Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёў упрыгожаць, як паўднёвакарэйскі кірмаш


На рынку ў Магілёве
На рынку ў Магілёве

Старшыня Магілёўскага гарвыканкаму Ўладзімер Цумараў захапіўся эстэтыкай паўднёвакарэйскіх сельскагаспадарчых кірмашоў і афармленьня тамтэйшых гарадоў. Кіраўнік гарадзкой выканаўчай улады пабываў у гэтай краіне. Як паведамляецца там ён быў у камандзіроўцы.

Пра мэты візыту магілёўскія дзяржаўныя мэдыі пакуль не паведамляюць, аднак засяроджваюць увагу на тым, што Цумараў даў даручэньні выкарыстоўваць «паўднёвакарэйскі досьвед правядзеньня гарадзкіх кірмашоў» і падаюць выказваньне чыноўніка:

«У адным стылі аформлены кірмаш. З аднаго боку палаткі ў адным стылі, з другога боку таксама — шатры такія. Прадстаўнікі сельскагаспадарчых прадпрыемстваў гораду Пхочхону рэклямавалі і рэалізоўвалі сваю прадукцыю. Прыгожа ўсё аформлена, а ня так, як у нас. Адна палатка такая завэдзганая — страшна на яе глядзець, а другая іншага памеру. Трэба зрабіць адзіную такую сыстэму, канцэпцыю распрацаваць, і каб калі мы кірмашы праводзілі, то яны сапраўды глядзеліся», — настаўляе падначаленых Уладзімер Цумараў.

Адна палатка такая завэдзганая — страшна на яе глядзець, а другая іншага памеру

Кандыдат эканамічных навук Пётар Мігурскі ў Паўднёвай Карэі ня быў. Кажа, што на такую паездку ў яго няма грошай. На заявы Цумарава эканаміст рэагуе словамі:

«Няхай бы ён іншае там убачыў. Тое, што ён падгледзеў у Паўднёвай Карэі — гэта сьведчыць пра ягоны ўзровень як кіраўніка. Тут пытаньне паўстае: чаму чыноўнік за тысячы кілямэтраў лётаў і ўбачыў толькі вонкавыя працэсы, якія адбываюцца ў краінах з рынкавай эканомікай? Чаму ён не падгледзеў, што канкураваць варта ня толькі прыгожымі этыкеткамі з прыгожых палатак, а эфэктыўнасьцю вытворчасьці і яе сабекоштам і якасьцю? Гэта галоўнае», — заяўляе Пётар Мігурскі.

На думку эканаміста, гаворка пра прыгожыя палаткі і прыгажосьць на кірмашах — гэта нішто іншае, як пусканьне людзям пылу ў вочы:

«Трэба шукаць карані праблемаў у дзяржаўным ладзе, свабодзе чалавека і дэмакратыі ды рыначнай эканоміцы. Калі там людзі ва ўмовах канкурэнцыі ўкладаюцца ў рэкляму, то яна ж спрацоўвае. Вы выбачайце, але ўзровень жыцьця паўднёвага карэйца і беларуса, скажам так, гэта зусім розныя паняцьці. Там, калі чалавек прыходзіць з поўным кашальком, дык ён насамрэч выбірае. А калі беларус прыходзіць з пустым кашальком, дык якім гармонікам яго толькі ні заваблівай, з пустой торбай ён з кірмашу і пойдзе», — лічыць эканаміст Пётар Мігурскі.

Пра паўднёвакарэйскія навацыі афармленьня беларускага Магілёва пакуль мала гаворкі. Заяўляецца, што трэба займацца навядзеньнем чысьціні.

Сёлета 26 чэрвеня старшыня гарвыканкаму Ўладзімер Цумараў і мэр паўднёвакарэйскага гораду Пхочхона Со Чжан Вон падпісалі мэмарандум аб узаемавыгадным супрацоўніцтве. Цумараў тады заяўляў, што Магілёў зацікаўлены ў прыцягненьні карэйскіх інвэстыцыяў у будоўлю жыльля і мадэрнізацыю прамысловых прадпрыемстваў. У сваю чаргу, мэр Пхочхона больш гаварыў пра культурна-адукацыйныя абмены.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG