Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НАТО паведамляе аб расейскіх ваенных самалётах у небе Эўропы


НАТО заяўляе, што выявіла чатыры групы расейскіх ваенных самалётаў, якія правялі буйныя ваенныя манэўры ў эўрапейскай паветранай прасторы над Балтыйскім, Паўночным, Чорным морам і Атлянтычным акіянам 28 і 29 кастрычніка.

Пра гэта паведамляе штаб-кватэра камандаваньня сіламі НАТО ў Эўропе SHAPE.

«Такая значная колькасьць расейскіх палётаў уяўляе сабой незвычайны ўзровень паветранай актыўнасьці ў эўрапейскай паветранай прасторы», — адзначаюць у SHAPE.

У прыватнасьці, каля трох гадзін ночы 29 кастрычніка радар НАТО выявіў восем расейскіх самалётаў, якія ляцелі над Паўночным морам. Па трывозе былі ўзьнятыя самалёты F-16 нарвэскіх каралеўскіх паветраных сіл, якія ідэнтыфікавалі расейскія самалёты, у прыватнасьці, чатыры стратэгічных бамбавіка Тu-95 і чатыры запраўшчыка Іл-78. Групоўка ляцела з тэрыторыі Расеі над Нарвэскім морам у міжнароднай паветранай прасторы.

Такая значная колькасьць расейскіх палётаў уяўляе сабой незвычайны ўзровень паветранай актыўнасьці ў эўрапейскай паветранай прасторы

Шэсьць самалётаў павярнулі на паўночны ўсход у напрамку Расеі, у той час як два бамбавіка Тu-59 працягвалі ляцець на паўднёвы ўсход, паралельна нарвэскаму ўзьбярэжжу над Паўночным морам. У адказ былі паднятыя ў паветра зьнішчальнікі каралеўства Вялікабрытаніі Typhoon.

Над Атлянтычным акіянам над узьбярэжжам Партугаліі былі выяўленыя і ідэнтыфікаваныя два расейскія самалёты, якія рухаліся ў напрамку паўночнага усходу ў бок Вялікабрытаніі.

У другой палове 29 кастрычніка радар НАТО зафіксаваў чатыры расейскія самалёты над Чорным морам у міжнароднай паветранай прасторы — два бамбавіка і два зьнішчальнікі Су-27, якія былі перахопленыя зьнішчальнікамі турэцкіх паветраных сіл.

29 кастрычніка радары НАТО выявілі шэраг расейскіх самалётаў над Балтыйскім морам, уключаючы два МіГ-31 Foxhound, два Су-34 Fullback, адзін Су-27 Flanker і два Су-24 Fencer jets. У адказ былі ўзьнятыя зьнішчальнікі F-16 Партугаліі, якія вярнулі расейскія самалёты ў расейскую паветраную прастору.

Расея пакуль не камэнтуе гэтых заяваў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG