Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апытаньне ў Гомелі: Ва Ўкраіне хоць і вайна, але яны — выбіралі


Belarus -- Vox populi, microhpone

Belarus -- Vox populi, microhpone

«Чым беларускія выбары адрозьніваюцца ад украінскіх?» На гэтае пытаньне адказваюць жыхары Гомеля.


Спадар: «Нам асабліва й не паказалі, што там і як яны прайшлі. Тэлеканалаў няма, раней мы хоць „Iнтэр-плюс“ глядзелі. Я яшчэ, аднак, „Эўраньюс“ гляджу. Падабаецца, што ў парлямэнт праходзяць 6 партыяў. У нас нейкая адна партыя, але незразумела, чыя яна і хто ў ёй. Мне там даспадобы, што хоць вайна ідзе, але людзі ідуць і галасуюць. Хочуць жыць у адзінай Украіне, як і раней — і выбіраюць».

Спадарыня: «У іх што Амэрыка сказала, тое яны й зрабілі. Якія там выбары?!»

Спадар: «У параўнаньні з Украінай, ой-я-ёй, вялікая дэмакратыя ў Беларусі. Тэлевізар гляджу, дык там прынудзілаўка, там запалохваньне. Свабоды слова ніякай няма».

Спадарыня: «Паказвалі па тэлебачаньні — нармальныя там выбары прайшлі. І ў нас на выбары мы ідзём, як на сьвята».

Спадар: «Яшчэ выбары ў Беларусі адрозьніваюцца тым, што на выбарчых участках у Беларусі прадаюць сьпіртовыя напоі, а ва Ўкраіне — не. Гэта значыць, народ ня спойваюць».

Спадар: «У іх такія выбары — занадта гарачыя».

Спадарыня: «Ва Ўкраіне ёсьць розныя партыі — яны змагаліся за ўладу, выстаўлялі сваіх кандыдатаў. Там ёсьць рэальная шматпартыйнасьць, рэальнае спаборніцтва, рэальная барацьба. У Беларусі тое, што адбываецца, — гэта ня выбары. Як і ў савецкі час, усё загадзя вядома, хто будзе дэпутатам, хто будзе прэзыдэнтам. Беларускія выбары — гэта фарс».

Спадар: «Там жа за грошы! Хтосьці, па-мойму, пяцьсот грыўняў даваў за выбары. Бандэраўская ўлада прыйшла да ўлады. Хіба ж гэта выбары?»

Спадар: «У Беларусі апошні раз выбары праходзілі ў далёкім 1994 годзе, калі Лукашэнка сапраўды атрымаў перамогу на выбарах. Пасьля прыходу Лукашэнкі да ўлады ў краіне няма выбараў — праходзяць палітычныя кампаніі пад назвай „выбары“, падчас якіх нібыта працуюць выбарчыя камісіі, назіральнікі. Ідзе імітацыя выбарчага працэсу з загадзя вядомым вынікам. Лукашэнка, дарэчы, ня раз прызнаваўся, што ён даваў каманду фальшаваць выбары, зьмяншаючы колькасьць галасоў, у тым ліку пададзеных за яго.

Ва Ўкраіне тое, што мы назіралі ў мінулы выходны, — гэта сапраўды прайшлі выбары. Народ сапраўды выказаўся за далейшае разьвіцьцё краіны».

Спадар: «Беларусь пры гэтай уладзе даўно стала на шлях, калі галоўнае — як падлічваюць галасы, а ня тое, як людзі галасуюць. Ва Ўкраіне — ну, там былі пэўныя праблемы, але, тым ня менш, гэта выбары, якія можна лічыць празрыстымі. І гэта выбары, якія прызнаюць усе краіны сьвету. Цяпер нават Расея прызнала, што выбары адбыліся і што вынікі іх адпавядаюць рэчаіснасьці».

XS
SM
MD
LG