Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абвясьцілі «Год гасьціннасьці» — а госьці ня едуць


Belarus - Merry picture, hospitality year

Belarus - Merry picture, hospitality year

У рамках выставы «Турбізнэс-2014» Міністэрства спорту і турызму намалявала карціну прывабнасьці Беларусі ў вачах замежнікаў. Выявілася, што нават з улікам травеньскага чэмпіянату сьвету па хакеі, які наведалі блізу 100 тысяч заўзятараў, колькасьць ахвотных пазнаёміцца зь Беларусьсю істотна меншая, чым летась. Патэнцыйных гасьцей адпуджваюць складанасьці візавага афармленьня, высокія памеры консульскага збору ды адсутнасьць годнай інфраструктуры.

Аляксандар Лукашэнка абвясьціў 2014-ты Годам гасьціннасьці. Аднак, як сьведчаць рэаліі, на колькасьць турыстаў гэта паўплывала не найлепшым чынам. На «круглым стале» для прадстаўнікоў турбізнэсу, арганізаваным у часе працы спэцыялізаванай выставы, дырэктар Дэпартамэнту па турызьме галіновага ведамства Вадзім Кармазін прызнаў відавочныя, але пры гэтым супярэчлівыя тэндэнцыі.

З аднаго боку, да хакейнага першынства ў Менску ўведзены шэраг гатэляў — ад бюджэтных да пяцізоркавых. Істотна палепшыліся справы з аб’ектамі прыдарожнага сэрвісу — іх стала больш удвая, і агульны лік дасягнуў амаль тысячы. Зь іншага боку, інфраструктурны прагрэс ня толькі не паспрыяў росту ахвотных наведаць краіну — іх прыток нават запаволіўся. Цягам першага паўгодзьдзя ў Беларусь прыехалі крыху больш за 1 мільён 900 тысяч чалавек, што на 150 тысяч меней, чым за такі ж прамежак часу летась. І гэта пры тым, што цягам траўня каля 100 тысяч заўзятараў скарысталі магчымасьць бязьвізавага ўезду на матчы чэмпіянату сьвету па хакеі. Праўда, ад гэтай колькасьці толькі траціна рэальна мела такую неабходнасьць — астатнім, перадусім расейскім аматарам хакею, віза была непатрэбная.

Паспрыяў вялікі хакей і запаўняльнасьці гатэляў. Паводле міністэрскай статыстыкі, у гасьцініцах разьмясьціліся больш за 87 тысяч заўзятараў, забясьпечыўшы загрузку на ўзроўні 82%. Але прагназуецца, што па выніках году гэты паказьнік ледзь перавысіць 50% — пастаяльцаў цяпер няма, і гатэлі стаяць напаўпустыя.

Як вынікае з крыніцаў у турыстычнай галіне, ахвоту наведаць Беларусь адбіваюць найперш дарагія візы і адсутнасьць турыстычнай інфраструктуры. Праграміст з Кракава Кшыштаф Шыпер скарыстаўся магчымасьцю прыехаць у Беларусь бязь візы падчас хакейнага першынства, але калі такая магчымасьць надарыцца наступным разам — не прагназуе. Па яго словах, афармленьне беларускай візы — працэс складаны і нятанны, і выхад часта не адпавядае затрачаным маральным і матэрыяльным высілкам:

«Я і да хакею наведваўся ў Беларусь, але тады ніхто зь беларускіх памежнікаў ды мытнікаў не размаўляў па-польску. Усьцешыла, што раптам аднекуль зьявіліся людзі, якія гавораць і на польскай мове, і на ангельскай. Зрэшты, не выключаю, што пасьля заканчэньня чэмпіянату яны зноў пазьнікалі. Увогуле, наколькі я зразумеў, шмат чаго было паказушнага. Скажам, у параўнаньні з папярэднімі візытамі прыемна ўразіў берасьцейскі вакзал: цяпер ён багата адстроены мармурам, чыстыя новыя лаўкі і г. д. Але калі пайшоў у прыбіральню, то ўбачыў... звычайную дзірку ў падлозе. Думаю, гэта сапраўдны эксклюзіў, такіх канструкцыяў, прынамсі ў Эўропе, ня бачыў».

Не спрыяюць актыўнасьці і шматлікія абмежаваньні на шляху замежнікаў. Падчас усё таго ж хакейнага чэмпіянату сьвету і заўзятары, і журналісты былі абцяжараныя ведамаснымі інструкцыямі. З так званай «памяткі заўзятару» вынікала, што на трыбуны забаронена праносіць сьцягі і вымпелы, не зарэгістраваныя ў вызначаным парадку, а ў месцах правядзеньня афіцыйных мерапрыемстваў чэмпіянату не дазволена праводзіць любыя публічныя акцыі, не прадугледжаныя рэглямэнтам. У сваю чаргу, нават акрэдытаваныя карэспандэнты мусілі атрымаць адмысловы дазвол у МЗС, каб асьвятляць нешта яшчэ, апроч хакею. Вядомы швэдзкі журналіст Пэр Энэруд лічыць, што падобныя абмежаваньні ніяк не спрыяюць адкрытаму дыялёгу цывілізацыяў:

