Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Кісялёўскія СМІ» — цяпер ня толькі па-расейску?


Генэральны дырэктар "Россия сегодня" Дзьмітры Кісялёў.

Генэральны дырэктар "Россия сегодня" Дзьмітры Кісялёў.

Расейскі дзяржаўны мэдыя-гігант «Россия Сегодня» на чале з тэлевядоўцам Дзьмітрыем Кісялёвым плянуе пашырыцца за кошт навіновых сайтаў і радыёпраграм на іншых мовах па ўсім сьвеце.

Сэрбскія мэдыі паведамілі, што «Россия Сегодня» плянуе адкрыць свае бюро ў 29 сталіцах краінаў сьвету. Гэтыя бюро маюць займацца падрыхтоўкай радыёпраграм і навіновых сайтаў на мясцовых мовах. Сьпіс гарадоў, дзе адчыняцца бюро, пакуль афіцыйна не зацьверджаны.

Прадстаўнікі «России Сегодня» не пацьвердзілі, але і не абверглі гэтую інфармацыю, сказаўшы толькі, што ўсё дэталі будуць агучаныя на прэзэнтацыі ў Маскве ў наступным месяцы.

Выглядае, што сярод гэтых гарадоў будзе сталіца Сэрбіі, Бялград, і сталіца Таджыкістану, Душанбэ.

Таджыцкая служба Радыё Свабода паведаміла ў жніўні аб плянах «России Сегодня» адчыніць прадстаўніцтва ў Душанбэ і ўзяць на працу 25 мясцовых журналістаў.

Выданьне Balkan Insight і сэрбская тэлерадыёкампанія B92 паведамілі на гэтым тыдні аб хуткім адкрыцьці бюро ў Бялградзе, якое мае ўзначаліць Любінка Мілінчыч, былая маскоўская карэспандэнтка шэрагу сэрбскіх мэдыяў

Паведамленьні зьявіліся пасьля вызіту ў Сэрбію расейскага прэзыдэнта Ўладзімера Пуціна, якога сустрэлі вайсковым парадам, падкрэсьліўшы глыбіню расейска-сэрбскіх сувязяў.

«Інфармацыйная вайна»

«Россия Сегодня» была створаная прэзыдэнцкім указам у мінулым сьнежні. Гэты мэдыя-холдынг аб’яднаў дзяржаўнае агенцтва навін «РИА Новости» і дзяржаўную радыёстанцыю «Голас России», а на чале новай структуры стаў тэлевядоўца Дзьмітрый Кісялёў, вядомы сваімі пра-крамлёўскімі перадачамі.

Нягледзячы на адну назву, гэтая структура адрозная ад добра фінансаванага пракрамлёўскага тэлеканалу Russia Today (Расея сёньня), які вяшчае па-ангельску, па-арабску і па-гішпанску.

28 кастрычніка брытанскае выданьне The Guardian паведаміла, што Russia Today запускае адмысловы тэлеканал для Брытаніі.

Расея апошнім часам павялічыла выдаткі на мэдыі, якія працуюць на замежжа. На 2015 год Russia Today атрымала 15.38 мільярдаў рублёў ($362.2 мільёна). Гэта рост амаль на 30 працэнтаў параўнальна зь сёлетнім бюджэтам. Бюджэт «России Сегодня» на наступны год параўнальна зь сёлетнім вырас прыблізна ў два з паловай разы да 6.48 мільярдаў рублёў ($152.6 мільёна).

Заходнія палітыкі называюць Russia Today ды іншыя дзяржаўныя расейскія мэдыі інструмэнтамі крамлёўскай прапаганды, асабліва ў пытаньні ўкраінскага крызісу. У сваю чаргу расейскія кіраўнікі вінавацяць заходнія мэдыі ў вядзеньні «інфармацыйнай вайны» супраць Расеі і яе інтарэсаў.

Андрэй Калесьнікаў, палітычны аналітык апазыцыйна скіраванага расейскага выданьня «Новая Газета», кажа, што пашырэньне «России Сегодня» мае дапоўніць выкарыстаньне Russia Today як сродку прапаганды для паляпшэньня іміджу Расеі за мяжой. Паводле Калесьнікава, «Россия Сегодня» таксама можа патэнцыйна выкарыстоўвацца як прыкрыцьцё для паляпшэньня разьведвальнай сеткі Расеі ў іншых краінах. Ён ў прыватнасьці згадаў нядаўні выпадак з карэспандэнтам РИА Новости Леанідам Сьвірыдавым, якога ў Польшчы падазраюць у шпіянажы. Сьвірыдаў, у якога МЗС Польшчы 25 кастрычніка забрала акрэдытацыю, можа быць высланы з краіны.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG