Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ЗША на старце выбухнула ракета з касьмічным караблём. Ахвяр няма


У аўторак вечарам амэрыканская ракета-носьбіт Antares, якая павінна была даставіць на арбіту касьмічны грузавы карабель Cygnus выбухнула падчас запуску з касмадрома на востраве Ўолапс ля ўзьбярэжжа штата Вірджынія.

Выбух адбыўся ў 18 гадзін 23 хвіліны па мясцовым часе. Пуск ракеты трансьляваўся ў жывым эфіры на сайце Нацыянальнага агенцтва па аэранаўтыцы і дасьледаваньню касьмічнай прасторы. Ракета пасьпела толькі трохі падняцца ў паветра, праз шэсьць сэкунд палёту яна загарэлася і ахопленая полымем павалілася на зямлю. Пасьля гэтага адбыўся магутны выбух.

Паводле папярэдніх зьвестак, абышлося без чалавечых ахвяраў, але ў выніку пажару пацярпелі аб’екты пускавога комплексу. Камэрцыйны касьмічны грузавік павінен быў даставіць больш за дзьве тысячы кіляграмаў грузу, у тым ліку правіянт для касманаўтаў, на Міжнародную касьмічную станцыю. Яго стыкоўка з МКС была заплянаваная на 2 лістапада. Ракета Antares была створаная прыватнай амэрыканскай фірмай Orbital Sciencе, якая працуе па кантракце з НАСА.

Оrbital Science — адна з двух невялікіх прыватных кампаній, якія распрацоўваюць новае пакаленьне амэрыканскіх грузавых і пілятуемых касьмічных караблёў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG