Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дыскусія вакол стратэгіі апазыцыі падчас прэзыдэнцкай кампаніі дае падставу яшчэ раз паразважаць на больш шырокую тэму пра месца і ролю апазыцыйных структур у грамадзка-палітычным жыцьці Беларусі. Апошнія сацыялягічныя апытаньні паказваюць, што давер насельніцтва да апанэнтаў рэжыму, мякка кажучы, не расьце. Калі дакладней, то на тле ўкраінскіх падзеяў ён, хутчэй, падае. І гэта пры тым, што неэфэктыўнасьць цяперашняй сацыяльнай мадэлі становіцца ўсё больш відавочнай нават для прыхільнікаў Лукашэнкі. Паводле НІСЭПД, 54% беларусаў лічылі ў верасьні, што беларуская эканоміка ў крызісе.

Калі ў 1990-я гады Лукашэнка перапыніў рэформы, павярнуў да «саўка», ягоная палітыка стала супярэчыць усім тэндэнцыям на постсацыялістычнай прасторы, то было шмат меркаваньняў, што гэта выкліча моцны пратэст людзей, якія маюць рэсурсы, каб быць пасьпяховымі ва ўмовах рынку і дэмакратыі. Гэта бізнэс, сярэднія слаі насельніцтва, якія ўдыхнулі паветра свабоды і ня хочуць жыць ад заробку да заробку. Іхнія інтарэсы і адлюстроўвалі апазыцыйныя партыі. Паводле гэтай лёгікі, сацыяльная база дэмакратычнай апазыцыі павінна была пашырацца — з усімі палітычнымі наступствамі, якія адсюль вынікаюць.

Але гэтага ня здарылася са шмат якіх прычын. Адзначу толькі тры моманты.

Сярэдняя кляса, якая фармуецца ў беларускім варыянце — у большасьці людзі, якія так ці інакш зьвязаныя зь дзяржаваю

Па-першае, сярэдняя кляса, якая фармуецца ў беларускім варыянце (гэта я падкрэсьліваю) — у большасьці людзі, якія так ці інакш зьвязаныя зь дзяржаваю. Ці то чыноўнікі, ці супрацоўнікі сілавых структур, ці работнікі дзяржаўных прадпрыемстваў. У 2000-я гады іх даходы значна вырасьлі, яны ўпісаліся ў спажывецкі бум. Любыя рэформы азначаюць скарачэньне дзяржаўнага апарату, зьмяншэньне дзяржсэктару ў эканоміцы. І гэтым людзям, верагодна, давядзецца ў такім выпадку шукаць іншае месца працы. Таму яны не зацікаўленыя ў рэформах. А цяперашняя мадэль кансэрвуе, акрамя ўсяго іншага, і сацыяльную структуру грамадзтва.

Па-другое, што тычыцца бізнэсу. Бізнэсоўцы аказаліся людзьмі з традыцыйным беларускім мэнталітэтам. Яны хутка прыстасаваліся да новых правілаў гульні, знайшлі «дах» і добра ўпісаліся ў сыстэму, якая часта забясьпечвае ім манапольныя пазыцыі. Беларускія прадпрымальнікі (за выключэньнем ІП) цяпер ня хочуць нічога мяняць. Яны не зацікаўленыя ў лібэралізьме і рынкавых рэформах, бо ў такім выпадку ў іх зьявяцца канкурэнты.

З школы ў вышэйшыя навучальныя ўстановы цяпер ужо прыходзяць шчырыя лукашысты

Па-трэцяе, значная частка незадаволеных, тых, хто хоча эканамічных і палітычных свабодаў, ня сталі змагацца, падтрымліваць апазыцыю, а проста зьехалі за мяжу. Гаворка ідзе пра некалькі соцень тысяч людзей.

У выніку сацыяльная база апазыцыі не пашырылася, а звузілася. Апанэнтаў рэжыму падтрымліваюць людзі, для якіх важныя дэмакратычныя каштоўнасьці. Гэта апазыцыя каштоўнасьцяў, а не інтарэсаў. І такая выснова шмат што тлумачыць у цяперашнім беларускім грамадзка-палітычным працэсе.

Але праблема ў тым, што кола людзей з дэмакратычнымі каштоўнасьцямі не пашыраецца. Бо ўся сыстэма адукацыі і сацыялізацыі працуе на інтэграцыю ў дзейную сыстэму. Мае знаёмыя выкладчыкі ўнівэрсытэтаў у адзін голас цьвердзяць, што з школы ў вышэйшыя навучальныя ўстановы цяпер ужо прыходзяць шчырыя лукашысты. То бок спадзяваньні на моладзь як на рухавік пераменаў — марныя.

Таму значная частка беларусаў нават з вышэйшай адукацыяй прытрымліваецца экзатычнай для дэмакратычнай краіны думкі, што задача апазыцыі — не крытыкаваць урад ці пагатоў змагацца за ўладу, а дапамагаць яму. Маўляў, апазыцыя павінна быць «канструктыўнай».

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG