Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяржава стварае шмат перашкод для працы бізнэсу, — экспэрт


Посьпехі Беларусі ў рэйтынгу Сусьветнага банка Doing Business 2015 не адлюстроўваюць рэальнага стану рэчаў з вядзеньнем бізнэсу ў краіне.

Такую думку ў інтэрвію Радыё Свабода выказаў кіраўнік Асацыяцыі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва, юрыст і эканаміст Сяргей Балыкін:

«Шчыра кажучы, я вельмі скептычна стаўлюся да ўсялякіх рэйтынгаў кшталту Doing Business, таму што яны ўлічваюць нейкія фармальныя паказчыкі, хаця існуюць і нефармальныя. Можна бачыць, што некаторыя адміністратыўныя працэдуры, зьвязаныя з бізнэсам, становяцца прасьцейшымі ці ўвогуле адмяняюцца. Напрыклад, некалькі месяцаў таму спрасьцілі ўмовы атрыманьня ліцэнзіі на юрыдычныя паслугі і яшчэ некаторыя рэчы становяцца прасьцей. Але ж мы таксама бачым, што дзяржава стварае новыя перашкоды для працы беларускага бізнэсу. Напрыклад, для дробнага бізнэсу, для дробных гандляроў, для індывідуальных прадпрымальнікаў уведзена неабходнасьць мець дакумэнты на іх тавары. Для імпарцёраў уведзены абавязак плаціць падатак на дададзены кошт пры ўвозе тавараў. Можна пералічваць шмат якія праблемы бізнэсу, якія стварае дзяржава, але не ўсе яны ўлічаны ў гэтых рэйтынгах. Гэтыя рэйтынгі проста бяруць нейкія адміністратыўныя працэдуры і мэханічна глядзяць, спрасьціліся яны ці не. Але ў Беларусі перавагу мае не закон, а практыка яго прымяненьня», — лічыць Балыкін.

Сяргей Балыкін. Фота: Ягор Маёрчык

Сяргей Балыкін. Фота: Ягор Маёрчык

У рэйтынгу Doing Business 2015 Беларусь паднялася на пяць пазыцый і цяпер займае 57-е месца. Трэба адзначыць, што ў апошнія гады беларускія ўлады неаднаразова заяўлялі аб плянах Беларусі ўвайсьці ў трыццатку краін з найлепшымі ўмовамі вядзеньня бізнэсу.

XS
SM
MD
LG