Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Надыходзіць час расплаты


Беларусь мусіць сплаціць крэдыторам у 2015 годзе 4 мільярды даляраў.

Гэтую лічбу назвала сёньня старшыня праўленьня Нацыянальнага банку Беларусі Надзея Ермакова падчас онлайн-канфэрэнцыі ў БЕЛТА. Яна запэўніла, што цяперашняга аб’ёму золатавалютных рэзэрваў краіны хопіць, каб разьлічыцца са зьнешнімі крэдыторамі.

Аднак каб забясьпечыць эканамічную бясьпеку краіны, — заўважыла старшыня Нацбанку,— на пагашэньне зьнешніх пазыкаў плянуецца накіраваць грошы ад экспартных пошлін за нафтапрадукты і пошлін ад экспарту сырой нафты беларускай вытворчасьці. Акрамя таго, галоўны банк краіны спадзяецца «прыцягнуць незьвязаныя зьнешнія крэдытныя рэсурсы, а таксама выкарыстаць унутраныя крыніцы пазыкаў».

Надзея Ермакова
Надзея Ермакова

«Сваімі словамі спадарыня Ермакова, безумоўна, спрабуе супакоіць насельніцтва, — адзначае ў камэнтары для Свабоды экспэрт Лібэральнага клюбу Антон Болтачка. — Нашы людзі, гледзячы на тую дэвальвацыю, якая адбываецца цяпер у Расеі, вядома, напужаныя. Яны баяцца, што расейская сытуацыя адаб’ецца і на беларускім рублі.

На сёньняшні дзень рэальных, найбольш ліквідных з золатавалютнага рэзэрву, грошай — ня больш за чатыры мільярды даляраў. І таму выплаты зьнешняга доўгу ў наступным годзе становяцца складанымі. Неабходна знайсьці дадатковыя грошы. Вось чаму старшыня Нацбанку намякае, што нафтавыя грошы будуць залічаныя ў золатавалютныя рэзэрвы. У такім выпадку грошай на разьлікі за пазыкі павінна хапіць».

— Але ж у такім выпадку нафтавыя грошы пойдуць не ў рэальны сэктар эканомікі, дзе яны вельмі неабходныя для мадэрнізацыі вытворчасьці?

«Так. Але ж мы самі выбралі такую стратэгію, я б сказаў, „стратэгію праяданьня сваёй будучыні“, калі ў некалькі разоў павялічылі свой зьнешні доўг. Гэта ўсё пачалося ў 2008–2009 гадах. І цяпер мы расплачваемся за той выбар.

Эканоміка мусіць цяпер расплаціцца за той былы рост, які быў забясьпечаны менавіта зьнешнімі пазыкамі ад Міжнароднага валютнага фонду, Расеі ды іншых крыніц, якія былі тады ў нас».

Паводле інфармацыі Нацбанку, золатавалютныя рэзэрвы Беларусі на 1 кастрычніка 2014 году складаюць 6 мільярдаў 4,6 мільёна даляраў. Прычым у самой структуры гэтых рэзэрваў актывы ў замежнай валюце крыху не дацягваюць да чатырох мільярдаў.

З пачатку 2014 году золатавалютныя рэзэрвы зьнізіліся на 646,3 мільёна, на 1 студзеня іх ровень складаў 6 мільярдаў 650,9 мільёна даляраў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG