Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Надзея Саўчанка за кратамі стала дэпутатам


Басманны суд Масквы пакінуў пад арыштам украінскую вайскоўку Надзею Саўчанку — да сярэдзіны лютага.

Басманны суд Масквы сёньня пакінуў пад арыштам да 13 лютага ўкраінскую вайскоўку Надзею Саўчанку, якую абвінавачваюць у датычнасьці да забойства журналістаў ВГТРК.

Нягледзячы на тое, што ў расейскай судовай практыцы слуханьні аб абраньні або працягу меры стрыманьня, як правіла, адкрытыя для журналістаў, справа аб арышце Надзеі Саўчанкі разглядалася за зачыненымі дзьвярыма. На гэтым настояў пракурор, які заявіў, што ў матэрыялах справы ёсьць зьвесткі аб пэрсанальных дадзеных жыхароў Украіны, раскрываць якія нельга. Што гэта за людзі, чаму журналістам нельга пра іх ведаць, і якое дачыненьне яны маюць да магчымасьці падаўжэньня арышту Надзеі Саўчанкі, не ўдакладнілі.

Перад пачаткам судовага пасяджэньня адзін з адвакатаў Надзеі Саўчанкі Ільля Новікаў зрабіў заяву для прэсы, зь якой вынікала, што яго падабаронная байкатуе ўдзел у прызначанай ёй раней псыхоляга-псыхіятрычнай экспэртызе. Яна паводле ідэалягічных меркаваньняў адмаўляецца адказваць на пытаньні лекараў і супрацоўнічаць з пэрсаналам інстытуту імя Сэрбскага. Надзея Саўчанка і яе абарона пастанову аб правядзеньні стацыянарнага псыхіятрычнага агляду лічаць незаконнай, але дамагчыся адмены гэтага дакумэнту пакуль ня могуць.

У пастанове аб прызначэньні экспэртызы абарону бянтэжыць тое, што ў ёй, па словах адвакатаў, няма разумнага абгрунтаваньня неабходнасьці стацыянарнага псыхіятрычнага абсьледаваньня і незразумела, чаму сьледчы засумняваўся ў псыхічным здароўі Саўчанкі. Акрамя таго, адвакаты сьцьвярджаюць, што аб пастанове аб накіраваньні Саўчанкі на экспэртызу яе абарона даведалася праз тыдзень пасьля яе вынясеньня, і ў адвакатаў не заставалася працэсуальных магчымасьцяў паўплываць на сытуацыю.

Пакуль жа суд вырашыў пакінуць Надзею Саўчанку пад арыштам, паколькі ў адваротным выпадку яна можа «схавацца, аказаць ціск на сьведак і працягнуць займацца злачыннай дзейнасьцю».

Тымчасам Надзея Саўчанка ператварылася ў дэпутата Вярхоўнай Рады Ўкраіны. Яе імя разам зь лідэрам партыі Юліяй Цімашэнкай стаяла на чале выбарчага сьпісу ўкраінскай партыі «Бацькаўшчына», якая прайшла ў парлямэнт. Цяпер адвакаты Надзеі Саўчанкі занятыя зборам неабходных дакумэнтаў, якія пацьвярджаюць дэпутацкі статус сваёй давяральніцы. Абаронцы спадзяюцца, што дэпутацкі мандат дапаможа Саўчанцы выйсьці на свабоду.

У Расеі Надзею Саўчанку, як апэратара-наводчыка, лічаць датычнай да забойства журналістаў ВГТРК Ігара Карнелюка і Антона Валошына. Яе віна, на думку сьледзтва, заключаецца ў тым, што, даведаўшыся каардынаты групы расейскіх журналістаў, Саўчанка перадала іх свайму камандаваньню, пасьля чаго ўкраінскія войскі абстралялі групу з мінамётаў.

Адвакаты Саўчанкі сьцьвярджаюць, што, паводле яе мабільнага тэлефона, у момант абстрэлу яна ўжо знаходзілася ў палоне ў сэпаратыстаў. Незразумелым застаецца і пытаньне, калі і дзе была затрыманая Саўчанка. Згодна з заявамі расейскіх афіцыйных асоб, яна як ўцякачка перайшла украінска-расейскую мяжу. Паводле ўкраінскай вэрсіі, яе выкралі з тэрыторыі Ўкраіны, перадалі расейскім ваенным і даставілі ў Варонескі сьледчы ізалятар.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG