Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сын асуджанага экс-дырэктара санаторыя «Беларусь»: Далі, колькі прасіў пракурор, а доказнай базы — няма


Былых кіраўнікоў разьмешчанага ў Сочы санаторыя Кіраўніцтва спраў прэзыдэнта «Беларусь» прызналі вінаватымі ў крадзяжы 2 мільёнаў даляраў, але канфіскавалі ў іх грошай усяго на 5 тысяч даляраў.

У Цэнтральным судзе Менску завяршыўся судовы працэс над былым дырэктарам санаторыя «Беларусь», грамадзянінам Расеі Георгіем Саракашышам, ягоным намесьнікам, грамадзянінам Беларусі Аляксандрам Кізімам і кіраўніком сочынскай будаўнічай кампаніі, расейцам Андрэем Меранковым. Усіх трох прызналі вінаватымі ў крадзяжы праз службовыя злоўжываньні ў асабліва вялікім памеры. Паводле суду, асуджаныя скралі ў кіраўніцтва спраў Лукашэнкі больш за 2 мільёны даляраў.

Георгі Саракашыш асуджаны на 6 гадоў зьняволеньня ва ўмовах узмоцненага рэжыму, Аляксандар Кізім і Андрэй Меранкоў атрымалі па 9 год зьняволеньня. У іх канфіскавалі знойдзеныя падчас ператрусаў грошы — сумы ў кожнага ад 1,2 да 2,8 тысячы даляраў, але куды падзеліся больш за 2 мільёны даляраў, сьледзтва не паведаміла. Не прагучала зьвестак наконт гэтага і ў судзе, згадвае журналістка інтэрнэт-выданьня «Ежедневник» Наста Гурына, якая прысутнічала на абвяшчэньні прысуду па гэтай справе:

«Наконт канфіскацыі маёмасьці нічога не было ў прысудзе. Абвясьцілі пра канфіскацыю грашовых сродкаў, якія знайшлі падчас ператрусаў, ды яшчэ суд вырашыў канфіскаваць мабільныя тэлефоны і ноўтбукі асуджаных. Пра маёмасьць — нічога не было».

Пасьля суду адвакат Георгія Саракашыша заявіла, што будзе абскарджваць прысуд, але іншыя камэнтары даваць адмовілася. Карэспандэнт Свабоды датэлефанаваўся ў Расею да сына асуджанага экс-дырэктара. Канстанцін Саракашыш пацьвердзіў, што ягоны бацька па-ранейшаму не прызнае сябе вінаватым і зьбіраецца абскардзіць прысуд:

А як не абскарджваць, калі далі 6 гадоў, а доказнай базы няма?

«Так, будзем абскарджваць. А як не абскарджваць, калі далі 6 гадоў, а доказнай базы няма? Разумею гэтак, што калі пракурор просіць 6 гадоў, а адвакат цалкам даказвае невінаватасьць падсуднага, дык суд неяк мяняе сваю думку, мусіць гэта ўлічыць. Але тут далі акурат столькі, колькі прасіў пракурор. Пры тым, што доказнай базы сапраўднай няма».

Справа былых кіраўнікоў санаторыя «Беларусь» пачалася ў канцы 2012 году са скандалу. Беларускі КДБ арыштаваў Георгія Саракашыша і ягонага намесьніка Аляксандра Кізіма, калі тыя прыехалі ў Менск з Сочы на адмысловы выклік кіраўніцтва спраў Аляксандра Лукашэнкі. Пазьней стала вядома, што разам зь імі арыштаваны і Андрэй Меранкоў, кіраўнік сочынскай будаўнічай фірмы, якая асвойвала грошы кіраўніцтва спраў Лукашэнкі, выдзеленыя на будоўлю комплексу адпачынку ў раёне Краснай Паляны. З таго часу да суду арыштаваных кіраўнікоў трымалі ў «амэрыканцы». Яшчэ ўлетку 2013 году сваякі Георгія Саракашыша скардзіліся Свабодзе, што зь ім няма сувязі, і казалі, што ён не прызнае сябе вінаватым.

Cудовая сакратарка была вельмі зьдзіўленая, што прыйшла журналістка. Яны не чакалі, што будзе нейкая цікаўнасьць

Назіральнікі адзначаюць, што беларускія ўлады зрабілі максымум, каб зьменшыць розгалас ад справы расейскіх грамадзян Георгія Саракашыша і Андрэя Меранкова. Не было афіцыйных зьвестак пра заканчэньне расьсьледаваньня іх справы і перадачы яе ў суд, працэс над імі праходзіў у рэжыме «маўчаньня». Журналістка Наста Гурына трапіла толькі на прысуд і згадвае, што яе зьяўленьню ў судзе вельмі зьдзівіліся:

«Зьнешне ўсё было вельмі звычайна. Як мне падалося, судовая сакратарка была вельмі зьдзіўленая, што прыйшла журналістка. Яны не чакалі, што будзе нейкая цікаўнасьць».

Страты, якія, паводле суду, нанесьлі кіраўніцтву спраў Лукашэнкі былыя кіраўнікі санаторыя «Беларусь» — другія паводле памеру ў гісторыі гэтай установы. Большыя нанесла толькі былая кіраўніца спраў Галіна Жураўкова, якую ў 2004 годзе асудзілі на 4 гады за крадзеж 2,2 мільёна даляраў — гэтаксама праз службовыя злоўжываньні. Ані дня за кратамі Жураўкова не прабыла, бо Аляксандар Лукашэнка яе памілаваў.

XS
SM
MD
LG