Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці здолее апазыцыя распрацаваць адзіную стратэгію ўдзелу ў прэзыдэнцкіх выбарах?


Беларуская апазыцыя працягвае абмяркоўваць фармат удзелу ў прэзыдэнцкай кампаніі. Ці варта выкарыстоўваць тактыку байкоту? Якія мэты ставіць апазыцыя ў гэтай кампаніі? Ці будзе вылучаны адзіны кандыдат ад дэмакратычных сілаў?

Удзельнікі: лідэр грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» Ўладзімер Някляеў і старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька.

Сцэнары выбарчай кампаніі

Валер Карбалевіч: «Сп. Някляеў, вы адзіны, хто публічна прапанаваў варыянт удзелу апазыцыі ў прэзыдэнцкай кампаніі. Вы прапанавалі вылучыць адзіным кандыдатам палітзьняволенага Міколу Статкевіча. З улікам таго, што яго не зарэгіструюць, трэба вылучыць кандыдата-дублёра, які і будзе весьці рэальную выбарчую кампанію. І на фінішы гэты кандыдат павінен зьняцца з кампаніі. Гэта фактычна схаваная форма байкоту. Сфармулюйце коратка матывы і аргумэнты на карысьць гэтай стратэгіі.

Уладзімер Някляеў

Уладзімер Някляеў

Уладзімер Някляеў: «Гэта не схаваная форма байкоту. Гэта актыўны байкот. Але гэты плян можна рэалізаваць толькі пры кансалідацыі ўсёй апазыцыі. Тады можна дасягнуць вынікаў».

Карбалевіч: «А якіх вынікаў вы хочаце дасягнуць?»

Някляеў: «Гэта ж жах, што людзі ведаць ня хочуць, што палітвязьні сядзяць у турме. Я хачу, каб у гэтай краіне жылі людзі, а не спажыўцы. Можа, і сьмешна гучыць тэзіс пра маральную перамогу. Але цяпер якраз той выпадак, калі насамрэч можа быць гэтая маральная перамога».

Анатоль Лябедзька

Анатоль Лябедзька

Анатоль Лябедзька: «Найлепшая сытуацыя, калі ў партфэлі прыхільнікаў пераменаў будзе некалькі сцэнароў. Бо няма ідэальнага сцэнару. Ёсьць плюсы і мінусы ў любога варыянту. Бо сытуацыя можа хутка мяняцца.

Ёсьць плюсы ў сцэнары актыўнага байкоту. АГП дзьве апошнія выбарчыя кампаніі зыходзіла з таго, што ня трэба гуляць па сцэнары Лукашэнкі. Бо гэта вядзе да легітымізацыі рэжыму. Тэма палітвязьняў не хвалюе большасьць насельніцтва. Таму павінен быць і сцэнар моцнай эканамічнай альтэрнатывы».

Някляеў: «Адна з хібаў кампаніі апазыцыі ў 2010 годзе — у тым, што быў адзін сцэнар: Плошча».

Лябедзька: «У Лукашэнкі тады якраз было некалькі сцэнараў. Спачатку рэалізоўваўся сцэнар лібэралізацыі. І ніхто не чакаў, што вечарам 19 сьнежня ён пачне рэалізоўваць зусім іншы сцэнар. І ў гэтым была ягоная перавага, бо было поле для манэўру».

Някляеў: «Кампанія „Гавары праўду“ таксама прапануе сцэнар „Народны рэфэрэндум“. То бок кандыдат у прэзыдэнты ў якасьці асновы сваёй праграмы бярэ шэсьць пытаньняў, у падтрымку якіх людзі ставілі свае подпісы. Плюс тэма палітвязьняў».

Лябедзька: «Ёсьць чатыры сцэнары. Першы — гэта ляжаць на канапе і паказваць дулі Ярмошынай. Другі — актыўны байкот. Трэці — сцэнар „народны рэфэрэндум“, пра які казаў сп. Някляеў. І чацьвёрты — гэта прапанова альтэрнатывы Лукашэнку. Магчыма іх спалучэньне».

Ці варта выкарыстоўваць тактыку байкоту?

Карбалевіч: «Пагаворым пра байкот. Як паказала практыка, у Беларусі актыўны байкот немагчымы. Досьвед парлямэнцкай кампаніі 2014 году — што байкот ладзіўся не ў рэале, а ў асноўным у інтэрнэце. А цяпер у выбарчае заканадаўства ўнесеныя дапаўненьні, паводле якіх байкот забаронены».

Якраз тое, што ўлады цяпер заканадаўча забаранілі байкот, сьведчыць пра тое, што насамрэч у 2012 годзе байкот адбыўся

Лябедзька: «Якраз тое, што ўлады цяпер заканадаўча забаранілі байкот, сьведчыць пра тое, што насамрэч у 2012 годзе байкот адбыўся. Рэфлексія ўлады на яго была вельмі нэрвовая».

Някляеў: «Але, напрыклад, кандыдат у прэзыдэнты можа ў сваім выступе патлумачыць прычыны байкоту і заклікаць да яго».

Карбалевіч: «Ваш выступ па ТБ будзе ісьці ў запісе. І як толькі там будзе заклік да байкоту, яго альбо ўвогуле не пакажуць, альбо выражуць гэты сюжэт з заклікам».

Някляеў: «На мінулых выбарах быў жывы эфір. Калі цяпер будуць даваць выступ у запісе, то яшчэ больш патрэбен байкот».

Лябедзька: «Памылка апазыцыі палягае ў тым, што мы ўвесь час спрабуем дзейнічаць па правілах Лукашэнкі, у тым калідоры, які даюць улады. Вось на мінулых мясцовых выбарах, як толькі нашы кандыдаты пачалі ладзіць пікеты на ўкраінскую тэму, іх адразу ж разагналі, забралі ў пастарунак».

Карбалевіч: «Дык вы ж пацьвярджаеце маю вэрсію».

Някляеў: «Мы рыхтуем кангрэс, каб выбраць лепшы сцэнар».

Караблевіч: «Вы лічыце, што на сходзе з удзелам некалькіх соцень чалавек можна зрабіць рацыянальны выбар у той час, калі гэтага не маглі зрабіць сем кіраўнікоў апазыцыйных структураў?»

Някляеў: «Я выступлю там і скажу: я прэтэндую на ролю адзінага кандыдата, вы ведаеце маю праграму, выбірайце. Нічога складанага няма».

Лябедзька: «Галоўнае — не пытаньне адзінага кандыдата. Галоўнае — у якіх умовах пройдуць выбары».

Карбалевіч: «А вам не зразумела, якія будуць умовы? Вы яшчэ сумняваецеся?»

Лябедзька: «Кропля камень точыць. Калі нічога не рабіць, не гаварыць пра свабодныя выбары, ня ладзіць ціск і ўнутры краіны, і звонку, то нічога і ня будзе».

Тактыка папулізму ці прапаганда каштоўнасьцяў?

Карбалевіч: «Ва ўмовах, калі рэальных выбараў няма і шанцы на перамогу апазыцыі невялікія, то, можа, і сапраўды варта не зьвяртаць асаблівай увагі на электарат, а праводзіць кампанію так, як цікава самой апазыцыі. То бок выкарыстаць кампанію дзеля прапаганды сваіх каштоўнасьцяў».

Праблема ў тым, што той халявы, якую даў беларусам Лукашэнка, не пераплюнуць

Някляеў: «Гаворка ідзе не пра выбары, а пра палітычную кампанію. Я ж не дзіця, каб не разумець, што ў цяперашніх умовах шанцаў у апазыцыі няма ніякіх. Таму шукаю хады, каб хоць павялічыць кола прыхільнікаў».

Лябедзька: «Спалучаць апэляцыю да электарату і прапаганду нашых каштоўнасьцяў цяжка, але можна. Трэба знаходзіць тэмы. Напрыклад, прадухіленьне карупцыі, інфляцыі. Трэба зьвязваць тэму свабодных выбараў з надзённымі пытаньнямі жыцьця людзей».

Някляеў: «Маю досьвед мінулых выбараў, дзе я спалучаў і тое, і другое. Праблема ў тым, што той халявы, якую даў беларусам Лукашэнка, не пераплюнуць. А адказным палітыкам гуляць у гэтую гульню абяцанак — гэта сябе не паважаць. Лепш казаць людзям праўду. Я казаў, што я дам вам магчымасьць».

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG