Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ужо сёньня, 28 кастрычніка: Касьмічны кангрэс у Менску


Бліц-агляд падзеяў і тэмаў у Беларусі, сьвеце, гісторыі.


ПАДЗЕІ ДНЯ

У Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН Беларусі (вул. Сурганава, 15, інфармацыйна-выставачны цэнтар, пакой 110) адбудзецца прэзэнтацыя кнігі Аляксандра Надсана «Выбранае» (укладальнік і аўтар камэнтароў Ірына Багдановіч).

Нацыянальная Акадэмія навук Беларусі (НАНБ) і Аб’яднаны інстытут праблем інфарматыкі НАНБ праводзяць Беларускі касьмічны кангрэс. У кангрэсе возьмуць удзел вядучыя спэцыялісты касьмічнай галіны, а таксама лётчыкі-касманаўты СССР і Расеі. На форуме плянуецца заслухаць больш за 150 дакладаў навукоўцаў з Беларусі, Расеі, Украіны, Казахстану і шэрагу іншых краінаў. Адкрыцьцё кангрэсу а 10.00 у актавай залі прэзыдыюму НАНБ.

ГЭТЫ ДЗЕНЬ У ГІСТОРЫІ

1523 — у Кракаве выйшла з друку лацінскамоўная паэма Міколы Гусоўскага «Песьня пра зубра».

Нейк сярод цьмы гледачоў відовішча тлумнае ў Рыме
Я і мае сябры блізка пабачыць маглі
Жорсткая бойка ішла між быкамі й людзьмі на арэне:
Торгала ў целе жывёл коп’яў асьцё, і быкі
Зь гневам, які нарастаў ад новых балючых удараў,
Порсткіх ганялі мужоў, носячы сьмерць на рагах.
Прагна калі я глядзеў, як многа той лютасьці мела
Злосьць, што ўскіпала ад ран, галасу, воплескаў рук,
Пушчу прыпомніў тады. Сябры мае, чуючы гэта,
Сталі пытацца, дык я колькі быліц прыгадаў.
Вось і пра ловы кажу, пра моц і вялікую сілу
Зубра, ды раптам язык мой гаваркі і падвёў.
З ходу ж далі мне загад, каб сказ мой пра волата-зьвера
Песьняй зрабіў і яе каб неадкладна пісаў.


Мікола Гусоўскі, пачатак «Песьні пра зубра» (пераклад Уладзімера Шатона)

1939 — у Беластоку пачаў працу Народны Сход Заходняй Беларусі, які прыняў Дэклярацыю пра ўключэньне Заходняй Беларусі ў склад БССР: Прасіць Вярхоўны Савет Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік прыняць Заходнюю Беларусь у склад Савецкага Саюзу і Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі, зьяднаць беларускі народ у адзіную дзяржаву і пакласьці гэтым самым канец разьяднаньню беларускага народу.

1944 — дзень вызваленьня Ўкраіны ад фашысцкіх захопнікаў.

1999 — у Беларусі была заснаваная Археаграфічная камісія, задача якой — зьбіраць і вывучаць старажытныя архіўныя дакумэнты. Сваімі папярэдніцамі новая арганізацыя называе Віленскую Археаграфічную камісію, якая працавала ў 19 стагодзьдзі, і Археаграфічную камісію пры Інстытуце беларускае культуры, што была створаная ў Менску ў 1927 годзе, але праіснавала нядоўга. Галоўная праблема сёньняшняй камісіі — гэта недаступнасьць многіх архіваў, у першую чаргу — архіву КДБ, дзе хаваюцца многія таямніцы беларускай гісторыі савецкага пэрыяду.

У гэты дзень нарадзіліся:

1845 — Зыгмунт Урублеўскі, навуковец-фізык, удзельнік паўстаньня 1863-1864 гг.

1884 — Фларыян Ждановіч, актор, рэжысэр, тэатральны дзяяч, адзін з заснавальнікаў прафэсійнага беларускага тэатру.

1904 — Іван Сацункевіч, беларускі дзяржаўны дзеяч, эканаміст, адзін з арганізатараў і кіраўнікоў падпольля і партызанскага руху на Меншчыне падчас Другой сусьветнай вайны.

1904 — Парфён Савіцкі, беларускі гісторык.

1955 — Біл Гэйтс, заснавальнік кампутэрнай кампаніі «Майкрасофт».

У маіх дзяцей, вядома, будзе кампутар. Але перш за ўсё яны атрымаюць кнігі.

Біл Гейтс


З КАЛЕНДАРА БАХАРЭВІЧА

28 кастрычніка 1929 у Амэрыцы ўпершыню ў гісторыі дзіця нарадзілася ў самалёце.

XS
SM
MD
LG