Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былую выхавацельку вінавацяць у катаваньні прыёмных дзяцей


Сямейны дзіцячы прытулак Ірыны Моцнай, Клімавічы

Сямейны дзіцячы прытулак Ірыны Моцнай, Клімавічы

Былой выхавацельцы прытулку сямейнага тыпу з Клімавічаў Ірыне Моцнай прад’яўлена абвінавачваньне, яна азнаёмілася з крымінальнай справай.

Ірына Моцная паведаміла, што ёй інкрымінуецца катаваньне і незаконнае пазбаўленьне свабоды прыёмных дзяцей.

З публікацыяў у СМІ вядома, што прыёмныя, у тым ліку непаўналетнія дзеці, якімі апекавалася сям’я Моцных, давалі паказаньні сьледчым. У некаторых дзяцей нібыта былі выяўленыя цялесныя пашкоджаньні. Ірына Моцная заяўляе, што не давярае сьведчаньням супраць яе і будзе высьвятляць — каго яна катавала і каго незаконна пазбаўляла волі.

11 жніўня Клімавіцкі раённы суд прызнаў Ірыну Моцную вінаватай у самаўпраўстве і пакараў яе штрафам у 750 тысяч рублёў. Паводле выраку, яна незаконна ўтрымлівала прыёмных дзяцей, калі аддзел адукацыі Клімавіцкага райвыканкаму ўжо звольніў яе з пасады выхавацелькі.

Ірына Моцная ў судзе даводзіла, што адмаўлялася аддаваць прыёмную дзятву, бо райаддзел адукацыі не патлумачыў прычыну яе звальненьня. А таксама яна такім чынам клапацілася пра псыхалягічны стан дзяцей.

Катэдж сям’і Моцных

Катэдж сям’і Моцных

Падзеі вакол прыёмнай сям’і Моцных атрымалі шырокі грамадзкі розгалас, калі ў справу ўмяшаліся міліцыянты. 25 ліпеня Ірыну, яе непаўналетняга прыёмнага гадаванца Аляксандра, а таксама роднага сына Віталя ды дачку Натальлю затрымалі супрацоўнікі міліцыі. Падставай для гэтага стаў запыт аддзелу адукацыі, паводле якога прыёмных дзяцей Ірына Моцная нібыта зьбіралася вывезьці за межы Беларусі. У пастарунку затрыманыя прабылі больш за дзесяць гадзін.

Сям’я Моцных апекавалася шасьцю прыёмнымі дзецьмі. Жыла яна ад 2008 году ў катэджы, збудаваным паводле прэзыдэнцкай праграмы «Дзеці Беларусі». Як кажа Моцная, стварыць прытулак, які стаў першым у раёне, прапанавалі ёй самі чыноўнікі. Праблемаў з выхаваньнем прыёмнай дзятвы, цьвердзіць Ірына Моцная, у яе не было. Зьявіліся яны, калі муж скончыў жыцьцё самагубствам. Да гэтага яна скардзілася памочніку прэзыдэнта, што мясцовае чынавенства не дапамагае прытулку ў вырашэньні гаспадарчых праблемаў. Канфлікт з аддзелам адукацыі яна зьвязвае з гэтай скаргай.

Паводле беларускага заканадаўства, калі памірае адзін з карміцеляў, дзіцячы дом сямейнага тыпу расфармоўваецца. У выпадку з Моцнай у загадзе аб скасаваньні зь ёй працоўных адносінаў названая яшчэ адна прычына — «амаральны ўчынак, несумяшчальны з выкананьнем абавязкаў выхавацелькі». Калі Моцная даведалася пра рашэньне аб расфармаваньні прытулку, яна, як сама сьцьвярджае, намагалася даведацца, што такога яна зрабіла. Пазьней высьветлілася, што на яе напісала скаргу бабуля дзьвюх яе гадаванак.

Ірына Моцная днямі напісала ліст Аляксандру Лукашэнку. Жанчына спадзяецца, што кіраўнік дзяржавы абароніць яе, як яна кажа, ад несправядлівых абвінавачваньняў.

XS
SM
MD
LG