Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вінцук Вячорка: «Калі дзяржава афіцыйна называецца Беларусь, будзьце ласкавы шанаваць яе выбар»


Міністэрства сувязі і масавых камунікацыяў Расеі будзе змагацца з журналістамі, якія пішуць «в Украине», «Беларусь», і гэтым фармуюць у расейскіх СМІ «нездаровую моўную норму». Дзеля гэтага прапануецца стварыць антырэйтынг навінавых выданьняў, а найбольш непісьменным супрацоўнікам будзе прысуджацца прэмія «Залаты ціпун».

Намесьніка міністра сувязі і масавых камунікацыяў Расеі Аляксея Воліна хвалююць ня толькі «СМІ і ньюсмэйкеры, якія псуюць і перакручваюць расейскую мову», але і назвы дзяржаваў: «в Украине» — «на Украине», «Беларусь» — «Белоруссия». Як вядома, афіцыйныя расейскія СМІ ўпарта працягваюць называць былыя саюзныя рэспублікі па-старому: «Белоруссия», «Киргизия», «Молдавия».

На думку мовазнаўцы Вінцука Вячоркі, пытаньне тут далёка не ў лінгвістыцы і не ў барацьбе за пісьменнасьць і чысьціню мовы, а ў імпэрскіх амбіцыях усходняга суседа:

— Я вельмі зьдзіўлены тым, што, аб’явіўшы кампанію за культуру мовы, расейскія афіцыйныя журналісты ня дбаюць пра засільле нецэнзуршчыны, парушэньне граматычных нормаў расейскай мовы ў прамым сэнсе, а чамусьці іх турбуе, як ужываць назвы суседніх дзяржаваў, на якія хтосьці там мае імпэрскія апэтыты.

Па-першае, гэта праблема «в Украине» — «на Украине». І зноў праблема з назвай нашай краіны і дзяржавы. Калі з развалам Савецкага Саюзу адбылася дэкалянізацыя геаграфічных назваў, то гэта быў працэс цалкам натуральны. Такая дэкалянізацыя назваў адбылася і пасьля вызваленьня Індыі з-пад Брытанскай кароны, такая дэкалянізацыя і вяртаньне да сваіх вытокаў, прыродных назваў і прыроднай фанэтыкі адбылася на Афрыканскім кантынэнце, калі там абвясьцілі незалежнасьць ад Францыі, Брытаніі, Гішпаніі. Тое самае і тут. І трэба прызнаць, што былыя імпэрскія нацыі — Вялікая Брытанія, Францыя, Гішпанія — яны прызналі права вось гэтых былых калёніяў на сваю тапанімію.

На жаль, няма дэімпэрыялізацыі ў нашага ўсходняга суседа, яна так і не адбылася, і ў выніку працягваецца вось гэты жахлівы рэцыдыў, у тым ліку і ў лінгвістыцы. Калі дзяржава афіцыйна называецца Беларусь, будзьце ласкавы шанаваць яе выбар.

— Але расейцы, акрамя «на Украине» и «Белоруссии», называюць па-свойму і іншыя краіны — «Молдавия», «Киргизия» (хоць афіцыйныя іх назвы — «Рэспубліка Малдова», «Кыргызстан»), прынцыпова працягваючы савецкую практыку.

— Мы ж добра памятаем, што, пачынаючы з 1991 году, калі развалілася гэтая імпэрыя і калі запатрабавалі былыя калянізаваныя народы пашаны да сваёй тапанімічнай традыцыі, у расейскай прэсе пісалі «Таллинн» (з двума «н» на канцы). Гэта не пярэчыць расейскаму правапісу. Пісалі «Киргизстан», пісалі «Молдова». І толькі з адраджэньнем вось гэтага імпэрскага грэблівага погляду раптам пачалі аргумэнтаваць, што вось такія законы ў расейскай мове. Расейскай фанэтыцы ні «Молдова», ні «Молдавия» не пярэчаць. Але абраная была форма, якая не супадае з той, якую выбраў сам народ.

Нядаўна паўднёвакарэйская фірма правяла не зусім звычайную рэклямную кампанію — плякаты з заклікам правільна вымаўляць назву Hyundai: «БЕЛАРУСЬ, а не Белоруссия, ХЁНДЭ, а не Хундай».

А беларус Кірыл Лапіцкі падаў пазоў у Сіманаўскі раённы суд Масквы да расейскіх СМІ, якія выкарыстоўваюць звычнае для сябе «Белоруссия». Маскоўскі суд пазоў прыняў. На папярэднія слуханьні адказчыкі не зьявіліся. Асноўнае судовае паседжаньне прызначанае на 20 лістапада.

У лістападзе 2009 году Дзьмітры Мядзьведзеў, будучы прэзыдэнтам Расеі, сустракаўся зь беларускімі журналістамі. Карэспандэнт Павал Тухто прапанаваў тады Мядзьведзеву і ўсім расейскім палітыкам называць краіну Беларусь, а не Белоруссия. Журналіст падкрэсьліў, што менавіта Беларусьсю краіна называецца ў ААН і такія рэкамэндацыі маскоўскага Інстытуту расейскай мовы. Мядзьведзеў сказаў: «Вы ведаеце, Беларусь, і я настойваю менавіта на такім вымаўленьні нашай братняй дзяржавы».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG