Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пэнсіі — мізэрныя, працы — ніякай...»


Валянцін Жданко
Валянцін Жданко

У Беларусі нямала людзей, якія сутыкнуўшыся з крыўдамі, несправядлівасьцю, падманам, зьвяртаюцца ў пошуках праўды да высокіх начальнікаў. І найчасьцей — да прэзыдэнта, які, на іхную думку, можа імгненна паставіць на месца любога чыноўніка і любую дзяржаўную ўстанову, пакараць вінаватых і заахвоціць працавітых ды ініцыятыўных. Ці апраўданыя гэтыя чаканьні? І зь якой рэакцыяй Адміністрацыі прэзыдэнта сутыкаюцца найчасьцей такія скаржнікі ды просьбіты?

Для сёньняшняй размовы я выбраў з нашай пошты некалькі лістоў, аўтары якіх распавядаюць гісторыю сваёй перапіскі з прэзыдэнцкімі чыноўнікамі. Пачну з допісу даўняга слухача і аўтара Свабоды Аляксея Былінскага з Рэчыцы. Ён піша:

«Праўда ў Беларусі — гэткі рэдказямельны элемэнт: паспрабуй знайдзі яе. А ў афіцыйных крыніцах увогуле не разьбярэш, дзе праўда, а дзе хлусьня. Увогуле, у нас усё імкнуцца ўсярэдніць — зарплаты, пэнсіі, сацыяльныя правы і чыста чалавечыя магчымасьці. Будзеш хадзіць кругамі — і нідзе нічога ня вырашыш. І нават не зразумееш, чаму так адбываецца. Асабіста ў мяне такіх пытаньняў — процьма. Напрыклад:

— Чаму там, дзе 30 год таму сядзелі 20 чыноўнікаў, цяпер сядзяць 50?

— Чаму 30 год таму мы плацілі прыблізна 12 працэнтаў ад сабекошту жыльля і камунальных паслугаў, а цяпер плацім 60, і гэтая лічба імкнецца да поўнай самаакупнасьці?

— Чаму агульная колькасьць супрацоўнікаў ваенкаматаў перавысіла памесячна разьмеркаваную колькасьць прызыўнікоў — хоць мы ні з кім не ваюем?

— Чаму беларускі парлямэнт плодзіць сотні законаў, але ад гэтага нікому ня робіцца лягчэй?

Сотні пытаньняў, а адказаць на іх няма каму. У Беларусі ёсьць прэзыдэнт, які, як ён сам сьцьвярджае, за ўсё ў адказе. Але паспрабуй да яго дагрукацца. Ягоны нумар тэлефона — гэта найстражэйшая дзяржаўная таямніца (як, зрэшты, і ягонага найбліжэйшага атачэньня). Напішаш ліст — дык яго перахопіць канцылярскі стрэлачнік гаспадзін С.І.Буко, з сартаваньнем па трох кірунках: адказ ты альбо не атрымаеш увогуле; альбо атрымаеш не па сутнасьці; альбо адказаць даручаць таму, хто да тваёй справы ніякіх адносінаў ня мае.

За 20 год я не прыпомню такога факту, каб па маёй справе даў адказ нехта з кіраўнікоў Адміністрацыі прэзыдэнта.

Вось так і жывем. Напазычалі грошай — 30 мільярдаў даляраў — і робім выгляд, што ўсё ў парадку. Я і хацеў бы дапамагчы расплаціцца — ды мая дзелавая парада ні ў якую шчыліну ня ўплішчыцца».

Спадар Аляксей даслаў копію аднаго з апошніх адказаў на свой зварот у Адміністрацыю прэзыдэнта. Аўтар адказу — ужо згаданы спадар Буко, начальнік управы па працы са зваротамі грамадзянаў, паведамляе, што зварот пакінуты без разгляду, бо такое права дае закон, калі ў лісьце «дапушчана выкарыстаньне нецэнзурных ці зьняважлівых слоў і выразаў».

