Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крымінальная рыбалка пракурора


Прыпяць у часе разводзьдзя, архіўнае фота

Прыпяць у часе разводзьдзя, архіўнае фота

Пракурор Петрыкаўскага раёну папаўся на браканьерстве — лавіў рыбу сеткамі.

Дзясяткі кілямэтраў Прыпяці ў раёне здадзеныя ў арэнду прыватнікам. Значную частку ракі кантралюе Нацыянальны парк «Прыпяцкі». Нават мясцовыя жыхары мусяць плаціць немалыя грошы, каб парыбачыць.

Як і чаму петрыкаўскі пракурор Уладзімер Бобель апынуўся на рыбалцы з трыма сеткамі, высьвятляюць супрацоўнікі Сьледчага камітэту. Праваахоўнікі кажуць пакуль, што пракурор нібыта налавіў рыбы на 327 базавых велічыняў — гэта адпавядае 49 мільёнам рублёў.

Тым часам у Петрыкаўскай пракуратуры адказваюць, што іхні кіраўнік адпачывае: «Уладзімер Георгіевіч у адпачынку. У адпачынку ён, а калі вернецца, не скажу».

Некаторыя абазнаныя ў мясцовых справах жыхары Петрыкава схільныя меркаваць, што пракурора падставілі, бо ён ня быў падатлівы і не ішоў на повадзе ў рознага кшталту каньюнктуршчыкаў:

«Яго, хутчэй за ўсё, падставілі. Дзесьці камусьці не дагадзіў. Падставіць — гэта робіцца прасьцей за параную рэпу. Паклалі, сфатаграфавалі — гэта ўсё элемэнтарна. Бобель ня жыў паводле ўказак — ён жыў паводле закону. Ніякіх хабараў ніколі ня браў. Гэта чалавек сумленны. Я толькі такое пра яго чуў і такім яго ведаю. Толькі паводле закону, паводле сумленьня».

Суразмоўца кажа, што да нядаўніх пераменаў у кіраўніцтве, наадварот, не пракурор, а мясцовыя начальнікі любілі шыкаваць на прыродзе:

«У лесе ў іх была дача — гэта каля вёскі Лучыцы, непадалёку ад рэчкі Пціч, дык яны там балдзелі. Выяжджалі на прыроду — ім вязуць, вараць юшку, ласяціну. Усё, што захочуць, вазілі».

Петрыкаўцы апавядаюць, што цяпер выехаць за горад адпачыць, пасядзець з вудай на беразе той жа Прыпяці немагчыма. За ўсё плаці, бо нават раку прыватызавалі.

Мясцовы жыхар Анатоль:

«На тэрыторыі Петрыкаўскага і Жыткавіцкага раёнаў рака Прыпяць прыватызаваная. І фактычна жыхарам горада Петрыкава, каб пад’ехаць да ракі, пасядзець з вудай, адпачыць, трэба браць пуцёўку за 20 кілямэтраў ад гораду — фірме „Тарока“ аддалі ў арэнду Прыпяць на дваццаць гадоў. Яны нератам робяць прамысловы лоў, а аматарскі — платны. Людзі абураныя. Яны нератам палавілі, а ты за права пасядзець з вудай павінен плаціць. Ды яшчэ якія сумы!»

Платнай рыбалка на Прыпяці стала і ў Жыткавіцкім раёне, дзе Нацыянальны парк «Прыпяцкі». Супрацоўнік парку апавядае, што нібыта мясцовыя жыхары з ахвотаю купляюць пуцёўкі для аматарскай лоўлі:

«Мясцовае насельніцтва білеты на платную аматарскую лоўлю купляе ў першую чаргу, калі адкрываецца сэзон. Гэта даволі арганізаваная супольнасьць. Яны й ловяць рыбу, і аказваюць садзейнічаньне ў ахове. Як мясцовым, то 300 тысяч на сэзон. Пуцёўка ў яго, пашпарт — і ён спакойна рыбаліць».

Прыпяць каля Петрыкава

Прыпяць каля Петрыкава

Прыежджыя, у залежнасьці ад віду лову, плацяць ад 250 тысяч — і вышэй.

Мясцовы жыхар Васіль зьдзіўляецца такой практыцы:

«Рака ня можа быць платнай, бо рыба — яна не сядзіць на месцы. Яна сёньня тут, а заўтра там. Яе ж ніхто ня корміць! І бацькі нашы тут лавілі. Дык хіба ж яны грошы плацілі? Няхай робяць платнымі тыя азёры, дзе яны ўлаштоўваюць, завозяць рыбу, даглядаюць — і за гэта бяруць грошы. А як можна браць за народную ўласнасьць грошы?»

Рака ня можа быць платнай, бо рыба — яна не сядзіць на месцы. Яна сёньня тут, а заўтра там

Ужо знаёмы нам спадар Анатоль зь Петрыкава зьвяртае ўвагу і на яшчэ адну акалічнасьць так званага рэгуляваньня аматарскай лоўлі і паляваньня на Прыпяці — у прыватнасьці, у Нацыянальным парку «Прыпяцкі», які належыць да кіраўніцтва спраў прэзыдэнта:

«Створана такая магутная структура — кіраўніцтва спраў прэзыдэнта. Яны забралі сабе велізарныя тэрыторыі і запрашаюць замежнікаў. У нас, напрыклад, няма завядзёнкі, каб страляць самак. А замежнікі — з Італіі, Францыі, зь Нямеччыны, якія прыяжджаюць на паляваньне, — б’юць усё спрэс. Вясною, у красавіку, такі аматар едзе на маторнай лодцы і ў любую птушку, якая ляціць, бухае. Яны нейкія капейкі за гэта, вядома, плацяць. Але мясцовыя нашы сьмяюцца: кажуць, што яны як барбары, дзікуны. Я таксама паляўнічы, бяру веснавую пуцёўку — застрэліў качара аднаго, ну другога. А навошта больш? А яны — не глядзяць, дзе качка, кулічок, кігікаўка якая — бухаюць і бухаюць. Незразумела».

На такім палескім фоне аматарскай лоўлі й паляваньня і парыбачыў пракурор з Петрыкава.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG