Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сэнатар: Калі Абама ня ўхваліць прадстаўленьне зброі Ўкраіне, гэтым зоймецца Кангрэс


Джэймс Інгоф
Джэймс Інгоф

Міністар абароны Ўкраіны перадаў амэрыканскім уладам сьпіс абарончых узбраеньняў, якія ўкраінскі бок хацеў бы атрымаць для ўмацаваньня сваёй абароназдольнасьці, заявіў сэнатар ЗША, член камітэту ўзброеных сіл Джэймс Інгоф. Паводле яго, гэтае пытаньне можа быць вырашана амэрыканскім прэзыдэнтам і Кангрэсам на працягу 4-18 дзён, але калі менавіта гэта здарыцца, невядома.

«Я папрасіў у міністра сьпіс спэцыяльнай зброі, якую яны хацелі б мець, каб адказаць на тыя выклікі, якія стаяць перад Украінай. Цяпер гэты сьпіс у мяне. Я не магу яго апублікаваць, мне яго далі, каб я перадаў яго ў ЗША, у прыватнасьці, у Сэнацкі камітэт па ўзброеных сілах», — паведаміў сэнатар-рэспубліканец.

Сэнатар патлумачыў, што ў ЗША пытаньне аб прадстаўленьні абарончых узбраеньняў іншай краіне можа вырашацца без прыняцьця дадатковых рэзалюцый Кангрэсам. Амэрыканскі прэзыдэнт, як адзначыў сэнатар, можа прыняць такое рашэньне самастойна. Калі па нейкіх прычынах Барак Абама гэтага ня зробіць, то пасьля таго, як 12 лістапада Кангрэс зьбярэцца на чарговую сэсію, камітэт па ўзброеных сілах прыкладзе намаганьні, каб пытаньне было вырашана, адзначыў Джэймс Інгоф.

Сэнатар прагназуе, што гэта можа заняць ад 4-5 дзён да двух з паловай тыдняў.

Камітэт па замежных справах Сэнату ЗША 18 верасьня зацьвердзіў праект закону аб новых санкцыях супраць Расеі і падтрымцы Ўкраіны. Аўтарамі гэтага дакумэнту зьяўляюцца сэнатары Робэрт Мэнэндэс і Боб Коркер. Для таго, каб гэты законапраект стаў законам, аналягічны тэкст павінны прыняць яшчэ Сэнат і Палата прадстаўнікоў, а затым павінен падпісаць прэзыдэнт.

Згодна з дакумэнтам, амэрыканскі прэзыдэнт павінен атрымаць права прадставіць Украіне процітанкавае ўзбраеньне, зброю і амуніцыю для асабістага складу, радары, дальнямеры, абсталяваньне для навядзеньня, беспілётнікі і камунікацыйнае абсталяваньне. На гэта ў наступным годзе плянуецца вылучыць 350 мільёнаў даляраў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG