Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Крамлі меркавалі, што вынік блёку Парашэнкі будзе вышэйшы, — Калачоў


Крэмаль

Крэмаль

​У Крамлі не задаволеныя тым, што «Блёк Пятра Парашэнкі» не атрымлівае відавочнай перавагі над канкурэнтамі.

Такую думку ў інтэрвію Радыё Свабода выказаў расейскі палітоляг, кіраўнік «Палітычнай экспэртнай групы» Канстанцін Калачоў.

«Я думаю, што для Крамля расчараваньнем будзе той вынік, які атрымалі „Народны фронт“ і „Самапомач“. У Крамлі меркавалі, што вынік блёку Парашэнкі будзе вышэйшы. Парашэнка — чалавек кампрамісны, прагматычны і разумны, і, я думаю, зь ім якраз меркавалася дамаўляцца. Цяпер высьвятляецца, што прэзыдэнт павінен будзе дамаўляцца ня толькі са сваімі партнэрамі з „Народнага фронту“ — магчыма, дзеля стварэньня кааліцыі спатрэбіцца і трэцяя сіла. Гэта значыць, што рашэньні будуць прымацца калегіяльна, а Крэмль да гэтага не прывык», — лічыць палітоляг.

Калачоў адзначае, што большасьць у Вярхоўнай Радзе сапраўды атрымліваюць праэўрапейскія сілы, хоць гэтыя сілы вельмі неаднародныя. Але казаць, што выбары цалкам зьмянілі палітычны расклад ва Ўкраіне, нельга:

«Палітычны расклад зьмяніўся толькі ў тым сэнсе, што цяпер Парашэнка мусіць дамаўляцца з Арсеніем Яцанюком, а яшчэ нядаўна лічылі, што месца прэм’ер-міністра застанецца за „Блёкам Пятра Парашэнкі“. То бок — усё зьмянілася і нічога не мяняецца. У тым сэнсе, што склад ураду ў асноўным застанецца ранейшы. Ключавыя пытаньні гэтых выбараў былі — ці атрымае „Блёк Пятра Парашэнкі“ большасьць з улікам мажарытарыяў і хто ў выніку стане кіраўніком ураду? Мяркуючы па ўсім, кіраўніком ураду застанецца спадар Яцанюк».

Што тычыцца ўплыву вынікаў гэтых выбараў на сытуацыю ў Данбасе, то, паводле Калачова, адказаць на гэтае пытаньне сёньня ня проста.

З аднаго боку, відавочна, што вялікую падтрымку на выбарах атрымалі сілы, якія займаюць жорсткую пазыцыю ў адносінах да сэпаратыстаў і пытаньня вайны. Зь іншага боку, кіраўнікі «ЛНР» і «ДНР» займаюць непрымірымую пазыцыю і зьбіраюцца пашыраць тэрыторыю сваіх «рэспублік». Што пры гэтым будзе рабіць Масква — не зразумела.

Але што тычыцца настрояў людзей у тых частках Данецкай і Луганскай абласьцей, дзе выбары ў Раду ўдалося правесьці, то вынікі галасаваньня сьведчаць пра тое, што ніякай агульнай падтрымкі незалежнай «Наваросіі» там няма.

«У тых раёнах Луганскай і Данецкай абласьцей, якія кантралююцца ўкраінскімі сілавікамі, была ня самая высокая яўка, але ў раёне 30% яўка была. Можа, першае месца там заняў і „Апазыцыйны блёк“, але там нядрэнны вынік паказаў і блёк Парашэнкі. Таму казаць, што ёсьць адзінства думак сярод жыхароў Данецкай і Луганскай абласьцей у адносінах да „ДНР“ і „ЛНР“ не даводзіцца. Гэтыя выбары ў Данецкай і Луганскай абласьцях паказалі, што нават ва ўмовах, калі людзі проста маглі б баяцца ісьці галасаваць, людзі ўсё ж такі пайшлі галасаваць, і іхнія думкі зусім розныя», — кажа палітоляг.

XS
SM
MD
LG