Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Барыс Кіт вітаў удзельнікаў касьмічнага кангрэсу ў Менску


Барыс Кіт

Барыс Кіт

Сусьветна вядомы вучоны беларускага паходжаньня Барыс Кіт вітаў удзельнікаў VI Беларускага касьмічнага кангрэсу, які праходзіць 28–30 кастрычніка ў Аб’яднаным інстытуце праблем інфарматыкі Нацыянальнай акадэміі навук у Менску.

«Віншую навукоўцаў, спэцыялістаў і ўсіх удзельнікаў VI Беларускага касьмічнага кангрэсу як зь Беларусі, Расеі, так і іншых краін сьвету, — адзначыў Кіт у прывітаньні, якое было зачытана на адкрыцьці кангрэсу ў Менску. — Вельмі рады таму, што Беларусь афіцыйна далучылася да клюбу касьмічных дзяржаў. Касьмічныя дасьледаваньні і асобныя распрацоўкі праводзіліся тут даўно, выхадцы зь Беларусі стала ўдзельнічалі і ўдзельнічаюць у сусьветных навуковых форумах, ёсьць сябрамі Міжнароднай акадэміі астранаўтыкі, трое беларусаў ужо папрацавалі ў космасе».

«Жадаю вам новых посьпехаў і дасягненьняў у асваеньні касьмічных тэхналёгій на карысьць любай Радзіме і яе працавітаму народу», — падкрэсьліў у сваім прывітаньні Кіт, якога цытуе БелаПАН.

Грамадзкі дзеяч, настаўнік, фізык і матэматык Барыс Кіт нарадзіўся ў Пецярбургу ў 1910 годзе, пасьля рэвалюцыі разам з бацькамі пераехаў на Наваградчыну.

Пасьля Другой сусьветнай вайны іміграваў у ЗША, з 1972 году жыве ў Нямеччыне.

Вучоны атрымаў сусьветную вядомасьць за распрацоўку ракетнага паліва для касьмічных апаратаў, таксама ён займаўся распрацоўкай сродкаў сувязі ў праектах касьмічных караблёў. Барыс Кіт — акадэмік Міжнароднай акадэміі астранаўтыкі, ганаровы доктар навук Гарадзенскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Янкі Купалы, заслужаны прафэсар Мэрылэндзкага ўнівэрсытэту (ЗША), ганаровы грамадзянін Наваградку.

У VI Беларускім касьмічным кангрэсе бяруць удзел больш за сотню вядучых спэцыялістаў касьмічнай галіны зь Беларусі, Расеі, Украіны і шэрагу іншых краін. Пытаньні, якія абмяркоўваюцца на гэтым навуковым форуме, тычацца пэрспэктыўных матэрыялаў і элемэнтнай базы для касьмічнай тэхнікі; касьмічных праектаў і праграм; спадарожнікаў, мэтавай і навуковай апаратуры; сродкаў і мэтадаў апрацоўкі і адлюстраваньня дадзеных дыстанцыйнага зандаваньня Зямлі; навучаньня і падрыхтоўкі кадраў для касьмічнай галіны; забесьпячэньня надзейнасьці і працаздольнасьці касьмічных сыстэм і апаратаў; выкарыстаньня вынікаў касьмічнай дзейнасьці ў інтарэсах розных галін эканомікі.

XS
SM
MD
LG