Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аўтараў з новай кінагенэрацыі ўзнагародзілі на «Бульбамуві»


Пра веру ў геніяў і прафэсію, зьяўленьне новых кінатворцаў і пра фільмы-пераможцы фэстывалю «Бульбамуві-2014» апавядаюць арганізатары і сябры журы.

Тры бульбіны і іншыя прызы

Спаміж фільмаў ад аматараў і будучых прафэсіяналаў 26 кастрычніка ў Варшаве польска-беларускае журы абрала пераможцаў.

Першае месца атрымаў мастацкі фільм Віктара Красоўскага «Вартаўнік». Гэта 30-хвілінная гісторыя пра чалавека зь вялікім крымінальным мінулым і безнадзейнай будучыняй, які выпіў вялікую дозу сьпіртнога, каб памерці, але ранкам атрымаў зусім ня тое, чаго чакаў.

«Баба, Ваня и коза» — такі запамінальны назоў у фільма Дар’і Юркевіч, які атрымаў ня толькі другое месца — срэбную бульбу — але і прыз глядацкіх сымпатыяў. У кіно месца вытворчасьці якога — Беларусь і Францыя, чалавечая драма пераплеценая з вайной бабулі — вясковай самагоншчыцы і яе ідэйнай супраціўніцы.

Трэцяе месца атрымала Нэла Васілеўская за фільм «Рэканструкцыя бяссоньніцы», у якім маці і дачка суіснуюць у розных рэчаіснасьцях — першая ў снах, другая ва ўспамінах пра былую блізкасьць.

Таксама прызы атрымалі Любоў Зямцова («Пра любоў: Іра») — за найлепшую дакумэнтальную стужку ад «Белсата»; Марыся Тульжанкова і Аляксандра Падкапаева — за фільм «А што ў лузе?».

Ад міжсабойчыку да фэстывалю

«Я ніколі не атрымліваў ніякіх узнагародаў, нават у спорце», — уражваецца моцны хлопец сярэдняга росту. Ён ня мае кінаадукацыі, але ягоны фільм «Вартаўнік» — пераможца сёлетняга кінафэстывалю «Бульбамуві». Праз пару гадзін невядомы скептык у начных кулюарах скажа, што гэта не фэстываль, а проста прагляд. А госьці, абыякавыя да скепсісу, разыдуцца па дамах, перажыўшы тры дні неверагоднага нон-стопу на экране.

А пакуль сябры журы, арганізатары і вядоўцы, ужо расслабіўшыся пасьля амаль гадзіннага мазгавога штурму і пошуку пераможцаў, падсумоўваюць для сябе вынікі імпрэзы і дзеляцца развагамі пра лёсы беларускага кіно.

«Упершыню адбыўся фэстываль. Раней „Бульбамуві“ быў больш падобны да міжсабойчыку, — кажа рэжысёр Андрэй Кудзіненка. — А цяпер добрая праграма — амаль 70 фільмаў, між іх былі і добрыя.

Андрэй Кудзіненка

Андрэй Кудзіненка

Гэта адзіны беларускі кінафэстываль. „Лістапад“ — фэстываль сусьветных прэм’ераў, якія паказваюць ня ўсім. А Януш (арганізатар. — аўт.) на сваім энтузіязьме робіць праект па прасоўваньні культуры. І пасьля яго „Лістапад“ спрабуе рабіць конкурс. То бок ён прымусіў працаваць і гэтых дзяржаўных людзей», — падсумоўвае рэжысэр, згадваючы, што за мінулыя 20 год існаваньня «Лістапад» конкурсаў ня ладзіў ні разу. Шмат якія зь фільмаў-пераможцаў «Бульбамуві» аўтары ўжо адаслалі туды.

Гэта важная перамога, на думку арганізатара Януша Гаўрылюка: «Гэта не галоўнае, але варта гэта рабіць, калі наш малы фэстывальчык мае ўплыў на дзяржаўны кінафэстываль».

Пазасыстэмная генэрацыя

Усяго ў гэтым годзе на варшаўскі фэстываль прыйшло 69 фільмаў, зь іх 20 дайшлі да паказу ў фэстывальныя дні, а сам «Бульбамуві-2014» зрабіўся партнэрам польскага праекту «Маладыя пра маладых» пад кіраўніцтвам дакумэнталіста Міраслава Дэмбіньскага.

Максім Жбанкоў

Максім Жбанкоў

«Тое, што фэстываль, які пачынаўся як сыстэмны прагляд пачаткоўцаў, ператвараецца ў партнэра такога сур’ёзнага праекту — вельмі паказальная рэч, — мяркуе Максім Жбанкоў, беларускі кінакрытык і вядоўца фэстывалю. — Сапраўднага беларускага фэсту ніколі ў Беларусі і не было. „Бульбамуві“ мусіў быць пляцоўкай свабоднага кіно, нецэнзураванага, якое ня мае жорсткай палітычнай ангажаванасьці; пляцоўкай, дзе магла б сабрацца новая генэрацыя кінааўтараў».

І, на думку Максіма, мы ўжо маем такую генэрацыю — новую, «пазасыстэмную, якая паўстае па-за межамі дзяржаўнай кінаіндустрыі і не патрабуе разьмеркаваньня дзяржаўных фінансаў». Гэтых людзей зрабілася больш, яны робяць лепш і маюць больш тэхнічных магчымасьцяў.

Мастацкае кіно падрасло, зьявілася фантастыка

Кінакрытыка Андрэя Расінскага парадавала, што ўрэшце гульнявое кіно таксама выйшла на належны ўзровень і атрымала ўзнагароду — першае месца. А зьдзівіла — тое, што на фэстывалі было адразу два фантастычныя фільмы, якія ў беларускім кіно льга пералічыць па пальцах.

Януш Гаўрылюк і Андрэй Расінскі

Януш Гаўрылюк і Андрэй Расінскі

«Цікавы быў зварот да агульных рэчаў, завязаны на засяроджанасьці на ўнутраным стане, на ўнутраным маналёгу, — кажа Андрэй. — Фільм, які ўзяў галоўную ўзнагароду, — споведзь чалавека перад сьмерцю. Карціна трэцяй прэміі — студэнцкая, праца са снамі. Прычым у карціне шмат што ўдалося схапіць — а гэта даволі складаная матэрыя.

...Нават фантастыка пачала гэтым (унутраным станам) займацца. У адной са стужак галоўны герой, пэрфэктмэн, выпраўляў характар сваёй жонкі з дапамогай адмысловых прыбораў, кольцаў на шыю».

«Я ня веру ў вундэркіндаў, я веру ў прафэсію»

Зусім не такі натхнёны фэстывалем застаўся дакумэнталіст Віктар Асьлюк:

Віктар Асьлюк

Віктар Асьлюк

«Зь беларускім кіно нешта трэба рабіць. У цэлым працэсе кіно не існуе: ёсьць добрыя заяўкі, тэмы, але няма школы...», — кажа ён. Параўноўваючы з украінскім, расейскім кіно, Віктар бачыць, што беларускае яшчэ слабаватае, хоць і ёсьць годныя аўтары. Віной гэтаму — адсутнасьць школы кіно:

«Трэба кадры, дзяржаўная падтрымка, магчымасьць пастаяннай працы. Калі ў Беларусі гэтага ня будзе — то ня будзе нічога. Я ня веру ў вундэркіндаў, я веру ў прафэсію».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG