Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Удзельнікі пратэсту супраць уводу войскаў у Чэхаславаччыну адхілілі запрашэньне прэзыдэнта Чэхіі


Натальля Гарбанеўская, красавік 2013.

Натальля Гарбанеўская, красавік 2013.

Два ўдзельнікі акцыі пратэсту на Краснай плошчы ў Маскве супраць уводу войскаў краін Варшаўскай дамовы ў Чэхаславаччыну ў 1968 годзе адхілілі запрашэньне прэзыдэнта Чэхіі Мілаша Зэмана.

Віктар Файнбэрг і Павел Літвінаў адмовіліся наведаць урачысты прыём у Празе з нагоды наданьня вышэйшых дзяржаўных узнагарод Чэхіі — у тым ліку, пасьмяротна, натхняльніцы дэманстрацыі 1968 году Натальлі Гарбанеўскай. Усяго на акцыю ў 68-ым на плошчу ў Маскве выйшлі сем чалавек.

У сваім лісьце, тэкст якога апынуўся ў рэдакцыі чэскіх СМІ, Файнбэрг і Літвінаў патлумачылі, што такім чынам выказваюць сваю нязгоду зь нядаўна выказаным меркаваньнем Зэмана пра сытуацыю вакол Украіны. Аўтары ліста падкрэсьлілі, што "дрэнна замаскіраваная агрэсія Ўладзімера Пуціна супраць Украіны «ніяк не карэлюецца зь лёзунгам «За вашу і нашу свабоду», які 25 жніўня 1968 году прынесла на Красную плошчу Натальля Гарбанеўская.

«Свабода непадзельная, аднолькавая для ўкраінцаў, чэхаў і крымскіх татараў. Калі яе заціскаюць у адным месцы, яе заціскаюць усюды», — гаворыцца ў лісьце.

У канцы верасьня на канфэрэнцыі ў Грэцыі «Дыялёг цывілізацый» цяперашні прэзыдэнт Чэхіі Мілаш Зэман асудзіў тых, хто падтрымлівае санкцыі супраць Расеі, і назваў вайну ва Ўкраіне «чымсьці накшталт грыпу», які хутка пройдзе.

XS
SM
MD
LG