Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што дэпутаты ўкраінскага паходжаньня думаюць пра беларускую мову?


Як да беларусізацыі ставяцца дэпутаты, якія нарадзіліся ва Ўкраіне. Такіх у беларускім парлямэнце чатыры. Цікава параўнаць іх адказы з адказамі дэпутатаў расейскага паходжаньня. Піша Ігар Случак.

У адным з папярэдніх допісаў я распавядаў пра тое, што дэпутаты беларускага парлямэнту расейскага паходжаньня думаюць пра беларускую мову.

Сёньня прыйшоў час распавесьці, што думаюць дэпутаты, якія нарадзіліся ва Ўкраіне. Такіх дэпутатаў у нашым парлямэнце чатыры. Цікава параўнаць іх адказы з адказамі дэпутатаў расейскага паходжаньня. Магчыма, яны вызначацца больш паважным стаўленьнем да беларускай культуры?

З шасьці дэпутатаў, якія прадстаўляюць Гомель у Палаце прадстаўнікоў, два маюць украінскае паходжаньне, а адзін зь іх у 2012 годзе быў маім супернікам на парлямэнцкіх выбарах. Зь яго і пачнём.

Міхаіл Пачынак

Дэпутат ад Гомельскай-Савецкай акругі № 34 Міхаіл Пачынак паходзіць з Заходняй Украіны. Ён нарадзіўся ў сяле Ныркаў Заляшчынскага раёну Цярнопальскай вобласьці. Вышэйшую адукацыю атрымліваў у сябе на радзіме, як бы сказала расейская прапаганда, у «бандэраўскай сталіцы» Ўкраіны. Міхаіл Пачынак скончыў Львоўскі політэхнічны інстытут.

Завочнае знаёмства зь ім у мяне адбылося ў 2012 годзе, калі ён, як і я, вылучаўся кандыдатам у дэпутаты. Запытацца ў Міхаіла наконт таго, як ён ставіцца да беларускай мовы, падчас выбараў не атрымалася — удзельнічаць у тэледэбатах ён не пажадаў. Непублічны, відаць, чалавек.

Тым ня менш падчас выбараў у дзяржаўнай раённай газэце Гомеля пад трывіяльнай назвай «Савецкі раён» ён заявіў, што «лічыць, што ўсім, хто будзе абраны ў парлямэнт, трэба як мага больш раіцца з выбарнікамі. Іх думка павінна ня проста ўлічвацца, а мець першачарговае значэньне». І я б лепей не сказаў, таму, у сваю чаргу, у тым жа нумары «Савецкага раёну» адзначыў, што «стаўлю мэтай на заканадаўчым узроўні дамагацца рэальнага раўнапраўя беларускай і рускай моваў».

Тады ніводзін незалежны кандыдат у парлямэнт ня трапіў, а праўладныя кандыдаты атрымалі «фэерычныя перамогі». Міхаілу Пачынку тады афіцыйна напісалі 73%, а мне — 5%. Іншым двум кандыдатам — яшчэ менш.

Успомніўшы словы Міхаіла Пачынка, што «думка выбарнікаў павінна ня проста ўлічвацца, а мець першачарговае значэньне», я зьвярнуўся да дэпутата з прапановай ініцыяваць зьмены ў закон «Аб мовах», калі ўжо сам не магу гэтага зрабіць.

І вось які адказ я атрымаў:

«Уважліва вывучыў прапанаваныя Вамі зьмены ў Закон „Аб мовах“, мэта якіх — папулярызацыя і разьвіцьцё беларускай мовы. Цалкам падтрымліваю Ваша жаданьне больш шырока выкарыстоўваць беларускую мову як сродак зносін у Рэспубліцы Беларусь, аднак перакананы, што публікацыя розных дзяржаўных актаў, афіцыйных дакумэнтаў, тэхнічнай, праектнай і іншай дакумэнтацыі адначасова на дзьвюх мовах жаданага выніку не прынясе, а толькі павялічыць аб’ём дакумэнтаабароту».

Тут бы я адзначыў, што якраз вышэйпералічаныя галіны і патрабуюць першачарговага рэфармаваньня і дубляваньня справаводзтва на дзьвюх мовах, бо гэта тыя сфэры, зь якімі сутыкаесься штодня. Адсутнасьць афіцыйнага перакладу дзяржаўнага акту на беларускую мову пазбаўляе магчымасьці выкарыстоўваць тэрміналёгію. Напрыклад, у грамадзянскім працэсе тое ж «исковое заявление» Юрась Бушлякоў, аўтар «Жывой мовы», прапануе называць «пазоўны ліст». Але без афіцыйнага перакладу ўжываньне гэтага тэрміну будзе ня толькі некарэктным, але і выкліча розначытаньні, што будзе наўпрост адбівацца на выніках разгляду справы.

Далей Міхаіл Пачынак працягвае:

«Дзейнае заканадаўства не абмяжоўвае права карыстаньня грамадзянамі той ці іншай дзяржаўнай мовай і не дае перавагі адной мовы перад іншай. Для больш шырокага выкарыстаньня беларускай мовы неабходна, на мой погляд, большае ўзьдзеяньне эліты нашага грамадзтва на сродкі масавай інфармацыі, арганізацыі культуры і адукацыі, шараговых грамадзян па яго выкарыстаньні, а таксама самім ім карыстацца. Заканадаўства гэта дазваляе без унясеньня прапанаваных Вамі зьмяненьняў у закон «Аб мовах».