Пэр Энэруд

Пэр Энэруд

«Вельмі шкада, калі ўражаньні псуюцца ўжо на самым пачатку. Прынамсі, у шмат якіх швэдзкіх журналістаў, якія наведваліся ў Менск асьвятляць спорт, склалася ўражаньне, што іх сустракалі з падазрэньнем. Але як толькі людзям, якія выконваюць прафэсійныя абавязкі, намагаюцца перашкодзіць, гэта дрэнна адбіваецца найперш на іміджы самой Беларусі. Таму калі беларускія ўлады сапраўды хочуць стварыць пазытыўны вобраз краіны, то яны мусяць максымальна расчыніць дзьверы: прыяжджайце, глядзіце, як у нас усё добра. А калі замежнікаў (і ня толькі журналістаў) сустракаць з падазрэньнем, амаль як патэнцыйных шпіёнаў, то ў першую чаргу гэта будзе нэгатыўна для іміджу Беларусі».

Адна з галоўных праблемаў нават у вернутых да жыцьця гістарычных мясьцінах — поўная адсутнасьць турыстычнай інфраструктуры. Прыкладам, у Наваградак да музэю слыннага паэта Адама Міцкевіча кожныя выходныя кіруюцца аўтобусы з польскімі турыстамі. Тут жа — і іншыя прывабныя аб’екты: касьцёл, руіны старадаўняга замка. Але ні крамы з сувэнірамі, ні годнай рэстарацыі, дзе госьці з прыемнасьцю пакінулі б свае грошы. Прапановы, як зрабіць горад залатой жылай, мясцовым уладам накіроўвалі прадстаўнікі польскай турыстычнай галіны, аднак нічога ў гэтым кірунку так і ня зроблена. Нельга ўзяць за прыклад нават «вылізаныя» Мір і Нясьвіж: там паўсталі пабудовы з элемэнтамі навадзелу, але нішто навокал іх не падкрэсьлівае нацыянальны калярыт.

Андрэй Азараў

Андрэй Азараў

Як кажа вядомы кулінар Андрэй Азараў, пад хакейны чэмпіянат сьвету дзяржаўныя структуры ініцыявалі 10 пазыцыяў «народнага мэню» ў пунктах грамадзкага харчаваньня, але абсалютна бяздумна:

«Калі шчыра, дасканальна ня ў курсе, што яны прыдумалі і што ўрэшце атрымалася. Але каб я складаў такі сьпіс, найперш зыходзіў бы з таго, што гэта павінна быць адаптавана перадусім пад сэзон. То бок — каб чэмпіянат сьвету быў у студзені, то, натуральна, гэта была б нейкая цяжкая ежа. Калі гэта травень — адпаведна, усё павінна быць „заточана“ пад травень. Калі, скажам, дранікі, то дранікі зь лёгкай дабаўкай — кшталту: селядзец, ласось, сьмятана. І ніякіх там тушонак, гаршчэчкаў з такімі цяжкімі інгрэдыентамі, як сьвініна. Гэта ж вясна, павінны быць простыя рэчы, як суп са шчаўя, калі мы гаворым пра беларускую кухню. Ці яшчэ: той жа ўзвар. Я ня ведаю, дзе ў Менску проста так яго прадаюць на вуліцы. Затое паралельна з хакеем усе майскія сьвяты быў у Кіеве, дык там практычна на кожным рагу, куды ні зойдзеш, узвар прадаюць проста літрамі. Натуральна, з сушанай грушай. Могуць, вядома, прапанаваць кока-колу, мінэралку, але пры гэтым у мэню абавязкова будзе ўзвар. Падаюць яго, само сабой, халодненькім, цэлы збанок купляеш, выдатна ратуе ад смагі. Я сам зьдзівіўся: наш агульны рэцэпт, але ў іх ён ва ўжытку, а ў нас чамусьці не».

Статыстыку беларускаму турызму робяць расейцы, якія часьцяком прыяжджаюць «пагудзець» проста на выходныя: у параўнаньні з Масквой беларуская сталіца са сваімі гатэлямі, рэстарацыямі, начнымі клюбамі і казіно ўсё яшчэ лічыцца таннай. За справаздачныя паўгода звыш 50% ад агульнага экспарту турыстычных паслугаў прынесьлі менавіта госьці з усходу, а іх колькасьць вымяраецца 350 тысячамі.

А вось колькасна на першае месца ва ўязной статыстыцы выйшлі ўкраінцы. У немалой ступені на такую актыўнасьць паўплывала сытуацыя ў Данбасе — 600 тысяч наведваньняў за першыя шэсьць месяцаў. Іншыя пазыцыі — таксама за суседзямі — Літва (амаль 400 тысяч), Польшча (каля 200 тысяч), Латвія (75 тысяч). Дальняе замежжа зь вялікім адставаньнем прадстаўляе Нямеччына — усяго 15 тысяч турыстаў. Згаданыя краіны даюць 90% ад агульнай колькасьці турыстаў, якія наведалі Беларусь.

XS
SM
MD
LG