Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Думалі — транзыт, праверылі — кантрабанда


Чарга фураў на мяжы, архіўнае фота

Чарга фураў на мяжы, архіўнае фота

Расейская фэдэральная служба па вэтэрынарным і фітасанітарным наглядзе «Россельхознадзор» працягвае выяўляць харчовую кантрабанду зь Эўразьвязу празь Беларусь. У ведамстве заяўляюць, што раскрылі новую схему перапраўкі ў Расею садавіны і гародніны з Польшчы пад выглядам транзыту ў Казахстан. У адносінах да ўдзельнікаў змовы аб незаконным імпарце пачалося ўнутранае расьсьледаваньне. Кіраўніцтва «Россельхознадзора» ўпэўненае, што пастаўкі забароненай прадукцыі, выведзенай пад санкцыі супраць краінаў, якія асудзілі расейскую агрэсію ва Ўкраіне, адбываліся з дазволу беларускіх дзяржаўных органаў.

Як паведамляецца на сайце службы, здабыткам галоснасьці сталі чарговыя выпадкі паставак прадукцыі, якая, паводле суправаджальных дакумэнтаў, ішла зь Беларусі ў Казахстан, але насамрэч была рэалізаваная на тэрыторыі Расеі. У прыватнасьці, 27 кастрычніка быў затрыманы аўтамабіль з 20 тонамі яблыкаў, памідораў і капусты, вырашчаных у Польшчы. І хоць транзыт у Казахстан праз Расею не забаронены, падазрэньні ў інспэктараў выклікала тое, як хутка адна і тая ж фура вярнулася назад і зноў рушыла на маршрут. Вось што патлумачылі ў офісе «Россельхознадзора»:

«24 кастрычніка аўтамабіль ішоў зь Беларусі ў казахстанскі Петрапаўлаўск у суправаджэньні фітасанітарнага сэртыфікату, выдадзенага Галоўнай дзяржаўнай інспэкцыяй па насеньняводзтве, карантыне і абароне расьлінаў Беларусі. Машына праехала праз пункт кантролю ў Пскоўскай вобласьці, пра што сьведчыць адбітак пячаткі ўпраўленьня «Россельхознадзора» па Пскоўскай і Цьвярской вобласьці. Але ўжо праз тры дні, 27 кастрычніка, нягледзячы на тое, што Пскоў і Петрапаўлаўск разьдзяляюць больш як 3 тысячы кілямэтраў, той жа аўтамабіль з такім жа асартымэнтам польскай прадукцыі ў суправаджэньні таго ж фітасанітарнага сэртыфікату паспрабаваў уехаць на тэрыторыю Бранскай вобласьці. Як і раней — «для далейшага транзыту прадукцыі ў Казахстан». Гэта кажа пра тое, што першая партыя была разгружаная ў Расеі, пасьля чаго машына вярнулася ў Польшчу па новы «транзытны груз».

7 жніўня кіраўніцтва Расейскай Фэдэрацыі абвясьціла так званае «харчовае эмбарга» ў адказ на санкцыі Захаду, уведзеныя за эскаляцыю Масквой ваеннага канфлікту ва Ўкраіне. Згодна з эмбарга ў Расею цяпер забаронена ўвозіць прадукты з «санкцыйнага пераліку», вырабленыя ў Эўразьвязе, ЗША, Канадзе, Аўстраліі і Нарвэгіі. Між тым вядома пра неаднаразовыя факты рээкспарту заходняй прадукцыі празь Беларусь — як у выніку перапрацоўкі на мясцовых заводах, так і шляхам пераклейкі этыкетак. Аб’ектам кпінаў ужо сталі нарвэскі ласось, гішпанскі хамон, францускія сыры ды іншыя прысмакі пад лэйблам Made in Belarus. Расея ня раз папярэджвала партнэраў пра недапушчальнасьць кантрабанды, але збольшага яе пагрозы заставаліся бясплённымі. З гэтай прычыны на «празрыстых» межах так званай саюзнай дзяржавы ўсталяваныя кантрольныя пасты, на якіх расейцы «трасуць» беларускіх перавозчыкаў.

Учора ў Маскве засядала міжведамасная працоўная група з прадстаўнікоў зацікаўленых ведамстваў Расеі і Беларусі. Разглядаліся пытаньні паставак беларускай прадукцыі, якая накіроўваецца ў Расею ці правозіцца празь яе транзытам. Расейскую дэлегацыю ўзначаліў начальнік вэтэрынарнага ўпраўленьня «Россельхознадзора» Ўладзімер Мянякін, беларускую — прадстаўнік Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчаваньня Аляксандар Куцко.

Перамоўшчыкі вырашылі, што да 10 лістапада вэтэрынарная служба Беларусі накіруе ў «Россельхознадзор» матэрыялы аб прыняцьці комплексу захадаў па недапушчальнасьці незаконнага рээкспарту ў Расею. Калі такія захады будуць прызнаныя адэкватнымі, расейскі бок можа скасаваць вэтэрынарны кантроль на расейска-беларускай адміністрацыйнай мяжы. Ці варта чакаць, што беларускія ведамствы стануць на шлях выпраўленьня? Эканаміст Леанід Злотнікаў лічыць, што нават калі б урад і хацеў нешта ўзяць пад кантроль, то карупцыя і шэрыя схемы ўсё роўна перамогуць:

«Я ўсё ж больш веру „Россельхознадзору“, таму што ў яго няма ніякіх прыхаваных тайных намераў, якія б патрабавалі такіх заяваў. Я ня бачу сэнсу, каб „Россельхознадзор“ гэта раптам прыдумаў. Скажам так, фактаў няма, а ён так толькі сьцьвярджае. Мне цяжка ўявіць такія матывы, таму тут, відаць, больш праўды ў гэтых заявах, чым прыдуманага. Можна давяраць».

Цалкам можа быць, што беларускі ўрад проста не кантралюе сытуацыю, бо ўсюды буяе карупцыя

Карэспандэнт: «Масква неаднойчы папярэджвала, што кантрабанда — гэта дрэнна, не па-саюзьніцку. Але фактычна нічога не мяняецца».

«Нават калі б урад і хацеў, каб такога не было, дык існуе карупцыя. Дарэчы, тыя ж расейцы могуць у гэтых схемах удзельнічаць, так? Не адны ж беларусы гэтым займаюцца, яны ж камусьці там оптам прадаюць прадукцыю, якую вязуць з-за мяжы. Бо існуюць ня толькі дзяржаўныя прадпрыемствы, якія ў Беларусі займаюцца экспартам, скажам, мясной ці рыбнай прадукцыі. Ёсьць шмат прыватных кампаніяў, і цалкам можа быць, што беларускі ўрад проста не кантралюе сытуацыю, бо, яшчэ раз кажу, усюды буяе карупцыя. Мяркую, што гэта самае праўдападобнае дапушчэньне».

Паводле разьлікаў шэрагу аналітыкаў, сыход украінскіх кампаніяў з расейскага рынку і рэжым узаемных санкцыяў Захаду супраць Расеі і наадварот могуць даць беларускаму бюджэту дадаткова 5 мільярдаў даляраў выручкі. Відавочна, што ў пагоні за звышпрыбыткамі ўдзельнікі гульні па-буйному не адмаўляюцца і ад сумнеўных схемаў — кожны хоча пасьпець скарыстацца ўнікальным шанцам зарабіць на расейцах.

XS
SM
MD
LG