Не зусім зразумела, спадар Аляксей, якія зьняважлівыя словы і выразы вы ўжылі ў лісьце, адрасаваным у Адміністрацыю прэзыдэнта. Можна, аднак, дапусьціць, што прэзыдэнцкіх чыноўнікаў ня надта парадавалі вашы прапановы пра тое, як знайсьці 30 мільярдаў на пагашэньне дзяржаўных пазыкаў. Вы ж, напэўна, і ім пра неабходнасьць скарачэньня дзяржаўнага апарату напісалі, пра свае назіраньні наконт таго, што там, дзе за камуністамі 20 чыноўнікаў сядзелі, сёньня сядзяць 50... Якому чыноўніку такое спадабаецца?

✉ ✉ ✉

Пра сваё расчараваньне рэакцыяй Адміністрацыі прэзыдэнта на лісты простых грамадзянаў паведамляе і наш даўні сябар Сяргей Кобрынскі з Кобрына. Ён піша:

«Мясцовая ўлада да людзей не прыслухоўваецца. Ім абы ціха было. Яны ж — так званыя „дзяржаўныя службоўцы“ з адмысловымі высокімі акладамі і пэнсіямі. Не знайшоўшы праўды ў іх, пішаш прэзыдэнту — на адрас Мінск-16, вуліца Карла Маркса, 38. А адтуль звычайна даюць адпіску: „Ваша заява зарэгістравана і пераслана...“ А куды? Туды і да таго, на каго вы скардзіцеся. Вось і ўся праца Адміністрацыі прэзыдэнта, „слугаў народа“... Колькі ні пісаў туды — усё бяз толку. Што ж гэта за ўлада? Ніякая. Усё толькі абяцанкі-цацанкі. Прыкрытая хлусьня. Гэтак і я магу наабяцаць 100 карабоў розных небыліц. І што?

Колькі ні пісаў туды — усё бяз толку. Што ж гэта за ўлада?

Ня веру ўжо я нікому, ніякай уладзе!

Пэнсіі — мізэрныя, працы — ніякай. Людзі сталі эгаістычнымі, злымі, абыякавымі да чужога болю.. Многія за грошы гатовыя застрэліцца. А пры гэтым робяць выгляд, нібы вераць у Бога.

Куды ні глянеш — паўсюль прыстасаванцы, зашальмаваныя прыдуркі, людзі бяз сораму... Галовы забітыя мякінаю, брудам. Ня хочацца ні бачыць такіх, ні слухаць. Часам сутыкаесься з тым, што нават родзічы хочуць цябе ўджаліць, растаптаць, папляткарыць пра цябе. Усё больш схіляюся да высновы, што ўсюды цяпер наўкол — плеткары, абібокі, людзі без сумленьня. Ня хочацца ні з кім ні сябраваць, ні прывітацца.

Вельмі смуткую, што радыё Свабода можа закрыцца. Урэзаныя гадзіны вяшчаньня, цяжэй стала знаходзіць вас у эфіры. І што рабіць? Маліцца Богу, толькі і ўсяго... Пасылаю вам імпульсы дабра, добрага здароўя на многія гады! Вашы перадачы карысныя, цікавыя, хочацца слухаць і жыць! Паслухаўшы, нібы крылы вырастаюць! Толькі Свабода гаворыць праўду! Трымайцеся, Валянцін, за Праўду і Свабоду».

Дзякуй вам, спадар Сяргей, за гэтыя словы. Не апускайце рук, не адчайвайцеся, не давайце змрочным думкам апаноўваць сябе. Прыязных, добразычлівых, удумлівых людзей зусім ня мала — проста трэба больш пільна прыглядацца і, відавочна, самому выяўляць ініцыятыву, з адкрытасьцю і шчырасьцю ставіцца да іншых...

Што да спадзяваньняў знайсьці праўду ў прэзыдэнцкай адміністрацыі... Надзеі гэтыя збольшага марныя — ня вы адзін у гэтым пераканаліся. Штогод на адрас Менск, Карла Маркса, 38 прыходзяць дзясяткі (калі ня сотні) тысяч лістоў-скаргаў на нядбайных, карысьлівых, зладзеяватых мясцовых начальнікаў. Таго невялікага штату чыноўнікаў, якія разьбіраюць пошту, ледзь хапае на тое, каб рэгістраваць яе ды перасылаць па іншых установах. Дзе ўжо там разьбірацца з гэтымі скаргамі па сутнасьці: выяжджаць на месца, сустракацца зь людзьмі, праводзіць разбор...

✉ ✉ ✉

Сярод тых тысяч людзей, якія дзесяцігодзьдзямі вядуць перапіску з рознымі дзяржаўнымі органамі — ліквідатар-чарнобылец Віктар Бута зь Менску:

«Гадамі і дзесяцігодзьдзямі спрабую дамагчыся праўды, аднаўленьня маіх парушаных правоў чарнобыльца-ліквідатара. Куды толькі ні зьвяртаўся — у выканкамы ўсіх узроўняў, розныя міністэрствы і ведамствы... Але ўсе гэтыя скаргі не даходзяць да тых, хто сапраўды можа вырашыць мае праблемы — надзеленых уладай асобаў, здольных прымаць рашэньні. І перш за ўсё я патрабую бестэрміновае пасьведчаньне непрацаздольнага інваліда чарнобыльскай групы, якое б давала права на годную пэнсію. Але ж не даюць. Заселі ў чыноўніцкіх кабінэтах розныя хабарнікі, пярэваратні, вымагальнікі, ліхвяры — і зьдзекуюцца зь людзей.

І застаюся я са сваёй чарнобыльска-асноўнай пэнсіяй памерам два мільёны беларускіх рублёў — абяздолены і самотны, безабаронны і залежны ад любых зламысных чыноўнікаў».

Справа, хутчэй за ўсё, ня ў тым, што вашы, спадар Віктар, лісты не даходзяць да тых чыноўнікаў, якія, як вам здаецца, вырашаць справу станоўча — налічаць высокую пэнсію. Усе чарнобыльскія праграмы ў Беларусі за апошнія два дзесяцігодзьдзі значна скарочаныя альбо і ўвогуле адмененыя. Пад скарачэньне падпалі і асноўныя сацыяльныя льготы, якімі на пачатку 90-х гадоў карысталіся чарнобыльскія ліквідатары. Наўрад ці ёсьць сэнс пісаць усё новыя і новыя сотні лістоў у розныя інстанцыі: хутчэй за ўсё, вы і надалей будзеце атрымліваць стандартныя фармальныя адпіскі. Калі сумняваецеся ў слушнасьці пазыцыі чыноўнікаў — зьвярніцеся ў суд. Прынамсі, будзеце мець спасылкі на канкрэтныя законы і ўказы.

✉ ✉ ✉

І на заканчэньне — кароткі ліст ад Анатоля Адаменкі з Гомеля. Уражаны ўкраінскай рэвалюцыяй і яе наступствамі, слухач піша:

«Зараз вельмі трывожыць становішча ва Ўкраіне. Згадваю, што пра нешта падобнае яшчэ 20 год таму папярэджваў Зянон Пазьняк. У мяне нават захавалася тая публікацыя з „Народнай газэты“. Але ж да Пазьняка не прыслухаліся, выбралі іншы шлях. Цяпер будучыня Беларусі цьмяная, цалкам прывязаная да непрадказальнай і агрэсіўнай Расеі. Мы самі неяк дажывем. А дзеці, унукі? Якімі словамі яны пра нас успомняць? Вось што непакоіць і турбуе больш за ўсё».

А якімі словамі згадваем сваіх дзядоў і бацькоў мы, спадар Анатоль? Найчасьцей — добрымі, словамі ўдзячнасьці і смутку. Ці іхная віна, што давялося жыць у жорсткім 20-м стагодзьдзі — падчас крывавых рэвалюцыяў і войнаў, нялюдзкіх дыктатарскіх рэжымаў, палітычных рэпрэсіяў і зьдзекаў з іншадумцаў... Час, у які выпала жыць, не выбіраюць. Наступныя пакаленьні ўсьведамляюць і разумеюць гэта ня горш за папярэднія. Таму не выпадае надта непакоіцца за тое, што нашы нашчадкі прад’явяць нам, калі адыдзем і спачнем, нейкія асабліва строгія рахункі за нашы памылкі і пралікі...

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду.
Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.
Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG