Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Парашэнка недабраў галасоў з-за таго, што адбылося ў Менску», — Фясенка


Уладзімер Фясенка

Уладзімер Фясенка

На фоне радыкальнай пазыцыі, якую займае «Народны фронт» адносна перамоваў і дамоўленасьцяў з Уладзімерам Пуціным, «Блёк Пятра Парашэнкі» набраў менш галасоў, чым прагназавалася.

Палітоляг, кіраўнік Цэнтру прыкладных палітычных дасьледаваньняў «Пента» Ўладзімер Фясенка заявіў Свабодзе, што перамога партыяў праэўрапейскай арыентацыі была відавочнай. Асноўнай нечаканкай стала адносная параза «Блёку Парашэнкі», які набраў на 10 працэнтаў менш, чым прагназавалася папярэдне, і выдатны вынік партыі прэм’ер-міністра Яцанюка «Народны Фронт».

«Практычна палова выбарнікаў падтрымала цяперашнюю ўладу — партыю прэзыдэнта і партыю прэм’ера. Калі да гэтых выбарнікаў дадаць тых, хто прагаласаваў за яшчэ адну праўладную партыю — «Свабоду», то колькасьць прыхільнікаў цяперашняй улады нават перавысіць палову ўсіх, хто браў удзел у галасаваньні. Гэта неверагодна, улічваючы, што краіна ў стане вайны, у нас вельмі складаная сацыяльна-эканамічная сытуацыя і чакаецца падзеньне ВУП на 8–10 працэнтаў. У такіх умовах мандат даверу і крэдыт даверу — вельмі сур’ёзныя рэчы. Фактычна, выбарнікі пацьвердзілі свой мандат даверу ня толькі праэўрапейскім партыям, але і тым палітычным сілам, якія прыйшлі да ўлады ў выніку Майдана. І гэта прынцыпова важны вынік гэтых выбараў», — кажа Ўладзімер Фясенка.

Уладзімер Фясенка

Уладзімер Фясенка

Параўноўваючы вынікі прэзыдэнцкіх і парлямэнцкіх выбараў, палітоляг робіць выснову, што рэйтынг Пятра Парашэнкі пачынае падаць:

«Як паказвае найноўшая гісторыя Ўкраіны, мала атрымаць высокі вынік на выбарах. Трэба гэты давер апраўдаць. Вось партыя прэм’ер-міністра «Народны фронт» атрымала на выбарах нечакана высокі вынік, у той жа час партыя прэзыдэнта «Блёк Парашэнкі» заўважна страціла падтрымку ў параўнаньні з вынікам галасаваньня за прэзыдэнта. Тое, што ёсьць зьніжэньне даверу да прэзыдэнта і крытыка ў яго адрас, — павінна быць урокам і для прэм’ер-міністра. Нас чакае вельмі складаная зіма. І наступныя паўгода будуць дастаткова крытычнымі для новага ўраду, які, хутчэй за ўсё, ачоліць Арсені Яцанюк. Гэтага чалавека чакаюць сур’ёзныя выпрабаваньні ня толькі ў сувязі з вайной, дзе сытуацыя будзе павольна стабілізавацца. Гэтая стабілізацыя, магчыма, атрымае форму замарожанага канфлікту, што ня ўсім спадабаецца і выкліча шмат крытыкі. Таму цяпер Яцанюк у ролі пераможцы, але яго чакаюць вельмі няпростыя выпрабаваньні».

Тое, што за партыю Арсенія Яцанюка прагаласавала нашмат больш выбарцаў, чым чакалася, нельга тлумачыць толькі даверам з боку ўкраінцаў да прэм’ер-міністра. Паводле Ўладзімера Фясенкі, галасуючы за Яцанюка, выбарнікі аддавалі галасы за тое, каб у структуры ўлады ўсё заставалася так, як ёсьць цяпер:

«„Народны фронт“ выбраў вельмі дакладную і эфэктыўную стратэгію, фактычна прапанаваўшы выбарцам прагаласаваць за тое, каб Арсені Яцанюк застаўся прэм’ерам. Таму гэта не выражэньне папулярнасьці Яцанюка. Я б параўнаў гэта з тым, калі ўкраінцы выбралі прэзыдэнта ў першым туры. Тады ж ня ўсе, хто прагаласаваў за Парашэнку, былі яго фанатамі. Не, яны галасавалі за тое, каб у краіне як мага хутчэй зьявіўся прэзыдэнт. Гэта было галасаваньне за стабілізацыю палітычнай сытуацыі. Акурат так і цяпер. Галасаваньне за «Народны фронт» — гэта галасаваньне за стабілізацыю, за тое, каб усё засталося так, як ёсьць цяпер. Гэта ня значыць, што ўкраінцы перайшлі на бок Яцанюка, пазбавіўшы падтрымкі Парашэнку. Думаю, што частка выбарцаў, якія прагаласавалі за «Народны фронт», адначасова падтрымлівае і «Блёк Парашэнкі», і «Народны фронт». Зь іншага боку, вядома, ёсьць элемэнт расчараваньня. У нас, украінцаў, ёсьць такая практыка: ва ўсіх прэзыдэнтаў цягам першага году пры ўладзе вельмі істотна зьніжаецца рэйтынг. Таму і Пятро Парашэнка не пазьбегне гэтага. І тут важная прычына — вельмі неадназначная рэакцыя грамадзтва на «менскія дамоўленасьці» і на дыпляматычную гульню з Пуціным. Трэба ўзгадаць, што «Народны фронт» займаў вельмі крытычную пазыцыю што да «менскіх дамоўленасьцяў». Ён па сутнасьці іх падтрымліваў і прагаласаваў за законы, зьвязаныя зь менскімі дамоўленасьцямі, але публічна займаў даволі радыкальную пазыцыю, у той час як у Парашэнкі пазыцыя была больш гнуткая».

Хоць ужо цяпер зразумела, што прэзыдэнт сфармуе ўстойлівую парлямэнцкую кааліцыю на базе «Блёка Парашэнкі» і «Народнага фронту», кіраўнік Украіны будзе імкнуцца да максымальнага яе пашырэньня — за кошт партыі Юліі Цімашэнкі «Бацькаўшчына» і Радыкальнай партыі Алега Ляшко, лічыць Уладзімер Фясенка:

«Ёсьць яўныя перавагі дзьвюх праўладных партыяў — прэзыдэнцкай і прэм’ерскай. Яны будуць асновай новай парлямэнцкай кааліцыі. Але трэба ўлічваць, што амаль палова дэпутатаў выбіраецца па мажарытарных акругах. І яны таксама будуць моцна ўплываць на структуру парлямэнту. Частка дэпутатаў-мажарытарнікаў, якія не зьвязаныя зь нейкімі партыямі, таксама будуць удзельнічаць у кааліцыі. Такім чынам, ядро парлямэнту складуць цяперашнія ўладныя партыі «Блёк Парашэнкі» і «Народны фронт», да іх далучацца «Самапомач» і «Свабода» і мажарытарнікі-самавылучэнцы. Апроч гэтага ня выключана, што да кааліцыі далучацца яшчэ дзьве партыі, зьвязаныя з Майданам, — «Бацькаўшчына» і Радыкальная партыя Алега Ляшка. Як бы гэта ні было парадаксальна, але прэзыдэнту будзе выгаднае пашырэньне кааліцыі, бо такім чынам ён будзе менш залежны ад асобных удзельнікаў кааліцыі, найперш ад «Народнага фронту», якому прайграе ў папулярнасьці».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG