Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскага журналіста хочуць дэпартаваць з Польшчы. За шпіянаж


Расейскі карэспандэнт Леанід Сьвірыдаў, у якога МЗС Польшчы забрала акрэдытацыю, можа быць высланы з краіны.

Як паведамляе Польскае радыё, працэдуру дэпартацыі пачаў мазавецкі ваявода пасьля адпаведнага звароту Агенцтва ўнутранай бясьпекі. У Сьвірыдава забяруць дазвол на часовае знаходжаньне ў Польшчы.

Паводле польскіх СМІ, карэспандэнта РИА Новости Леаніда Сьвірыдава падазраюць у шпіянажы, а таксама ў дзейнасьці, якая выходзіць за рамкі абавязкаў карэспандэнта. У прыватнасьці, ён арганізоўваў паездкі польскіх журналістаў у Расею.

МЗС Польшчы паведамляе, што ў Сьвірыдава забралі акрэдытацыю з 24 кастрычніка.

Упершыню Леанід Сьвірыдаў атрымаў журналісцкую акрэдытацыю ў польскім МЗС у 1998 годзе, з 2003 году стала жыве і працуе ў Польшчы. У 2006 годзе Сьвірыдаву адмовілі ў акрэдытацыі ў Чэхіі, адна зь мясцовых газэтаў зьвінаваціла яго ў шпіянажы.

Раней Леанід Сьвірыдаў працаваў у Менску карэспандэнтам тэлеканалу РТР і меў беларускае грамадзянства.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG