Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Vox populi: «З Расеяй адносіны ва Ўкраіны стануць яшчэ горшыя, а зь Беларусьсю ня зьменяцца»


На выбарах ва Ўкраіне перамаглі сілы, якія выступаюць за далучэньне да Эўразьвязу. Як гэта паўплывае на дачыненьні паміж Украінай і Расеяй, Украінай і Беларусьсю? З такім пытаньнем наш карэспандэнт зьвяртаўся да гарадзенцаў.

Спадар: «Мне здаецца, што датычна Беларусі адносіны ня зьменяцца, а з Расеяй — мне здаецца, што лепей, чым цяпер, ва Ўкраіны ня будзе, толькі горш. Толькі з тае прычыны, што там надалей ідзе вайна. Калі быць шчырым, то ўсім зразумела, што бязь яўнай падтрымкі Расеі ніякіх незалежных рэспублік там бы ня ўзьнікла. Нічога добрага там далей ня будзе, бо ўкраінцы паварочваюцца да Эўропы, а Расеі гэта нявыгадна — будуць далей ваяваць».

Спадар: «Мне здаецца, што з Расеяй зьменяцца адносіны — дрэнна будзе, яшчэ цяжэй. Бо, як кажуць, з маскалямі там нічога ня ўдасца зрабіць, і хутка там нічога ня пройдзе. А зь Беларусяй адносіны Ўкраіны застануцца нармальнымі».

Хлопец: «Я ня думаю, што нешта зьменіцца ў адносінах Расеі і Ўкраіны...»

Ягоная сяброўка: «А мне якраз здаецца, што будзе станоўчы эфэкт і адносіны паміж Расеяй і Ўкраінай зьменяцца ў лепшы бок».

Карэспандэнт: «Чаму вы так думаеце?»

Дзяўчына: «Таму што мне вельмі хочацца, каб так было. А што датычыць адносін Украіны зь Беларусьсю, то гэта залежыць ад таго, якія адносіны ва Ўкраіны будуць з Расеяй».

Спадар: «Я ня ведаю, да чаго ўсё гэта прывядзе, але мне здаецца, што вайны меней ня будзе. Будзе тое, што і цяпер там адбываецца...»

Спадарыня: «Я думаю, з Расеяй адносіны ва Ўкраіны будуць яшчэ горшыя, і, магчыма, да горшага яны памяняюцца і зь Беларусьсю. Мне так здаецца...»

Спадар: «Цяжка нешта канкрэтнае адказаць, але думаю, што адносіны Расеі з Украінай зьменяцца, і, напэўна, да горшага. Парашэнка ідзе на Захад, у Эўропу і да Амэрыкі, а Расею хочуць ізаляваць. Я бачу, што там такія падзеі адбываюцца. Праўда, што будзе, то вельмі цяжка сказаць. А зь Беларусьсю ва Ўкраіны хіба як было, так і застанецца...»

Спадар: «Думаю, што з Расеяй адносіны ва Ўкраіны лепшымі ня стануць. Там людзі надалей гінуць. А людзям вайна непатрэбная, яны і галасуюць, каб усё там скончылася, але як будзе... А ў нас адносіны з Украінай нармальныя: там жыве шмат беларусаў, а тут шмат украінцаў. Думаю, так і будзе».

XS
SM
MD
LG