Адкінуўшы тое, што Міхаіл блытаецца ў вызначэньні роду слова «мова», якое, як мы ведаем, мае жаночы род, магу ў гэтым выпадку з Пачынком пагадзіцца. Слушна заўважана, што ад нашай актыўнасьці і нашага прыкладу вельмі шмат залежыць. Думаю, каб не перабраўся дэпутат у Беларусь, а заставаўся б ва Ўкраіне, быў бы цяпер паплечнікам Парашэнкі ды ініцыяваў пабудову муру на мяжы з Расеяй. Пакуль гэта толькі домыслы, тым ня менш хочацца спадзявацца, што пры пагрозе незалежнасьці і сувэрэнітэту Беларусі Пачынак будзе на баку беларускага народу.

Віктар Фесак

На фота зьлева
На фота зьлева

Другі дэпутат-«украінец», які прадстаўляе Гомель у Палаце прадстаўнікоў, — Віктар Фесак ад Гомельскай-Юбілейнай акругі № 31, які нарадзіўся ў г. п. Срэбнае Чарнігаўскай вобласьці і скончыў Гомельскі дзяржаўны ўнівэрсытэт па спэцыяльнасьці «Руская мова і літаратура», а да таго ж — філязофскі факультэт Унівэрсытэту марксізму-ленінізму Гомельскага абкаму КПБ і Санкт-Пецярбурскі дзяржаўны ўнівэрсытэт па спэцыяльнасьці «Сацыяльная псыхалёгія ў муніцыпальных службах». У дэпутацтва Фесак прыйшоў з пасады дырэктара адной з гомельскіх школаў, а цяпер займае ў парлямэнце пасаду намесьніка старшыні Сталай камісіі па міжнародных справах.

Вось што адказаў Фесак на мой зварот (артаграфія захаваная):

«Узнімаць пытанне аб мовах несвоечасова. Патрабуецца дэталёвае вывучэнне пытання, неабходна загадзя прадугледзіць у бюджэце выдаткі на гэтыя мэты, у тым ліку на правядзенне агульнарэспубліканскага рэферэндума (вырашае большасць насельніцтва). Дарэчы, што тычыцца закона „Аб мовах“, то, як Вы памятаеце, раней як раз на рэферэндуме большасць насельніцтва рэспублікі выказалася за двухмоўе. У адпаведнасці з ім ніхто не забараняе, на якой мове сення размаўляць, весці перагаворы, пісаць лісты, а таксама друкаваць перыядычныя выданні, аб’явы, вырабляць розныя шыльды, весці справаводства і гэтак далей. Прызнальны Вам за актыўную жыццёвую пазіцыю».

Прагноз на вырашэньне моўнай праблемы, калі зыходзіць з пазыцыі Фесака, несуцяшальны. Асабліва насьцярожвае выраз «Узнімаць пытанне аб мовах несвоечасова». Цікава, калі ўзьнімаць пытаньне будзе своечасова? Калі расейскія танкі зоймуць Гомельскую вобласьць, а гомельскія расейскамоўныя гопнікі ўздымуць над будынкам Гомельскага аблвыканкаму сьцяг «Гомельскай Народнай Рэспублікі»? Тады ўжо пэўна ўздымаць моўнае пытаньне будзе несвоечасова. Але, магчыма, у марксісцка-ленінскага філёзафа іншы погляд на гэтую праблему. Зрэшты, мяркуючы па шыльдзе гомельскай школы, дзе кіраваў Віктар Фесак, свае карані ён памятае, бо яна мае надпіс і па-ўкраінску.

Хочацца верыць, што Віктар не жадае Беларусі ўкраінскага лёсу і прыкладзе намаганьні для разьвіцьця беларускай мовы і культуры. І для гэтага ніякіх рэфэрэндумаў праводзіць ня трэба, дастаткова толькі зьменаў у закон «Аб мовах», ініцыяваць якія ён мае поўнае права.

Валянціна Жураўская

Яшчэ адзін дэпутат украінскага паходжаньня — Валянціна Жураўская абраная ад Матусевіцкай акругі № 103. Нарадзілася сп. Жураўская ў горадзе Шахтарску Данецкай вобласьці, адбывае другую дэпутацкую кадэнцыю. У парлямэнце яна намесьніца старшыні Сталай камісіі па дзяржаўным будаваньні, мясцовым самакіраваньні і рэглямэнце.

Вось яе пазыцыя:

«Выкладзеныя ў Вашым лісьце прапановы аб унясеньні зьмяненьняў у закон „Аб мовах“ прывядуць да значнага павелічэньня аб’ёму дакумэнтаабароту і ўскладненьня парадку выкарыстаньня дзяржаўных моваў, што, на мой погляд, зьяўляецца немэтазгодным».

Тут яна цалкам салідарызавалася са сваімі калегамі расейскага паходжаньня і некаторымі іншымі дэпутатамі. Цікава, на чыім баку была б Жураўская, калі б не пакінула Данецкую вобласьць?

Падсумоўваючы, можна казаць, што ў цэлым пазыцыя дэпутатаў украінскага паходжаньня ў пытаньні разьвіцьця і падтрымкі беларускай мовы і культуры не адрозьніваецца ад пазыцыі дэпутатаў расейскага паходжаньня.

Да іншых дэпутатаў вернемся ў наступных допісах.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG