раптам пачалі лічыць нават не «меншым злом», а законным пасярэднікам і незалежным гульцом на баку Ўкраіны. Ён становіцца зоркай эўрапейскіх СМІ, якія выстройваюцца ў чаргу, каб узяць у яго інтэрвію, у тым ліку «Euronews» і «France 24».

Эўропа раптам пагадзілася з тым, што Лукашэнка мае права быць пасярэднікам у перамовах аб Украіне, пры гэтым, як высьветлілася, ён падступна дапамог Пуціну прасунуцца наперад у пытаньні прызнаньня тэрарыстаў на ўсходзе Ўкраіны. Пад выглядам «мірных» перамоваў у Менску, высокі прадстаўнік ЭЗ сустрэўся з Лукашэнкам, ганебна праігнараваўшы палітыку ЭЗ, якая забараняе кантакты на вышэйшым узроўні з Беларусьсю да таго часу, пакуль усе палітвязьні не будуць вызваленыя.

Каго хвалююць палітвязьні і працяглыя рэпрэсіі ў Беларусі, калі палова Эўропы заляцаецца да Лукашэнкі, каб ён купіў іх ласось, малако, яблыкі, морапрадукты, сыр і каўбасы, каб абыйсьці расейскае эмбарга на імпарт прадуктаў з Захаду? Аб забароне ЭЗ на кантакты на высокім узроўні ўсе забыліся, не вырашыўшы праблему рэпрэсіяў і пакінуўшы ў турмах палітвязьняў, адзін з якіх, Мікалай Статкевіч, быў кандыдатам у прэзідэнты на апошніх выбарах»,— нагадвае Саньнікаў.

«Не мае значэньня і тое, што Лукашэнка галасаваў супраць тэрытарыяльнай цэласнасьці Украіны ў ААН, і што Расея робіць тое, што ёй хочацца ў вайсковым пляне на тэрыторыі Беларусі. Абсалютна не мае значэньня тое, што ў інтэрвію тэлеканалу „Euronews“ ён прапанаваў адправіць войскі ва Ўкраіну пад выглядам міратворцаў, тым самым парушыўшы Канстытуцыю Беларусі — відавочная спроба дапамагчы Пуціну ўзаконіць вайсковую прысутнасьць ва Ўкраіне, паколькі ў Беларусі наогул няма міратворцаў.

Нікога гэта не хвалюе, бо ён дапамагае харчовай прамысловасьці Эўропы, і гэтага больш чым дастаткова, каб забыць пра ўсе яго жудасныя ўчынкі і пачаць адкрываць для яго дзьверы ў Эўропу. Лукашэнка вельмі шчасьлівы з гэтай прычыны і рэагуе прадказальна, узмацняючы рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасьці і незалежных СМІ».

XS
SM
MD
LG